
Як зазначае Генадзь Хоміч, ён і не думаў станавіцца пачынальнікам сямейнай дынастыі пажарных, калі ў 1990 годзе прыйшоў на службу на Сухопальскі пажарны аварыйна-выратавальны пост. Ён стаў вадзіцелем спецаўтамабіля, за рулём якога і адпрацаваў амаль 30 гадоў.
— Сын Аляксандр з маленства цягнуўся да маёй прафесіі, яго прыцягвала ўсё, пачынаючы ад формы і заканчваючы пажарнымі прыладамі, — успамінае Генадзь Мікалаевіч той паваротны момант.
— Аднойчы, калі яму споўнілася 5 гадоў, я сфатаграфаваў яго каля спецаўтамабіля.
А праз пэўны час Аляксандр, як і некалі яго бацька, таксама апрануў форму выратавальніка і пайшоў служыць… вадзіцелем спецаўтамабіля на Сухопальскі пажарны пост. Стаж сына зараз дасягнуў 3 гадоў, і, як ён мяркуе, будзе служыць яшчэ доўга. Больш таго, у гэтым пераконвае і тата, які заўсёды дзеліцца вопытам, падказвае ў складаных сітуацыях, а таксама падтрымлівае свайго нашчадка ў выбранай прафесіі.
А яшчэ дзядуля Гена нядаўна сфатаграфаваўся ўжо з унукам Іванам на фоне таго ж спецаўтамабіля. Малому споўнілася 5 гадоў, і, магчыма, у дарослым жыцці таксама зробіць дынастычны выбар, працягнуўшы сямейную традыцыю з фотаздымкамі наступнага пакалення выратавальнікаў Хомічаў.