Воскресенье, 19 января 2025

Два пакаленні ў адзіным мірным памкненні злучыліся сёння падчас велапрабегаў у Пружанах

764

Кожная новая гадавіна вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — вялікае свята. Але гэты дзень адначасова прасякнуты пачуццямі смутку і глыбокай павагі. Павагі да жыхароў Пружаншчыны, якія ваявалі ці партызанілі, і смутку па сотнях і тысячах пакалечаных лёсаў, па тых, хто аддаў жыццё тады, каб мы жылі сёння.

Вось ужо трэці год мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня вызвалення горада, пачынаюцца з велапрабегу. Сёлета іх было адразу два.

Сёння з самага ранку каля праваслаўных гарадскіх могілак сабраліся людзі розных прафесій і ўзростаў. Прафсаюзны велапрабег сёлета быў, бадай, самым маштабным за ўвесь час яго правядзення. Назву «78: Моладзь за мір!» ён атрымаў таму, што столькі гадоў прайшло з часу, калі Пружаншчына пачала аднаўляць мірнае жыццё. Тыя падзеі прыгадаў у прывітальным слове начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік. Ён падкрэсліў, што Пружаншчыну вызвалялі не за адзін дзень. Упартыя баі 28-я армія 1-га Беларускага фронту вяла амаль на працягу тыдня. Усяго ж у раёне каля 120 памятных месцаў, 72 з іх — воінскія пахаванні.

Да брацкай магілы, якая і стала адпраўной кропкай двух маршрутаў, ляглі вянкі і кветкі. Адбылася мінута маўчання. Пасля ўдзельнікі патрыятычна-спартыўнага мерапрыемства адправіліся ў розныя куткі раёна.

Работнікі райвыканкама, сфер гандлю, прамысловасці, аховы здароўя, культуры, адукацыі, сельскай гаспадаркі, ЖКГ, прафсаюзныя лідары Пружаншчыны наведалі сем воінскіх пахаванняў. Спярша паехалі да помніка загінулым танкістам у Плябанцах. Далей на іх маршруце была брацкая магіла ў Купічах. Асабліва запомніўся ўсім прыпынак у Шарашэва: тут адбылася невялікая экскурсія па былым мястэчку. Падчас яе наведалі царкву і касцёл, пабывалі ў зале славы, створанай на базе сярэдняй школы. Затым паехалі ў Стараволю, спыніліся побач з брацкай магілай, убачылі месца, дзе нядаўна была закладзена капсула часу.

Завяршыўся велапрабег каля помніка загінулым у гады вайны землякам у Шанях. Работнікі мясцовай гаспадаркі таксама былі сярод удзельнікаў велапрабегу. Як падкрэсліла старшыня прафсаюзнай пярвічкі Алена Талакнянік, таварыства прымала ўдзел у мерапрыемстве ўпершыню. Нягледзячы на работу ў палях, занятасць на фермах, чатыры чалавекі з «Шані-аграпрадукт» сталі часткай мерапрыемства. Будаўнік Іван Варажбіцкі ўвогуле з’яўляецца велааматарам. Заўтра калектыў сельгасарганізацыі прыме ўдзел у святкаваннях у Пружанах. А сёння каля ўсіх помнікаў у населеных пунктах сельсавета ўшаноўвалі памяць загінулых.

«Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей, дазваляюць ім дакрануцца да гістарычнага мінулага, больш даведацца пра свой родны раён. Радуе, што сярод пружанцаў многа нераўнадушных людзей. Цешыць, што жыхары раёна ўсведамляюць значнасць падобных мерапрыемстваў. Вельмі спадзяюся, што з году ў год колькасць удзельнікаў велапрабегу будзе толькі расці», — адзначыла арганізатар, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук.

Маршрут другога велапрабегу — «Дарогамі памяці» — праходзіў праз Пружаны. Яго арганізавалі сумесна райвыканкам і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Асаблівасць якраз ва ўдзельніках. Імі сталі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання, прадстаўнікі савета ветэранаў і ветэраны фізічнай культуры — усяго каля 30 чалавек. Адна з іх — Алена Каральчук. Жанчына ўпершыню паўдзельнічала ў велапрабегу ў Брэсце ў 2019-м, падчас святкавання 1000-годдзя абласнога цэнтра. Тады праехала ад Вяслярнага канала да Брэсцкай крэпасці. Многія яе сяброўкі па аддзяленні таксама былі ўдзельніцамі таго мерапрыемства. Да пружанскага велапрабегу падрыхтаваліся як мае быць: кошыкі веласіпедаў упрыгожвалі цудоўныя букеты, якія пасля ляглі да помніка «Спаленым вёскам». Ён і стаў завяршэннем маршруту. Актыўныя і неабыякавыя да гісторыі раёна мужчыны і жанчыны, якія называюць сябе самымі юнымі бабулямі і дзядулямі, усклалі да манумента кветкі і ўшанавалі памяць мінутай маўчання.

Тое, што два велапрабегі аб’ядналі зусім розныя пакаленні людзей — вельмі сімвалічна. Беларусы ў цэлым, як і пружанцы ў прыватнасці, адзіныя ў захаванні памяці пра падзеі вайны. І гэтую памяць, несумненна, трэба аберагаць. Пад сілу гэта зрабіць толькі ўсім разам — як сталаму і паважанаму пакаленню, так і маладым людзям, у руках якіх будучыня краіны.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_285058013