Суббота, 18 января 2025

Два юбілеі — адна памяць пра народны боль. Расказваем пра двух знакамітых мастакоў Беларусі — Міхаіла Савіцкага і Уладзіміра Крываблоцкага

408

Сёння, 17 лютага, сваё 70-годдзе адзначае славуты ўраджэнец Пружаншчыны, член Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Крываблоцкі. А ў пятніцу, 18-га, уся культурная грамадскасць краіны ўшануе памяць Героя Беларусі, народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага, якому споўнілася б 100 гадоў.

Лёс нібы звязаў гэтых майстроў нябачнай ніццю. Абодва гучна заявілі пра сябе ў манументальным жанры. Абодва паставілі ў цэнтр сваёй творчасці вобраз трагічна-журботнай Маці-Радзімы, прасякнуты высокім сэнсам — праклёнам усіх войн і катастроф…

Лічбы на руцэ, «Лічбы на сэрцы»


Міхаіл Савіцкі нарадзіўся ў вёсцы Звянячы, што на Віцебшчыне. Юнацтва яго супала з гадамі Вялікай Айчыннай вайны. Ва ўзросце дваццаці гадоў удзельнічаў у баях за Севастопаль. Трапіў у палон, двойчы спрабаваў збегчы, але няўдала. Быў этапаваны ў Германію, дзе зведаў усе жахі канцлагераў у Дзюсельдорфе, Бухенвальдзе і Дахау, што, безумоўна, не магло не адбіцца на яго будучай творчасці.

Міхаіл Савіцкі.

Пасля вайны Савіцкі скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а потым Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава. Увесь час жыў і працаваў у Мінску. Быў кіраўніком дзяржаўнай установы культуры “Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры”, а таксама членам Міжнароднай славянскай акадэміі.

Савіцкі — першы, каго ўзнагародзілі ордэнам Францыска Скарыны, гэта адбылося ў 1997 годзе. А 1 сакавіка 2006 года “летапісцу ваеннай эпохі” было прысвоена званне “Герой Беларусі”.

“Ваенныя” творы складаюць, бадай, самую важкую частку яго мастацкай спадчыны. Сваім пэндзлем ён адлюстраваў на палотнах страшную праўду пра жорсткасць вайны, бязмежны боль, пакуты і смерць. Здабыткам беларускага жывапісу стала, у прыватнасці, серыя з шаснаццаці манументальных палотнаў “Лічбы на сэрцы”. Былы вязень Бухенвальда пад парадкавым нумарам “32815” увесь свой боль паказаў у карцінах…

Міхаіл Савіцкі пайшоў з жыцця ў 2010 годзе. Праз дзесяць гадоў яго імя было прысвоена адной з вуліц Мінска.

Быць самім сабою


Сярод тых, хто 18 лютага ўшануе памяць майстра, будзе і юбіляр Уладзімір Крываблоцкі. Нашаму земляку ёсць, што сказаць…

Крываблоцкі таксама прыхільнік высокага стылю і маштабнасці палатна. Ён — драматург патрыятычных паэм, які піша “насценныя п’есы”.

Уладзімір Крываблоцкі.

Нарадзіўся мастак у 1952 годзе ў вёсцы Хвалава Сухопальскага сельсавета. Па ўласным прызнанні, развіццю яго мастацкіх здольнасцей спрыялі маляўнічыя краявіды Белавежскай пушчы і творчая атмасфера ў сям’і (бацька, у мінулым вядомы на ўсю акругу пчаляр і бондар, да ўсяго ўдзельнічаў у пастаноўках народнага тэатра, сам пісаў п’есы і чытаў на памяць сачыненні іншых драматургаў).

Пасля чацвёртага класа Уладзімір паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве. Затым скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. У якасці дыпломнай працы зрабіў трыпціх “Хатынь”. Гэта былі вялізныя палотны вышынёй два з паловай метры.

У 1986 г. за роспіс “Дзеля жыцця на Зямлі” ў інтэр’еры Музея народнай славы ў пасёлку Ушачы Уладзімір Васільевіч быў узнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. Да гэтага ніхто з беларускіх мастакоў не выконваў роспісы такога вялікага памеру: яго плошча склала 320 квадратных метраў. Мастак стварыў сапраўдны гімн мужнасці, у якім выказаў сваё захапленне гераізмам савецкага народа. Для рэалізацыі задумы абраў пяць сюжэтаў: “Хлеб зямлі Ушаччыны”, “Барацьба за жыццё”, “Фашызм не пройдзе!”, “Вызваленне” і “Крах фашызму”.

Паказальна, што прэмію мастаку ўручаў не хто іншы, як Міхаіл Савіцкі. “Будзь, Валодзя, заўсёды самім сабою!” — сказаў тады славуты манументаліст маладому калегу. І той імкнуўся ў мастацтве і жыцці прытрымлівацца гэтай парады. Высокая адзнака Савіцкага натхніла Крываблоцкага на далейшую распрацоўку тэмы вайны.

Адметна, што Уладзімір Васільевіч працаваў таксама над эскізам вялікай мазаікі для трох будынкаў Брэсцкага электрамеханічнага завода, якая, напэўна, добра вядома і пружанцам. Гэты трыпціх пад агульнай тэмай “Зямля”, які вось ужо трыццаць гадоў прыцягвае ўвагу гасцей Брэста, прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.

Наш зямляк прымаў удзел у рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, у аддзелцы будынка Нацыянальнай бібліятэкі. Яго роспісы, а таксама вітражы, мазаікі ўпрыгожваюць будынкі многіх гарадоў Беларусі: Салігорска, Баранавічаў, Кобрына, Мсціслаўля. Дзве яго мазаічныя іконы размешчаны на фасадзе галоўнага храма Жыровіцкага праваслаўнага манастыра.

«Рэквіем» па Азарычах


Сёння творы Уладзіміра Крываблоцкага захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім музеі гісторыі і культуры, Магілёўскім абласным мастацкім, Віцебскім краязнаўчым музеях і іншых.

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца манументальны твор-паліптых мастака “Рэквіем”, за стварэнне якога Крываблоцкі атрымаў Дзяржаўную прэмію і памятны медаль “Непакораныя”: за падтрымку ахвяр нацызму і захаванне памяці аб вайне 1941-1945 гадоў. Уладзімір Васільевіч расказвае, што лёс невыпадкова зводзіў яго з людзьмі, якія дзецьмі трапілі ў канцлагер “Азарычы”. Сустрэчы, балючыя ўспаміны былых малалетніх вязняў так ускалыхнулі душу, што яна запатрабавала вынесці гэты боль на палатно.

Сімвалічна, што ў свой час “Рэквіем” Крываблоцкага вельмі ўразіў і нашу зямлячку, былога малалетняга вязня канцлагера “Азарычы” Соф’ю Сяргееўну Карпей, якая з пружанскай дэлегацыяй наведала музей:

— Я стаяла каля вялікага палатна Валодзі і не магла стрымаць слёз… Яго карціна нібы грознае папярэджанне чалавецтву пра тое, што не дай Бог нікому жыць у вайну. З юбілеем, майстар! Няхай табе шчасціць! Натхнення, здароўя, міру і дабра!


Памер паліптыха «Рэквіем» Уладзіміра Крываблоцкага — 33 квадратныя метры. У ім налічваюцца выявы 2,5 тысяч персанажаў — вязняў канцлагера «Азарычы». Цэнтральны персанаж — жанчына, якая з пажару выносіць на руках малую дзяўчынку…
Аднойчы падчас акцыі «Захаваем мір на Зямлі», якая праводзілася для вязняў фашызму ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, перад карцінай застыла жанчына з вялізным букетам гваздзікоў і сказала: «Я ведаю цяпер, што жыву не выпадкова. Я і ёсць тая самая дзяўчынка, якую выносяць з агню»…

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”