Среда, 19 февраля 2025

Дык будзе святло!

558

Вяртаючыся з работы дадому, мы найперш пстрыкаем выключальнікам у прыхожай у доме ці кватэры уключаем святло. Потым гатуем ежу на электрычнай або газавай пліце (сучасныя мадэлі апошніх таксама патрабуюць падключэння да электрасілкавання). Уключаем пральную машынку, глядзім навіны па тэлевізары або пад святлом настольнай лямпы робім урокі, ставім мабільнік на зарадку… Наша паўнавартаснае жыццё немагчыма без электраэнергіі, нездарма цяперашнюю ступень развіцця чалавечай цывілізацыі называюць «эпохай электрычнасці». Сапраўды, без току ў правадах нельга думаць пра які-небудзь рух наперад.

Сёння кожная беларуская сям’я мае доступ да самых танных энергарэсурсаў. За такой магчымасцю стаіць праца тысяч людзей, якія абслугоўваюць складанае абсталяванне, цягнуць магістралі, сочаць за тым, каб кожны абанент быў стабільна забяспечаны электраэнергіяй. Вось толькі на ўсё гэта патрэбны грошы: на набыццё матэрыялаў і тэхнікі, а таксама на аплату працы энергетыкаў. Таму электраэнергія, хаця і самы танны, але не бясплатны рэсурс. Каб захаваць на яго справядлівую цану, патрэбны ўлік і кантроль.

У гэтых накірунках работы чалавечую працу ўсё больш выцясняюць высокія тэхналогіі. Хаця не ва ўсім, бо ёсць нямала сітуацый, з якімі не зможа разабрацца нежывая тэхніка. Таму ў кожным падраздзяленні айчыннай энергетыкі працуе служба кантралёраў. Ёсць яна і ў філіяле «Пружанскія электрасеткі».

Калі чытач падумае, што работнікі гэтай структуры займаюцца выяўленнем крадзяжоў ці іншых парушэнняў пры карыстанні электраэнергіяй, то ён… не памыліцца. Аднак гэта далёка не першая, і нават не дзясятая, задача спецыялістаў. Як расказвае кантралёр аддзела збыту энергіі Ірына Грышкевіч, падобныя факты ўсё-такі бываюць, хаця і вельмі рэдка. Справа ў тым, што цяперашняе ўліковае абсталяванне дазваляе сачыць за расходаваннем рэсурсаў нават на адлегласці. І карыстальніку трэба мець складаныя прыборы і адпаведныя здольнасці, каб «карэкціраваць» работу электронных лічыльнікаў. Аднак рукастыя ўмельцы сустракаюцца, і ім пры выяўленні выпадку крадзяжу электраэнергіі падрабязна «тлумачаць», што падобная «эканомія» зусім не на карысць. У прыватнасці, парушальніку давядзецца не толькі заплаціць штраф, але і кампенсаваць аб’ём незаконна спажытага. А калі яго сума перавышае 40 базавых велічынь, то такі ўчынак лічыцца яшчэ і адміністрацыйным правапарушэннем.

Але часцей за ўсё кантралёры займаюцца праверкай атрыманых дадзеных, фіксуюць цэласнасць прыбораў уліку і іх бездакорную працу. А яшчэ праводзяць тлумачальную работу сярод абанентаў. І, як мы пераканаліся ўвачавідкі, гэта адна з самых важных і запатрабаваных задач спецыялістаў службы.

Як расказвае Ірына Аляксандраўна, кантралёры праводзяць планавы падворны абход свайго ўчастка літаральна кожны дзень.

— Згодна з дзеючай інструкцыяй, кожнага абанента мы павінны наведаць не менш за два разы на год, — тлумачыць работнік. — І гэта ў тым выпадку, калі ўсе вызначаныя той жа інструкцыяй задачы былі рэалізаваны. А калі гаспадароў няма дома? А калі выяўлены недахопы? Ці, увогуле, дом аказваецца нежылы і трэба знайсці нашчадкаў? Вось і атрымліваецца, што па некаторых адрасах мы бываем тройчы і больш разоў за год.

Падчас чарговага абходу, у які мы напрасіліся разам з Ірынай Грышкевіч, неабходна было на вуліцах в. Плябанцы праверыць стан прыбораў уліку электраэнергіі, выявіць магчымыя парушэнні, удакладніць звесткі пра абанента, заключыць новую форму дагавора.

Вось першы дом і… дзверы на замку. Хутчэй за ўсё, хата выкарыстоўваецца пад дачу, а самі гаспадары жывуць «на паверхах», у горадзе: такіх у Плябанцах нямала.

Але ў дадзеным выпадку гэта не праблема. Дагэтуль спецыяліст ужо пабывала ўнутры дома і ведае, што гаспадары выконваюць правілы карыстання лічыльнікам і не спрабуюць «паправіць» яго работу. А вось дзякуючы сучаснаму аснашчэнню Ірына Грышкевіч, нават не пераступіўшы парог, атрымлівае неабходныя звесткі. З дапамогай службовага тэлефона і спецыяльнага модуля яна дыстанцыйна здымае паказанні, звярае іх з наяўнай статыстыкай, удакладняе своечасовасць унясення аплаты і адсутнасць запазычанасці. Словам, арганізацыя паклапацілася пра тое, каб яе прадстаўнікі мелі ўсё неабходнае для работы.

Між іншым, прадумана і абарона работнікаў у выніку канфліктных сітуацый. На форменным адзенні замацаваны відэарэгістратар, пра работу якога кантралёры паведамляюць абаненту, перш чым працягваць размову. У дадатак праз сістэму навігацыі на базе дакладна ведаюць канкрэтнае месцазнаходжанне свайго спецыяліста, каб пры неабходнасці аператыўна прыйсці на дапамогу. Напэўна, таму махляры не спрабуюць называцца «электрыкамі», бо вылічыць іх можна па простым тэлефонным званку ў філіял. А яшчэ кожнаму супрацоўніку выдаюцца электрашокер і газавы балончык: яны могуць спатрэбіцца, напрыклад, пры наведванні прыватных дамоў, дзе трымаюць неадэкватных сабак. Супраць людзей падобныя сродкі не выкарыстоўваюцца ні ў якім выпадку, хаця часам сустрэчы з абанентамі бываюць не самымі прыемнымі.

— Вось яшчэ адзін дом, на гэты раз адключаны ад сетак, — звяртае ўвагу спецыяліст. — У нашай рабоце здараецца і такое, калі абанент не плаціць за спажытае або не спяшаецца выправіць тэхнічныя парушэнні.

Энергетыкі прымяняюць у такіх выпадках некалькі спосабаў уздзеяння. Зразумела, спачатку папярэджваюць, у тым ліку і ў пісьмовай форме, і тут абсалютна беспадстаўным аказваецца аргумент «а я не ведаў». Потым перапыняюць пастаўку рэсурсаў па канкрэтным адрасе. І калі няма ніякай рэакцыі, урэшце, проста абразаюць правады. У апошнім выпадку аднавіць сілкаванне будзе даволі складана.

— А як вы паступаеце, калі гаспадары ўвесь час на рабоце і сустрэцца з вамі не могуць?

— Мы выкарыстоўваем любую магчымасць, нават прымяняем гібкі графік абходаў, каб трапіць у дом тады, калі там ёсць паўналетні гаспадар.

Дом за домам, адрас за адрасам мы абыходзім усе Плябанцы. Калі ў хатах застаём гаспадароў, спецыяліст праводзіць з імі размову, перазаключае дагавор. Падчас такіх сустрэч пераканаўся ў важнасці работы кантралёраў. Некаму Ірына Аляксандраўна патлумачыла парадак аплаты, іншым паведаміла пра запазычанасць і адказнасць за яе, высветліла, ці не змяніўся ўладальнік жылля або яго тэлефон, а магчыма, ён стаў карыстацца сацыяльнымі льготамі. І ўсюды спецыяліста сустракалі шчыра, а некаторыя нават дзякавалі за работу.

Вось што расказала Наталля Рудкевіч:

— Я свайго кантралёра ведаю ў твар, яна рэгулярна заходзіць, што зручна для нас, людзей пажылога ўзросту.

Звяртаюся да кантралёра па розных арганізацыйных пытаннях: наконт аплаты, тлумачэння паслуг. І спецыяліст усё дакладна расказвае, нават не трэба звяртацца ў саму службу: пасля такой сустрэчы ўсё зразумела і дадатковых удакладненняў не трэба.

Сяргей Зялевіч жыве ў Мінску, а ў вёсцы пражываюць яго састарэлыя бацькі.

— Часта бываць у вёсцы ў мяне не атрымліваецца, таму я з удзячнасцю стаўлюся ў тым ліку да работы кантралёраў энергетычнай службы, — кажа мужчына. — Разумею, што яны таксама сочаць за бяспекай людзей, адразу звяртаюць увагу, калі ёсць пагроза маёмасці або здароўю. Відавочна, што старым складана разабрацца ў рабоце абсталявання, заўважыць непаладкі. Заспакойвае, што ёсць людзі, якія могуць дапамагчы ў гэтым.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік