Вторник, 21 января 2025

Две истории с приставкой «метео»

623

Яшчэ ў школьныя гады, вывучаючы на ўроках геаграфіі тэмы надвор’я і клімату, звярнуў увагу на цікавую і незвычайную прафесію метэаролага. Памятаю, што назіранні за надвор’ем настолькі захапілі мяне, што пэўны час нават хацелася звязаць з імі свой лёс. Аднак гэта засталося толькі ў марах. А вось для людзей, пра якіх сёння раскажу, надвор’е – не проста слова. Гэта іх жыццё. Прапаную вам дзве гісторыі пра тых, без чыёй працы складанне прагнозу надвор’я было б проста немагчымым.
Гісторыя першая.
Улюбёная ў аблокі


З ранняга дзяцінства Лія Іванаўна Стасевіч (блізкія і сябры звычайна называюць яе Ліліяй) вельмі любіла назіраць за небам. Асабліва тады, калі па ім плылі аблокі самай незвычайнай формы і розных памераў. Мара пра аблокі і неба не адпускала. Можа, менавіта яна і прывяла Лію Іванаўну на метэастанцыю “Пружаны” ў 1950 годзе, адразу пасля заканчэння школы. Дзяўчына думала паступаць у мед-інстытут, але… “Прыйшла на станцыю. Гляджу: тэрмометраў — мноства! Тое, што трэба”, — усміхаецца яна цяпер.

Спачатку яна была назіральнікам, вучылася ў старэйшых калег. Потым паступіла ў Маскоўскі метэаралагічны тэхнікум, які скончыла завочна. Уласна, на вачах Ліі Іванаўны і стваралася гісторыя пружанскай метэастанцыі, якая з’явілася ў нашым горадзе ў кастрычніку 1944 г., амаль адразу пасля вызвалення райцэнтра ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У той час база назірання мясцовых метэаролагаў знаходзілася непадалёк ад цяперашняга завода радыёдэталей. На яго месцы, па суседстве са станцыяй, знаходзіўся толькі стадыён, і гэта была ўскраіна горада.

Першым начальнікам станцыі быў П. Ф. Казадаеў. Лія Іванаўна і сёння гаворыць пра Пракопа Фаміча як пра сапраўднага бацьку: яго слова было важкім, яго паважалі і шанавалі. “У мяне было дзве сям’і, — дзеліцца Лія Іванаўна, — свая і сям’я метэаролагаў”.

І сапраўды, усе цяжкасці яны пераадольвалі разам. На прыклад, зімой хадзілі на снегаздымкі. “Гурбы ў той час намятала роўныя з плотам, таму на даследаванні снежнага покрыва адпраўляліся на лыжах”, — расказвае Лія Іванаўна. Першыя ж назіранні былі пераважна візуальнымі. Вядома, станцыя мела спецыяльныя прыборы, але многае залежала ад чалавечага фактара. Пад тым жа флюгерам і ў невыносную спякоту, і ў лютаўскую сцюжу неабходна было стаяць строга 4 мінуты: дзве сачыць за хуткасцю ветру і яшчэ дзве — за напрамкам. У абавязкі метэаролага ўваходзілі збор і перадача штармавой інфармацыі. Да таго ж, вёўся пастаянны маніторынг узроўню радыяцыі. Метэаролагі былі ваеннаабавязанымі, на станцыі меліся процівагазы і ахоўныя касцюмы. Таксама вымяралі метэаролагі ўзровень воблачнасці. Каб вызначыць яго, у неба запускалі вадародныя шары. Менавіта гэты від назіранняў найбольш захапляў улюбёную ў аблокі Лію Іванаўну.
Аднак у любой сям’і бываюць цяжкасці. Ад хваробы памёр Пракоп Фаміч. Абласное метэа-ўпраўленне стала перад выбарам: на каго ўскласці абавязкі кіраўніка? Выбар паў на Лію Іванаўну Стасевіч.

Менавіта ў той час пачалася тэхнічная мадэрнізацыя станцыі. Метэастанцыя “Пружаны” была абрана эксперыментальнай пляцоўкай па ўкараненні новых прыбораў назірання за надвор’ем. Начальнік станцыі нават ездзіла на спецыяльныя курсы ў г. Обнінск. Давер кіраўніцтва станцыя поўнасцю апраўдала. У свой час яна лічылася лепшай не толькі ў Беларусі, але нават і ў СССР. Павільён метэастанцыі “Пружаны” нават размяшчаўся на знакамітай ВДНГ у Маскве.


У Ліі Іванаўны шмат узнагарод, сярод якіх і “Знак Пашаны”. Была занесена яна і на рэспуб-ліканскую Дошку гонару ў метэаралагічным упраўленні ў Мінску. “Я чалавек, у якога ўсё павінна быць ідэальна, працу вельмі любіла, але і пра сям’ю старалася не забываць”, — працягвае Лія Іванаўна. Змена метэаролага цягнулася 12 гадзін. Бывалі і начныя дзяжурствы, а калі змена выпадала на суботні дзень, то даволі часта гасцямі на станцыі былі муж і дзеці. Фёдар Андрэевіч, які працаваў слесарам, бачыў нават самыя дробныя тэхнічныя недахопы і адразу ж стараўся дапамагаць жонцы наладжваць прыборы. А вось сыны Анатоль і Ігар любілі бавіць час каля станцыі, дзе размяшчаўся прыгожы пладовы сад і радавала вока мноства кветак. Праз пэўны час супрацоўніцай станцыі стала і яе сястра Ала.

Горад забудоўваўся. На месцы, дзе раней знаходзілася станцыя, вырашана было пабудаваць жылыя дамы. Узнікла пытанне: куды перавесці метэаролагаў? Яго давялося таксама вырашаць Ліі Іванаўне. “Спачатку хацелі перанесці станцыю бліжэй да Дабучына, аднак вырашылі, што гэта нязручна — няма транспарту. Потым была спроба асталявацца каля шашы, што вядзе на Аранчыцы, але і там свае нюансы: шмат ліній электраперадачы, інтэнсіўны рух транспарту. Таму і было выбрана месца, на якім станцыя размяшчаецца і зараз”, — кажа Лія Іванаўна. У канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў метэаролагі перабраліся на новае месца, але на станцыі па вул. Р. Шырмы Лія Іванаўна ўжо не працавала: у 1986 годзе пайшла на заслужаны адпачынак, вырашыўшы, што назіраць за надвор’ем павінны маладыя спецыялісты.

А вось назіраць за аблокамі Лія Іванаўна любіць і цяпер, нягледзячы на тое, што сёлета ёй споўніцца 90 гадоў. “Ведаеце, я ж заўсёды хацела трапіць унутр воблака. І змагла гэта зрабіць! За добрую працу атрымала пуцёўку ў Сочы. Калі мы ляцелі на самалёце, якраз і трапілі ў воблака. Гэта нешта чароўнае і незвычайнае!”

Зараз за надвор’ем Лія Іванаўна сочыць з дапамогай тэлевізара, радыё і, канечне ж, раённай газеты. А яшчэ не губляе сувязь з тымі, хто назірае за ім, — цяперашнімі супрацоўнікамі метэастанцыі. У іх ліку — і Марына Мікалаеўна Несцяровіч, пляменніца Ліі Іванаўны і цяперашні начальнік станцыі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

Гісторыя другая.
«Дынастычны» выбар


Метэастанцыя “Пружаны”, дзе працавалі матуля і родная цётка, для маленькай Марыны была цэлым сусветам. Яна любіла праводзіць тут час, асабліва на канікулах. Вось тады можна было прыйсці з самага ранку і быць «на працы» да вечара. Незвычайныя прыборы, цудоўны сад, мноства духмяных кветак – усё гэта вабіла дзяўчынку. А асаблівую цікавасць выклікала работа аграметэаролага Л.М. Панюціч. Лідзія Мікалаеўна брала Марыну ў поле, дзе вяліся назіранні за ростам раслін, іх колькасцю, узроўнем вільгаці глебы і не толькі.

Марына бачыла аграметэаролагам і сябе. Але пасля заканчэння школы пайшла працаваць не на метэастанцыю, а на прадпрыемства, што «вырасла» побач — завод радыёдэталей. Праца дзяўчыне падабалася, яна нават скончыла адпаведны інстытут па спецыяльнасці, але кожны раз, калі праходзіла міма метэастанцыі, усплывалі дзіцячыя ўспаміны. І аднойчы Марына Мікалаеўна вырашыла кардынальна ўсё змяніць: вярнуцца на станцыю ў якасці супрацоўніка. Неабходныя веды яна набыла падчас вучобы ў Пружанскім саўгасе-тэхнікуме па спецыяльнасці “Аграном”. На гэтым аддзяленні вывучаліся і азы аграметэаралогіі. Асвоіцца дапамаглі калегі.

Сёння Марына Мікалаеўна Несцяровіч узначальвае метэастанцыю “Пружаны”, на якой працуе амаль 35 гадоў. “За гэты час змянілася многае, — дзеліцца жанчына. — Калі раней калектыў нашай станцыі налічваў шэсць чалавек, то зараз працуем утрох”. У начны час сочыць за зменамі тэхніка.

Прыкладна два гады таму на станцыі была ўсталявана новая аўтаматызаваная інфармацыйна-вымяральная сістэма беларускай вытворчасці. З яе дапамогай фіксуюцца хуткасць і накірунак ветру, атмасферны ціск, тэмпература паветра і паверхні глебы. Дапамагае аўтаматызаваная сістэма і днём, але ж без назіранняў метэаролага не абысціся: менавіта ён кантралюе дакладнасць дадзеных і робіць вымярэнні. Яны не моцна адрозніваюцца ад тых, што ў свой час рабіла Лія Іванаўна. Напрыклад, штодзень у 9 ранку метэаролагі назіраюць за ўзроўнем радыяцыі. Вядома ж, вымяраецца кіслотнасць дажджоў і ўзровень забруджанасці паветра. Марына Мікалаеўна запэўнівае, што гэтыя паказчыкі на тэрыторыі раёна адпавядаюць норме, а часам нават ніжэй за яе. А вось сярэднегадавая тэмпература стала прыкладна на 1 градус вышэй за норму.

За 14-гадзінную змену метэаролаг фіксуе дадзеныя пяць разоў. Усе метэастанцыі свету сёння працуюць па сусветным каардынаваным часе. Гэта значыць, што вымярэнні на іх робяцца адначасова. Не выключэнне — і пружанская станцыя. Звесткі аб стане надвор’я дапамагаюць складанню прагнозаў. “Але гэтым метэаролагі не займаюцца, — расказвае Марыя Мікалаеўна. — Мы толькі фіксуем стан надвор’я ў дадзены момант. Прагнозы разлічваюць сіноптыкі. Але ж без нашай дапамогі ім было б вельмі цяжка, таму метэаролагі — правая рука сіноптыкаў”.

А правая рука Марыны Мікалаеўны – яе калегі, выдатныя прафесіяналы і верныя сябры. Гэта тэхнік-метэаролаг Ірына Ахтафаўна Варыцкая і інжынер-аграметэаролаг Таццяна Аляксандраўна Шопік.

“Ёсць усё ж такі ў нашай рабоце нейкая рамантыка. Ды і станцыя знаходзіцца ў цудоўным месцы. Тут заўсёды чуваць птушыныя спевы. А яшчэ так прыемна сустракаць на станцыі світанак. Здаецца, што пасля з’яўляюцца новыя сілы і энергія”, — кажа Марына Мікалаеўна.
Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла.
Фота Сяргея Талашкевіча.