У Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці прайшла Зімовая акадэмія грамадскіх аб’яднанняў у рамках абласнога праекта «Бульвар юнацтва». Гонар прадставіць наш раён на гэтым мерапрыемстве выпаў гімназісткам Яне Малышкінай і Лізавеце Пекач. Арганізатарам акадэміі з’яўляецца аддзел па супрацоўніцтве з дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, Дзіцячы Фонд ААН (ЮНІСЕФ), РГА «БелАЮ» і камерцыйная ўстанова «Офіс прасоўвання ініцыятыў».

Сустрэча пачалася з ветлівага прыёму, падчас якога 65 самых яркіх прадстаўнікоў маладзёжных аб’яднанняў нашай вобласці пазнаёміліся з праграмай мерапрыемства. Заняткі праходзілі ў трох секцыях: «Стварэнне сацыяльна значных ініцыятыў», «Навыкі эфектыўных зносін», «Валанцёрства: ідэя, вопыт, магчымасці». Нашы дзяўчынкі займаліся ў першай секцыі. Трэнерам стаў Дзмітрый Віктаравіч Туронак, загадчык аддзела па працы з моладдзю сталічнай УА «Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі». Яна і Ліза з лёгкасцю ўліліся ў новы для іх калектыў, дзе адчувалі сябе ўпэўнена і свабодна сярод лідараў, бо самі валодаюць дастатковымі лідарскімі і камунікатыўнымі якасцямі.
Работа кіпела: каля кабінетаў, дзе праходзілі заняткі і трэнінгі, было шумна. Кожнаму з прадстаўнікоў самай актыўнай і ініцыятыўнай моладзі вобласці было што сказаць і прапанаваць! Каманды стваралі ўласныя ініцыятывы, распрацоўвалі план работы па праекце, абмяркоўвалі патэнцыяльныя магчымасці і цяжкасці.
У гэты час педагогі-суправаджальнікі абмяркоўвалі дзеючыя ініцыятывы і праекты дзяцей і моладзі сваіх раёнаў на сустрэчы
з кіраўнікамі клубаў ЮНІСЕФ. Нам і тут было чым падзяліцца, бо не толькі гімназісты, але і нашы актывісты, якія ўваходзяць у склад дзіцячага гарадскога парламента, валанцёрскі атрад «Добрае сэрца» СШ №5 і многія іншыя ўжо прасоўваюць шмат ініцыятыў і праектаў. Мы падзяліліся сваім вопытам і прынялі да ведама вопыт іншых раёнаў.

Пасля таго, як Яна і Ліза скончылі працу ў групах і атрымалі заданні «на дом», усе іншагароднія ўдзельнікі пераехалі для начлегу ў маладзёжны патрыятычны цэнтр, які знаходзіцца на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі начавалі ў пакоях, якія нагадваюць сапраўдныя казармы і маюць інтэр’ер ваенных гадоў. Гоман і песні пад гітару доўга не змаўкалі ў фае спальнага комплексу.
Немагчыма апісаць тую атмасферу, якая панавала ў апошнюю гадзіну сустрэчы: усе так з’ядналіся за гэтыя суткі, стварылі моцныя праекты, цікава абаранілі іх. Расставацца было нялёгка, і ўсе ўдзельнікі чакаюць наступнай сустрэчы.
Юлія Мікуцік, педагог-арганізатар гімназіі.