Среда, 21 февраля 2024

Двума аўтамабілямі хуткай медыцынскай дапамогі папоўнілася Пружанская ЦРБ

526

Чарговае папаўненне машыннага парку аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі на гэтым тыдні прымала УАЗ «Пружанскае ЦРБ»: адразу два новых аўтамабіля ў бліжэйшы час заступяць на дзяжурствы па ахове здароўя жыхароў раёна.

Як паведаміў галоўны урач Юрый Юзько, гэта была цэнтралізаваная пастаўка ў рамках сацыяльнага праекта, які рэалізуюць Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Мінскі аўтамабільны завод з мэтай вырабу і перадачы аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі раённым бальніцам.

Новыя аўтамабілі «ХМД» дэманструюць галоўны ўрач Юрый Юзько і загадчык аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Уладзіслаў Пекач.

— Хачу шчыра падзякаваць Міністэрству аховы здароўя РБ і Галоўнаму ўпраўленню па ахове здароўя аблвыканкама за такі своечасовы падарунак, які, прызнаюся, чакалі з нецярпеннем,— зазначыў Юрый Віктаравіч.— Цяпер у нас на лініі будуць працаваць пяць машын, чатыры з якіх — новыя.

Адзін аўтамабіль «ХМД» будзе працаваць у райцэнтры, а другі паедзе ў Шарашоўскую зону. З улікам таго, што нейкі час таму дзякуючы фундатарскай дапамозе ААТ «Ружаны-Агра» машынны парк Ружанскай бальніцы таксама папоўніўся новым аўто, цяпер кожны куток Пружаншчыны будзе ахоплены сучаснай медыцынскай лагістыкай. А ўвогуле, па словах галоўнага ўрача УАЗ «Пружанская ЦРБ», каб займець ужо «поўны камплект» установе патрэбны яшчэ адзін аўтамабіль.

Чым адрозніваецца новая «хуткая дапамога» на базе МАЗ? Гэта дынамічны аўтамабіль, з магутным рухавіком для язды па любым дарожным пакрыцці. Ён зможа ў любое надвор’е даехаць да пацыента, каб аказаць аператыўную медыцынскую дапамогу. Для чаго ў салоне ёсць патрэбнае аснашчэнне, дзякуючы чаму медыкі нават падчас руху могуць праводзіць першасныя дзеянні. Таксама прадугледжаны і павышаныя зручнасці для тых, каго трэба тэрмінова даставіць у бальніцу для аказання сур’ёзнай дапамогі. Словам, наяўнасць такога аўтамабіля на змене дасць магчымасць павялічыць шанец ратавання ў асабліва крытычных сітуацыях.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара.