Цырымонія ўручэння прэмій «Лідар года-2016» адбылася ў сталічным Прэзідэнт-гатэлі. Сёлета яе ўладальнікамі сталі каля 30 найбольш паспяховых кампаній па вытворчасці тавараў народнага спажывання, прадуктаў харчавання і аказання паслуг.
Толькі чатыры арганізацыі Брэстчыны былі ўдастоены гонару стаць лаўрэатамі ганаровай прэміі. Сярод іх і ААТ «Санаторый «Ружанскі».
— Калі нас запрасілі прыняць удзел у гэтым конкурсе, мы засумняваліся, — шчыра прызнаецца дырэктар ААТ «Санаторый «Ружанскі» Генадзь Сысой. — На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца звыш 110 санаторна-курортных устаноў, таму меркавалі, што многія з іх выкажуць жаданне прыняць удзел. Відавочна, барацьба за статуэтку чакалася нежартоўнай, і мы нават сумняваліся, што яна дастанецца нам.
Але інтарэс перамог сумненні. І як вынік — два дыпломы: адзін — за санаторныя паслугі для сямейнага адпачынку, за шырокі асартымент паслуг і высокі ўзровень сэрвісу, другі — за SPA-паслугі, высокую якасць іх аказання.
Як зазначаюць арганізатары прэміі, сёння мала зрабіць проста якасны тавар ці паслугу: трэба яшчэ заваяваць давер спажыўцоў. Сітуацыя на рынку прымушае вытворцаў бегчы з усіх ног для таго, каб хаця б проста заставацца на плыву. 
Ісці ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу і рынку ўмее і калектыў ААТ «Санаторый «Ружанскі». У 2005 годзе, калі ўстанова прымала сваіх першых кліентаў, тут спецыялізаваліся толькі па трох накірунках, цяпер — па шасці: гэта лячэнне захворванняў органаў дыхання, апорна-рухальнага апарату, сардэчна-сасудзістай сістэмы, страўнікава-кішэчнага тракту, эндакрыннай сістэмы і жаночых палавых органаў. Акрамя таго, каля дзесяці гадоў таму тут маглі размясціць адначасова не больш 150 чалавек, цяпер — каля 350.
Сёння адпачынку ў санаторыі «Ружанскі», паводле слоў яго дырэктара, аддаюць перавагу нават работнікі структур і арганізацый, якія маюць магчымасць праходзіць аздараўленне ў сваіх галіновых установах. Пра папулярнасць «Ружанскага» сведчаць і лічбы: з пачатку года тут прайшлі лячэнне з аздараўленнем каля дзевяці тысяч чалавек, амаль палова якіх — замежныя грамадзяне. Паралельна з адпачываючымі дыягнастычныя паслугі і рэкамендацыі па лячэнні атрымліваюць жыхары Пружаншчыны і суседніх рэгіёнаў. Папулярнасці дадае шырока развітая ўльтрагукавая дыягностыка, наяўнасць унікальнай методыкі гірудатэрапіі.
У выніку за дзесяць месяцаў бягучага года паслуг аказана на суму амаль 5900 тысяч дэнамінаваных рублёў, пры гэтым больш як 393 тысячы рублёў зароблена непасрэдна на медыцынскіх. А экспарт паслуг за адпаведны перыяд склаў каля 2680 тысяч новых рублёў.
Што, акрамя прыгожай статуэткі і дыплома ў рамачцы, дае гэтая прэмія?
Удзел у конкурсе — гэта магчымасць прыцягнуць увагу спажыўцоў да сваіх тавараў, паслуг, падкрэсліць іх высокую якасць, абазначыўшы іх сімволікай прэміі. Спажыўцы ў сваю чаргу атрымліваюць падказку: што з мноства прапануемага лепшае.
Марына Вакульская
