Воскресенье, 8 декабря 2024

Дык ці холадна ў Лыскаўскай амбулаторыі? Наш галоўны рэдактар і галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ праверылі асабіста

463

У рэдакцыю пазваніў жыхар аграгарадка Лыскава са скаргай, што ў мясцовай амбулаторыі агульнай практыкі вельмі холадна. Імя сваё ён не назваў, але прасіў дапамагчы вырашыць праблему.

Мы звязаліся з галоўным урачом установы аховы здароўя «Пружанская цэнтральная раённая бальніца» Юрыем Юзько і папрасілі пракаменціраваць гэтую скаргу. Юрый Віктаравіч прапанаваў пабываць на месцы і дэталёва ва ўсім разабрацца.

Калі мы прыехалі да старога будынка Лыскаўскай амбулаторыі агульнай практыкі, там якраз ішла ўстаноўка абагравальнікаў вады. Адразу за ўваходнымі дзвярыма ля сценкі прымацавана батарэя ацяплення. Прызнацца, дакрануцца да яе было магчыма, але толькі на некалькі секунд, бо вельмі была гарачая. Такім чынам мы правяралі батарэі па ўсёй амбулаторыі, нават у тым баку, дзе рамонт не праводзілі і дзе знаходзяцца так званыя бытавыя памяшканні.

На тэрмометрах што ў працэдурным, што ў іншых кабінетах паказвала тэмпературу амаль 19 градусаў. Для такога старога памяшкання, якое было пабудавана для каталіцкага манастыра ў ХVIII стагоддзі, з скляпеністымі вялізнымі столямі, таўшчэзнымі паўмятровымі сценамі, гэта была неблагая тэмпература. Пакуль мы рабілі агляд кабінетаў, паветра прагрэлася да 20 градусаў. Самым цёплым, як мне падалося, быў назіральны кабінет для жанчын.

Загадчыца амбулаторыі Соф’я Куніца разам з галоўным урачом Пружанскай ЦРБ Юрыем Юзько.

Як расказала загадчыца амбулаторыі Соф’я Куніца, тэмпературны рэжым тут заўсёды выконваецца. Ёсць наведвальнікі, асабліва старэйшага ўзросту, якім заўсёды халодна. «Раней, да рамонту, мы ледзь не ў кажухах хадзілі», — працягвае Соф’я Уладзіміраўна. — Зараз бачыце — у халатах».

Юрый Юзько расказаў, што для захавання цяпла ўсталявалі падвоеныя ўваходныя і аварыйныя дзверы, памянялі вокны, зараз устанаўліваюцца абагравальнікі вады.

Ведаеце, мне амбулаторыя спадабалася, як і яе супрацоўнікі, якія працуюць для людзей.

Віктар Ільюшчанка

Фота аўтара