Знакаміты французскі ўрач Цісо ў свой час сказаў: «Фізічныя практыкаванні могуць замяніць мноства лекаў, але ні адны лекі ў свеце не заменяць фізічных практыкаванняў». І мы ўсе з поўнай упэўненасцю кажам пра тое, што фізічная культура — гэта здароўе, рух — гэта жыццё, а здаровае жыццё — гэта шчасце.
Удзельнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва не толькі наведваюць фізкультурныя гурткі, але і прымаюць актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах.
Нядаўна ў Брэсце адбыўся злёт аматараў скандынаўскай хадзьбы, прымеркаваны да Года міру і стварэння. Каманду нашага аддзялення прадстаўлялі Таццяна Уладзіміраўна Ханцэвіч, Алена Міхайлаўна Шалёнкіна, Вольга Васільеўна Шабалоўская, Вольга Аляксандраўна Клімовіч, Валянціна Іванаўна Мажэйка, Галіна Рыгораўна Локцева і Тамара Віктараўна Гічава. Увогуле, у мерапрыемстве прымалі ўдзел 12 каманд вобласці. Кожная з іх прадставіла сваю візітную картку, і выступленне пружанцаў было прызнана адным з лепшых, а В.А.Клімовіч адзначана дыпломам у намінацыі «Узрост спорту не перашкода».
Мы прайшлі скандынаўскай хадзьбой да помніка «Ахоўнікам граніц», дзе ўсклалі кветкі, а наогул атрымалі зарад бадзёрасці і энергіі. Запрашаем усіх аматараў скандынаўскай хадзьбы ва ўзросце 60+ наведваць наша аддзяленне і весці актыўны лад жыцця.
Алена Астапчык, кіраўнік фізкультурных гурткоў