Суббота, 15 марта 2025

Два запісы ў працоўнай кніжцы

996

Сядзіба галоўнага інжынера ААТ «Мурава» Юрыя Міхайлавіча Лашкевіча знаходзіцца зусім побач з машынным дваром гаспадаркі. Адсюль добра праглядаецца тэхніка, якая знаходзіцца тут. Галоўны спецыяліст амаль штодзень накіроўваецца сюды: машынны двор амаль трыццаць гадоў таму стаў яго асноўным працоўным месцам.

loshkevich

З чаго пачыналася яго любоў да тэхнікі? Магчыма, з дзяцінства?

Але Юрый нарадзіўся зусім не ў вясковай сям’і, хаця і ў сельскай мясцовасці — у  Шарашове. Хоць быў адзіным дзіцём, бацькі-настаўнікі выхоўвалі яго строга, асаблівых вольнасцей не дазвалялі. Неўзабаве сям’я наогул пераехала ў Пружаны: бацька быў вылучаны на высокую пасаду ў райкаме партыі.

— У першы клас я пайшоў у Пружанскую СШ №3, для якой толькі-толькі  быў пабудаваны новы будынак на вуліцы Кастрычніцкай, — гаворыць Юрый Міхайлавіч. — Класы яшчэ пахлі свежымі фарбамі, блакітныя парты вабілі сваёй навізной… Мама таксама працавала тут, і нават потым у нашым класе выкладала біялогію, вяла заняткі на прышкольным участку. Магчыма, і гэта паўплывала на тое, што  я выбраў сельскагаспадарчую прафесію, пасля заканчэння васьмі класаў паступіў у  тагачасны Пружанскі саўгас-тэхнікум. Але вабіла і тэхніка, так што выбраў спецыяльнасць механіка.

Юрый Міхайлавіч прызнаецца, што яшчэ ў дзяцінстве марыў зрабіць буракаўборачны камбайн, каб аблегчыць ручную працу буракаводаў. Аб гэтым нават напісаў у сваім школьным сачыненні.

Сярэдняй спецыяльнай адукацыі паказалася недастаткова — і  шляхі-дарогі прывялі маладога чалавека ў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Пасля яго заканчэння сваю працоўную біяграфію Лашкевіч пачынаў у адной з гаспадарак Брэсцкага раёна, а праз чатыры гады вярнуўся на радзіму, у тагачасны калгас імя Калініна, дзе яму прапанавалі ўзначаліць інжынерную службу. Прывёз маладую жонку. Сям’я атрымала домік прысядзібнага тыпу, Ганна Канстанцінаўна пайшла працаваць у мясцовую школу. Амаль трыццаць гадоў праляцела, а ў працоўнай кніжцы Юрыя Міхайлавіча так і засталіся толькі два запісы аб прыёме на працу.

— Калі прыйшоў працаваць, збожжавыя ўбіралі камбайнамі «Ніва», — успамінае галоўны спецыяліст. — Гэта потым ужо з’явіліся «Доны», а цяпер на змену ім прыйшлі высокапрадукцыйныя камбайны вытворчасці ААТ «Гомсельмаш».

Гаспадарка Юрыя Міхайлавіча цяпер налічвае 38 трактараў, 22 грузавыя аўтамабілі і 7 збожжаўборачных камбайнаў.

— З кожным годам тэхніка паступае ўсё больш складаная. Каб дасканала яе ведаць, самому неабходна вучыцца пастаянна, — зазначае спецыяліст.

ААТ «Мурава» ў раённых зводках практычна па ўсіх паказчыках знаходзіцца ў верхніх радках і ў гэтым, безумоўна, вялікая заслуга інжынернай службы. Не дзіўна, што па выніках сёлетняй уборачнай кампаніі Ю.М.Лашкевіч стаў прызёрам абласнога спаборніцтва сярод інжынераў гаспадарак і атрымаў заслужаную ўзнагароду на свяце-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2016» у Драгічыне.

Але,  хоць і рэдка, выпадае вольны час. Юрый Міхайлавіч любіць паблукаць са стрэльбай па навакольных палях і лясах. І самае галоўнае тут не паляванне, а магчымасць адпачыць ад паўсядзённых клопатаў.

Нядаўна на падворку Юрыя Міхайлавіча з’явілася галубятня.

— Гэта  для ўнукаў. Спадзяюся, што яны працягнуць маю справу — земляроба, гаспадара.

Што ж, няхай так і будзе.

Мікола АРХУЦІК,

             Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *