Воскресенье, 8 декабря 2024

Дыплом конкурсу «Чэмпіён смаку» прывёз Пружанскі малочны камбінат з міжнароднай выставы «Белагра-2023»

457

Міжнародная выстава «Белагра-2023» прайшла ў выставачным цэнтры кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі Камень».

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка каля стэнда канцэрна «Брэстмясамалпрам».

На плошчах гэтага маштабнага комплексу на працягу пяці дзён работы выставы можна было пазнаёміцца з вялікай колькасцю навінак розных арганізацый і прадпрыемстваў-вытворцаў з 10 краін свету.

На тэматычных стэндах былі прадстаўлены тавары са сфер раслінаводства, жывёлагалоўлі і птушкаводства, дэманстраваліся сучасныя тэхналогіі перапрацоўкі, упакоўкі і захоўвання прадукцыі. Але, бадай, самае прыемнае, што прапаноўвалі наведвальнікам, — шматлікія дэгустацыі прадуктаў харчавання.

Прадукцыю Пружанскага малочнага камбіната на «Белагра-2023» прадстаўлялі галоўны тэхнолаг Таццяна Шопік і вядучы спецыяліст па маркетынгу Іна Іванова.

Праводзіла такую і ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Убачыць прадстаўнікоў нашага прадпрыемства можна было каля стэнда канцэрна «Брэстмясамалпрам». Традыцыйна здзіўлялі элітнымі найменнямі сыроў, а яшчэ прапаноўвалі ўсім жадаючым пакаштаваць сырны суп, які шэф-повар гатаваў з выкарыстаннем пружанскіх плаўленых і цвёрдых сыроў. Убачыць, як гэта было, можна на старонцы камбіната @prjmilk_ y Instagram.

У рамках выставы «Белагра-2023» і Беларускага аграпрамысловага тыдня праводзіўся народны конкурс-дэгустацыя «Чэмпіён смаку-2023». Якасць і смак прадуктаў харчавання, якія вырабляюць прадпрыемствы-ўдзельнікі, ацэньвалі незалежныя эксперты.

Узнагарода конкурсу «Чэмпіён смаку».

Па выніках конкурсу ААТ «Пружанскі малочны камбінат» адзначаны дыпломам І ступені ў намінацыі «Cыры з напаўняльнікам» за сыр «VAN GOLD MOLITER» з соусам тартуфата.

Трэба сказаць, што ўваход на «Белагра» па традыцыі быў свабодным. Наведала сёлетнюю выставу і група спецыялістаў ААТ «Жураўлінае».

Уладзіслаў Шпарла