Да знаёмства з творчасцю Жаны Верхавец, прызнаюся, аб існаванні пластылінавага жывапісу нават не падазравала. Больш таго, было складана ўявіць сабе такі спосаб малявання. Фактурныя карціны, створаныя жыхаркай Ружан, прыемна ўражваюць: яны не менш прывабныя і маляўнічыя, чым тыя, што выконваюцца ў традыцыйных тэхніках.
А пачалося ўсё каля 25 гадоў таму. Жана Мікалаеўна расказвае:
— Увагу прыцягнуў падарунак для бабулі — паштоўка, зробленая маленькай сваячкай: на лісце са школьнага сшытка дзіця «наляпала» пластылінавае дрэўца. Тады я падумала: «Ой, як арыгінальна!» І вырашыла такім жа спосабам зрабіць некалькі карцінак — ілюстрацыі да кніжак, якія чытала сваім дочкам.
Варта адзначыць, творчыя задаткі, якія ўласцівы ў дзяцінстве кожнаму, у Жаны Верхавец пераважалі. Яна заўсёды імкнулася маляваць. Праўда, звязаць сваё жыццё з мастацтвам не рызыкнула: параўноўваючы свае малюнкі з работамі школьнай сяброўкі, вельмі самакрытычна ацэньвала тое, як адлюстроўвала прадметы ці прыроду на паперы. Таму пасля заканчэння школы выбрала не мастацкую спецыяльнасць у Брэсцкай установе, а музычную адукацыю ў Пінскім педвучылішчы. Невядома, як сёння склаўся б лёс гэтай жанчыны, зрабі яна іншы выбар, але ж і педагагічнага таленту, як аказалася, ёй не пазычаць. Жана Мікалаеўна шмат гадоў працавала музычным кіраўніком у Ружанскім дзіцячым садку, цяпер — загадвае клубам у санаторыі «Ружанскі».
Усё сваё свядомае жыццё Ж.М.Верхавец старалася ўдзяляць хоць трошкі часу свайму захапленню маляваннем.
— Калі працавала ў дзіцячым садку, афармляла да ранішнікаў залу, сама малявала дыдактычны матэрыял (гэта цяпер усё можна купіць ці скачаць з інтэрнэту) для заняткаў з малышамі. Пазней мяне нават запрасілі аформіць па матывах казак памяшканне мясцовай дзіцячай бібліятэкі.
І заўсёды знаходзіла час, каб узяць у рукі пластылін. Жана Мікалаеўна «намалявала» ўжо каля сотні пластылінавых карцін. Ілюстрацыі да казак, якія так падабаліся дочкам, з часам адышлі на другі план, а на змену прыйшлі нацюрморты, пейзажы, прырода, кветкі і шматлікія коцікі.
— Маляванне пластылінам аб’ядноўвае ў сабе жанры аб’ёмнага выяўлення і плоскі жывапіс, — расказвае пра нюансы свайго хобі мастачка. — Я раблю плоскасныя, барэльефныя і выпуклыя карціны. Для гэтага выкарыстоўваю розныя прыёмы: і аплікацыі, і лепку асобнымі кавалачкамі, і пластылінавы мазок, і ўліванне колеру ў колер. У якасці палатна выкарыстоўваюцца плёнка, кардон і шкло, а пэндзлем пры такім «маляванні» з’яўляюцца пальцы, падручным інструментам — стэкі.
Адзіны мінус гэтага віду жывапісу — нядоўгавечнасць работ: пластылінавую карціну лёгка сапсаваць. Па гэтай прычыне не ўсе работы захаваліся. Сёння, каб падоўжыць жыццё сваіх твораў, мастачка пакрывае іх лакам.
Жыхары Ружан ужо неаднойчы маглі бачыць работы таленавітай зямлячкі падчас пасялковых выстаў. Яна ўдзельнічала ў прафсаюзным конкурсе «Новыя імёны Беларусі», падрыхтоўка да якога стала, бадай, самым плённым перыядам. Заўсёды людзі выказваюць непадробнае здзіўленне, што пластылінам можна маляваць. Такія эмоцыі панавалі і ў наведвальнікаў персанальных выстаў, якіх у Жаны Верхавец за апошні год было арганізавана дзве — у маі ў сталічным Парку высокіх тэхналогій падчас міжнароднага маладзёжнага інавацыйнага форуму «Навука і бізнэс», а цяпер — у музеі «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў». У любы час убачыць работы Жаны Верхавец можна ў фотаальбомах на яе старонках у сацыяльных сетках, а таксама на форуме для творчых людзей «Краіна Майстроў».
— Галоўным крытыкам маіх карцін застаецца мама, — прызнаецца мастачка. — Шчыра кажучы, не ўсё падабаецца ёй. Больш таго, яна часта выказвае здзіўленне: «Навошта гэта табе?» Па-першае, творчасць для мяне — гэта спосаб расслабіцца і набрацца новых сіл. Акрамя таго, такім чынам я магу падарыць часцінку сваёй душы ўсім, хто разглядае мае карціны, падзяліцца маленькім сонейкам, якое жыве ў кожным з нас.
Даведка “РБ”:
Маляванне пластылінам (пластылінаграфія) стала папулярным параўнальна нядаўна, ён падабаецца і дзецям, і дарослым. Адным са знакамітых прыхільнікаў гэтага віду мастацтва можна назваць англічаніна Джэймса Мэя (нашы людзі ведаюць яго ў якасці аднаго з вядучых перадачы Top Gear), які стварыў на кветкавай выставе ў Чэлсі сад з пластыліну. На работу пайшло 2,5 тоны гэтага матэрыялу.
Марына Вакульская.