Вы можаце сабе ўявіць вучняў, якія не хочуць пасля ўрокаў ісці са
школы дадому? Не? А мне і ўяўляць не трэба, таму што нядаўна ў Роўбіцкім ВПК я пазнаёмілася з такімі ўнікальнымі дзецьмі. Двайняткі Анастасія і Арцём Шчэрбы, вучні 2-га класа, трымаюць настаўнікаў у рэдкім педагагічным тонусе.
— Так, з гэтымі дзецьмі не засумуеш і адназначна не расслабішся, — смяецца настаўніца пачатковых класаў Таццяна Міхайлаўна Папко. — Кожны дзень нам кажуць: «Мы не хочам ісці са школы, мы хочам займацца, а вы абавязаны з намі заставацца!» І гэта чуеш ад дзяцей, паспяховасці і актыўнасці якіх можна толькі пазайздросціць. І прыгожа танцуюць, і выдатна спяваюць, і вершы чытаюць!
Без удзелу двайнятак Шчэрбаў не абыходзіцца сёння ні адно школьнае мерапрыемства, ні адзін конкурс. Пры гэтым — вы не паверыце! — яны просяць у педагога-арганізатара даць ім як мага больш слоў і вершаў, самі падкідваюць ідэі, а акрамя таго, што з настаўнікам рэпеціруюць, дык яшчэ і самастойна паўтараюць свае нумары.
Дзіўна, калі яны ўсё паспяваюць? Больш за тое, удзельнічаюць у шматлікіх конкурсах і перамагаюць. Дарэчы, у гэтым годзе Насця з Арцёмам занялі 1-е месца ў абласным епархіяльным конкурсе «Прыгажосць Божага свету» і 2-е месца ў раённым конкурсе «Выратавальнікі вачыма дзяцей». Безумоўна, вялікая заслуга тут Насці, якая малюе фантастычна прыгожа, як сапраўдны мастак.
У цэлым, як прызналася дзяўчынка, яна любіць адлюстроўваць у сваіх малюнках прыгожыя чалавечыя ўчынкі. Насця марыць стаць мастаком ці… выратавальнікам, паколькі любіць усіх людзей і жадае ўсім толькі дабрабыту.
Не адстае ад сястры ў сваім творчым палёце і дабрыні душы Арцём, які марыць стаць будаўніком. І яго мара, як запэўнівае класны кіраўнік, абавязкова здзейніцца. Пра гэта кажуць і залатыя ручкі хлопчыка: у свае восем гадоў ён, як сапраўд-ны майстар, умее пілаваць, габляваць і нават класці ламінат. Працавіты хлопчык у вольны ад вучобы час па меры сваіх сіл дапамагае тату добраўпарад-коўваць і без таго прыгожы дом.
— У ім жыве наша дружная сям’я: мама, тата, Насця і я. А была б у мяне магчымасць (шмат цэглы і раствору), я пабудаваў бы яшчэ велізарны дом для ўсіх людзей, якія не маюць сёння ўласнага даху над галавой. Велізарны такі «мурашнік шчасця», каб усе ў ім жылі дружна, нават вулічныя коцікі і сабачкі. Каб кінутыя бацькамі дзеці даглядалі адзінокіх старых лю-дзей, а тыя дзяліліся сваёй любоўю з малымі. Каб хапіла месца ўсім і каб ніколі там не было зла, — дзеліцца на развітанне сваёй марай Арцём Шчэрба. І я раптам разумею, што зайздрошчу яго сябрам: з такім добрым таварышам не прападзеш у нашым не вельмі ўтульным свеце.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.