Падняць шуміху — гэта адно, а разабрацца ў пытанні — зусім іншае.
Справа ў тым, што нядаўна ў сацыяльнай сетцы пайшло гуляць відэа з нібыта аварыйным станам магазіна ў аграгарадку Роўбіцк па вуліцы Савецкай. Назва магазіна «Журавінка».
На відэа блогера, ці як ён сябе лічыць, сапраўды, пад дахам на фасадзе відна расколіна ў цаглянай кладцы пад адбітай тынкоўкай. Шырыня самой дзіркі ў пальцы два. Сам аператар даволі часта вымаўляе фразу: «Проста няма слоў…». І на гэтым усё. Разабрацца ў праблеме, дапамагчы, яе вырашыць, відаць, моцы не хапіла.
Каб высветліць, ці на самай справе праблема такая вялікая і яе ніхто, акрамя блогера, не заўважае, мы звярнуліся да старшыні Пружанскага райспажыўтаварыства Дзмітрыя Карпея. Вось якія тлумачэнні прадаставіў нам Дзмітрый Пятровіч:
— Што тычыцца расколіны — яна была выяўлена паўтара гады таму. Для таго, каб далей высветліць, павялічваецца яна ці не, мы выбілі частку тынкоўкі і ўстанавілі шэрыя бетонныя маячкі. Яны з’яўляюцца індыкатарамі, якія вызначаюць, расце трэшчына або не. Як на гэты дзень высветлілі эксперты, маячкі стаяць непарушна. Гэта значыць, што адтуліна не павялічваецца. Трэба яшчэ ў такім стане вытрымаць як мінімум месяцы чатыры і прымаць рашэнне аб рамонце аб’екта гандлю. Мы абследавалі ўвесь будынак магазіна. Магу аўтарытэтна заявіць, што ніякай пагрозы няма, аварыйнасць будынка не ўстаноўлена.
Так, у тым, што прыйшоў час заняцца нейкімі рамонтнымі работамі — адмосткі паправіць, крыльцо падрамантаваць, фасад пафарбаваць, — тут не паспрачаешся. Пасля экспертнай ацэнкі спадзяёмся, што ўсё будзе зроблена.
Магазін у Роўбіцку пад кантролем.
Віктар Ільюшчанка