Суббота, 13 апреля 2024

Дынастыю педагогаў з Пружанскага раёна ўшаноўвалі на святочным мерапрыемстве ў Брэсце

713

На мінулым тыдні ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці адбылося сапраўднае свята для педагогаў рэгіёна. Дакладней, для прадстаўнікоў педагагічных дынастый, якія выхоўвалі і навучалі ў агульнай складанасці не адзін дзясятак і нават не адну сотню гадоў.

Напрыклад, агульны педагагічны стаж дынастыі Вышынскіх з Кобрынскага раёна, прадстаўнікі якой падымаліся на сцэну, як аказалася, складае ажно 658 гадоў!

Але нямала прадаўжальнікаў справы сваіх дзядоў і бацькоў-педагогаў і на Пружаншчыне. Адна з такіх — дынастыя Шурко — Пілюцік — Саўчук — Марчук. На сёння яна налічвае чатыры пакаленні, а агульны педстаж усіх яе прадстаўнікоў — 164 гады. Пачынальнік — Андрэй Усцінавіч Шурко, які ў 1926 годзе закончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, пасля працаваў у Пружанскай і Роўбіцкай школах, у даваенны час таксама быў дырэктарам школы на Бярозаўшчыне. Прадстаўніца чацвёртага пакалення — Аксана Мікалаеўна Марчук — сёння з’яўляецца дырэктарам сацыяльна-педага-гічнага цэнтра Пружанскага раёна.

Імёны іх, а таксама прадстаўнікоў дынастыі Святланы Саўчук (Пілюцік), Сяргея Казаранкі і Таццяны Казаранка (Шурко), якія маюць 47, 38 і 42 гады педагагічнага стажу адпаведна, размешчаны на старонках унікальнага энцыклапедычнага выдання «Імя табе — Настаўнік. Педагагічныя дынастыі Беларусі». Яно і было ўручана педагогам старшынёй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццянай Якубовіч. Кніга — праект, які аб’яднаў імёны і кароткія біяграфіі прадстаўнікоў педдынастый, — пабачыла свет па ініцыятыве Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі пры ўдзеле Міністэрства адукацыі Беларусі.

Як расказалі рэдакцыі ў абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, усяго на сцэну абласнога ЦМТ, акрамя педагогаў з Пружаншчыны, падняліся прадстаўнікі яшчэ 17 дынастый. Праект прымеркавалі да 100-годдзя галіновага прафсаюза. Спачатку планавалі зрабіць кнігу пра ўсе дынастыі педагогаў краіны, аднак, як высветлілася, усяго іх каля 700, таму вырашылі ўключыць у энцыклапедыю толькі тыя, якія маюць чатыры і больш пакаленняў. Такім чынам, у кнізе — імёны прадстаўнікоў 129 дынастый. Але праект, як запэўнілі ў прафсаюзе, будзе працягнуты.

На мерапрыемстве таксама прысутнічалі іншыя прадстаўнікі Пружанскага раёна. У прыватнасці, начальнік аддзела па адукацыі Ірына Казарэз, а таксама старшыня Пружанскага раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў адукацыі і навукі Іван Сачэўка.
Прыемна, што і на Пружаншчыне жывуць людзі, якія аддаюць жыццё такой важнай справе — навучанню і выхаванню чалавека і патрыёта.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Ільі Агрэніча