Понедельник, 2 декабря 2024

Дворнікі «Камунальніка» выходзяць на работу яшчэ зацемна, каб пружанцы не атрымалі галалёдных траўмаў

677

Жанчына з пустым вядром — не да дабра, а з поўным — на шчасце. Узімку гэтая народная прымета набывае асаблівы сэнс: жанчына з вядром, поўным пяску, — да здароўя…

Традыцыйна зіма прыходзіць з поўным наборам сюрпрызаў у якасці снегу, марознага ветру, інею, шэрані, галалёдзіцы. Сёлетняя зіма не стала мяняць правілы. Таму сёння, каб пазбегнуць траўматызму, на расчыстку горада кінуты так званы жаночы «батальён» участка «Добраўпарадкаванне» камунальніка ў колькасці чатырнаццаці чалавек. Сем з іх займаюцца падсыпкай важных і небяспечных участкаў дваровых тэрыторый, асабліва перад пад’ездамі. А сем адказваюць за зручнасць перамяшчэння на вуліцах і тратуарных дарожках.

— З улікам квадратуры за кожнай маёй падначаленай, — кажа начальнік участка Сяргей Грыбоўскі, — замацавана вялікая тэрыторыя. Напрыклад, за прыбальнічны раён (вуліцы Будаўнічая, Інтэрнацыянальная, Заводская, Вашкевіча) адказвае толькі адзін дворнік. Фронт работы неабдымны. Прайсці вуліцы па перыметры нават з пустымі рукамі нялёгка, а нашым жанчынам яшчэ трэба цягаць шматкілаграмовыя вёдры.

Дарэчы, зімой працоўны дзень у гарадскіх дворнікаў пачынаецца не ў 8.00, як у большасці гараджан, а ў тры-чатыры гадзіны раніцы па званку дзяжурнага дыспетчара.

Дворнік Галіна Гардзяюк.

Прачынаецца рана і дворнік Галіна Гардзяюк. Жанчына адказвае за вуліцы Кобрынскую, Піянерскую, Урбановіча і Савецкую, дзе, да слова, і вяла падсыпку ў той момант, калі яе сфатаграфавалі нашы журналісты.

— Вось так пакідаеш сям’ю і ідзеш па горадзе з вядром, напоўненым пяском, каб пружанцы маглі бяспечна, без траўмаў дабрацца да працы. Усім лёгкай дарогі!

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік