Суббота, 12 октября 2024

Два дзесяцігоддзі сустракае вернікаў Спаса-Праабражэнскі храм на вуліцы Горка (+многа фота)

403

«Я календарь переверну — и снова третье сентября…» Радкі папулярнай песні ўзгадваюцца ўвесь гэты тыдзень. Менавіта трэцяга верасня ўрачыстае богаслужэнне прайшло ў пружанскім Спаса-Праабражэнскім храме з нагоды 20-годдзя яго ўзнаўлення. Свята падарыла самыя прыемныя пачуцці і эмоцыі.

Так-так, ужо два дзесяцігоддзі прайшло з таго часу, калі на вуліцы Горка на месцы старажытнага храма быў пабудаваны і асвечаны новы. Нагадаем, што першапачаткова царква, асвечаная ў імя Святога Духа, з’явілася каля гарадскіх могілак у 1570 годзе, згодна з загадам тагачаснай уладальніцы Пружан каралевы Ганны Ягелонкі. За больш чым 450 гадоў некалькі разоў драўляны храм знікаў і аднаўляўся. Апошняе аднаўленне і адбылося 20 гадоў таму. Дзякуючы намаганням вельмі многіх нераўнадушных людзей, храм, які дваццаць гадоў да гэтага літаральна ляжаў у руінах, паўстаў як фенікс з попелу. 17 жніўня 2003 года, напярэдадні свята Праабражэння Гасподняга, ён быў асвечаны Епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Іаанам.

І вось памяць вяртаецца ў тыя дні, нібы і не было мінулых гадоў. Зноў эмацыянальна і радасна хлебам-соллю сустракалі прыхаджане Уладыку Іаана, які правёў Боскую літургію ў саслужэнні благачыннага цэркваў Пружанскай акругі протаіерэя Міхаіла Носкі, настаяцеля Спаса-Праабражэнскага храма протаіерэя Ігара Мрыхіна, а таксама іерэяў Аляксандра Мамановіча і Георгія Буланькова.

Удзел у святочнай службе прыняў дыякан Іаан Шкулепа з Брэсцкага храма Сімяона-Стоўпніка, а пастаянны склад пеўчых, якімі кіруе рэгент Ірына Буланькова, папоўнілі педагогі Пружанскай школы мастацтваў імя Р.Р. Шырмы. Ды падпявалі ім, напэўна, усе, хто сабраўся ў храме. Сумесныя спевы ў славу Госпада ляцелі да нябёсаў. Маліліся і аб захаванні адзінства Праваслаўнай Царквы, і аб міры на суседняй Украіне. І, зразумела, у дні вялікага хрысціянскага свята Успення Прасвятой Багародзіцы ўзносілася малітва аб умацаванні сем’яў, блаславенні шлюбных адносінаў.

У прыходскім храме ў гэты дзень яблыку няма дзе было ўпасці. Пасля хрэснага хода і акраплення вернікаў святой вадой, Правялебны Іаан падзякаваў тым, хто справай, словам і думкамі імкнецца да ўмацавання Праваслаўнай Царквы, удзельнічае ў духоўным і маральным выхаванні людзей рознага ўзросту, займаецца дабрачыннай дзейнасцю. Многія прыхаджане атрымалі Юбілейныя граматы да 1030-годдзя Праваслаўя ў Беларусі, а таксама Падзякі за старанную працу ў славу Святой Царквы.

Варта заўважыць, што нягледзячы на спецыфічнае месца размяшчэння каля могілак, невялікая ўтульная царква збірае нямала вернікаў. А можа быць, нейкім чынам і дзякуючы месцу: магілы блізкіх людзей спрыяюць малітве, роздумам пра Бога. Усе гэтыя 20 гадоў настаяцелем храма з’яўляецца протаіерэй Ігар Мрыхін, апошнія два гады яму дапамагае іерэй Георгій Буланькоў. Святары шмат працуюць з дзецьмі, моладдзю. Пры храме адразу ж пасля яго аднаўлення і асвячэння пачала працу нядзельная школа, у час канікул арганізуецца летні лагер, а ў 2014 годзе заснаваны сястрыцтва і маладзёжнае брацтва ў гонар Праабражэння Гасподняга.

Цесную сувязь падтрымвае айцец Ігар з сярэдняй школай №1 імя ЧБВА г. Пружаны, жаданы госць ён і ў дзіцячай бібліятэцы, дзе не першы год з’яўляецца фундатарам конкурсу «Лета з кнігай» і іншых мерапрыемстваў.

Кожны месяц чакаюць яго гутарак наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Актыўны і добразычлівы настаяцель арганізуе вернікаў на дабрачынную дзейнасць, узнаўленне духоўна-гістарычнай спадчыны. Дзякуючы яго ініцыятыве і намаганням былі пабудаваны памятныя знакі на месцах некалі разбураных цэркваў Пружаншчыны: на могілках каля вёскі Пескі (над магілай забітага паўстанцамі Каліноўскага ў 1863 годзе святара Рамана Рапацкага) і ў вёсцы Дабучын. Таксама на гарадскіх могілках у 2014 годзе пастаўлены помнік пахаванаму тут герою вайны 1812 года палкоўніку Астаф’еву, а ў 2015-м збудаваны паклонны крыж каля брацкай магілы воінаў, якія загінулі пры вызваленні Пружан у ліпені 1944 года. У 2007 годзе была адноўлена і капліца-пахавальня вядомага ў нашым горадзе святара мітрафорнага протаіерэя Мікалая Жуковіча, якая шмат гадоў прастаяла паўразбуранай.

Пастаянна праводзяцца неабходныя рамонтныя і аднаўленчыя работы і ў самім будынку царквы. Дарэчы, прысутныя на богаслужэнні 3 верасня не прамінулі заўважыць, што да 20-гадовага юбілею ў храме з’явіўся новы ганак. Вуліца Горка дастаткова вузкая, без тратуарных дарожак, і вернікам даводзілася сыходзіць з ганка проста на праезную частку. Цяпер прыступкі выходзяць убок, тут з’явіліся пляцоўка і поручні, якія робяць уваход-выхад больш бяспечнымі. І наогул, яны вельмі прыгожыя.

З нагоды прыходскага свята і юбілейнай даты жадаем нашаму старому-новаму храму міру і росквіту, а ўсім яго служкам і вернікам — многія леты!

Ірына Сядова. Фота прадастаўлена Брэсцкай епархіяй БПЦ і аўтара

Глядзіце больш здымкаў у альбоме: https://ok.ru/budni/album/967343269512