Пятница, 14 февраля 2025

Два ЦЭ плюс ЦТ. На нарадзе ў Лукашэнкі вызначылі формулу атэстацыі і паступлення ў ВНУ

36

Сістэма атэстацыі за курс сярэдняй школы і паступлення ў ВНУ застаецца без істотных змяненняў: два цэнтралізаваныя экзамены плюс адзін іспыт у выглядзе цэнтралізаванага тэсціравання. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі нарады па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Думаю, што ўрад сёння ў асобе прэм’ер-міністра і віцэ-прэм’ера пачуў тыя пытанні, якія трэба вырашаць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы выпрацавалі адказы на асноўныя пытанні, у тым ліку і па стабільнасці ўсяго адукацыйнага працэсу, каб мы не шарахаліся кожны год з боку ў бок».

«Што датычыцца вынікаў атэстацыі за сярэднюю школу і паступлення ў ВНУ. Два ЦЭ плюс адзін у выглядзе ЦТ — мы пакуль на гэтым спыняемся і даводзім да людзей, каб яны ведалі, што на перспектыву мы будзем ісці гэтым шляхам. Для людзей гэта важна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Прэзідэнт не выключыў у будучым нейкіх дадатковых эксперыментаў унутры той сістэмы паступлення, якая цяпер вызначана. Напрыклад, па правядзенні папярэдняй гутаркі або ўнутранага экзамену ў асобных ВНУ.

«Толькі б гэта было на карысць, — абазначыў галоўнае патрабаванне Аляксандр Лукашэнка. — Глядзіце, каб не было супярэчнасцей паміж экзаменамі і гутаркай. Калі чалавек прыйшоў, здаў выдатна ўсе экзамены, а вы яго зарэзалі на гутарцы… Тут трэба падыходзіць вельмі акуратна, асцярожна».

Аб цэнтралізаваным экзамене, які сябе апраўдаў

Начальнік аддзела адукацыі Жлобінскага райвыканкама Аляксандр Салаўёў на нарадзе расказаў аб выніках атэстацыі навучэнцаў за курс сярэдняй школы. Выпускнікі 2023 года ўпершыню здавалі цэнтралізаваныя экзамены. «Сёння я як кіраўнік магу з упэўненасцю сказаць, што ЦЭ сябе апраўдаў, падтрыманы і павінен выкарыстоўвацца ў далейшым. Аргументы для нас відавочныя. Уніфікаваная форма правядзення выпускных і ўступных экзаменаў, што нацэльвае і настаўнікаў, і навучэнцаў на сумесную падрыхтоўку. Зменшана нагрузка на навучэнцаў. Немалаважным з’яўляецца і тое, што выпускнікі больш матывавана падыходзяць да выбару будучай прафесіі, а не набіраюць пералік сертыфікатаў, якія па сваіх балах падыходзяць для паступлення ў якую-небудзь ВНУ», — сказаў ён.

У цэлым раённы чыноўнік запэўніў, што экзамены прайшлі зладжана. Самі тэсты, паводле яго слоў, ужо сёння прадугледжваюць наяўнасць вялікай колькасці заданняў, дзе трэба знайсці канкрэтнае рашэнне, а не проста ўгадаць адказ. Такі падыход паказаў выпускнікам, што толькі сур’ёзная падрыхтоўка па вучэбным прадмеце дасць магчымасць атрымаць вынік.

«Адзначу, што ў бягучым годзе пытанняў пятага ўзроўню складанасці ў тэстах не было. Аднак школьнай праграмай такія заданні прадугледжаны. Дзецям яны знаёмы. Таму лічым магчымым уключэнне ў тэст заданняў пятага ўзроўню складанасці», — сказаў Аляксандр Салаўёў.

Аляксандр Лукашэнка задаў выступоўцу прамое пытанне «Вы лічыце, што гэта сістэма — 2 ЦЭ плюс адно ЦТ — гэта тое, што нам сёння трэба, і гэтым шляхам трэба ісці?»

Начальнік аддзела адукацыі адказаў, што некаторае хваляванне было, калі гэта сістэма была прапанавана. Але ўсе хваляванні і страхі адпалі на этапе, калі правялі рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен. Гэты падыход гарантуе для юнакоў і дзяўчат роўныя магчымасці і незалежную праверку ўзроўню ведаў. У тым ліку па выніках ЦЭ пацвердзілі свае адзнакі і пяць дзясяткаў медалістаў раёна. «Я ўбачыў, што мае педагогі ставяць ім адзнакі заслужана, і яны іх пацвярджаюць, што мяне вельмі абрадавала. Гэта сістэма дала магчымасць мне як кіраўніку атрымліваць зваротную сувязь і аналізаваць вынікі работы сваіх падначаленых. Таму сістэма працуе, яна сапраўды паказала, што яна эфектыўная», — падкрэсліў Аляксандр Салаўёў.

Аб дыскусіі на тэму ўнутранага экзамену ў ВНУ

Яшчэ адзін удзельнік нарады — рэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта — Сяргей Каспяровіч унёс прапановы па ўдасканаленні правіл прыёму ў ВНУ.

Паводле яго слоў, новая мадэль прыёмнай кампаніі працуе добра. Напрыклад, брэсцкая ВНУ выканала ўсе ключавыя паказчыкі прыёму. Конкурс на бюджэт склаў каля 2-х чалавек на месца: «Мы набралі медалістаў, пераможцаў алімпіяд, мэтавікоў. Сапраўды вынік ёсць. Мы сапраўды пашырылі акно магчымасцей для нашых абітурыентаў, адоранай падрыхтаванай моладзі і адначасова для арганізацый — заказчыкаў кадраў».

Тым не менш Сяргей Каспяровіч не змог адназначна сказаць, што ўсе задачы вырашаны, але відавочны факт, што справядлівасць адбору, роўныя правы і магчымасці для абітурыентаў забяспечаны ў поўнай меры.

Адна з прапаноў рэктара датычылася больш актыўнага выкарыстання ў перспектыве такой формы ўступнага іспыту, як унутраны экзамен у ВНУ. Такія экзамены ўжо праводзяцца пры прыёме на некаторыя спецыяльнасці, і Сяргей Каспяровіч выказаў меркаванне, што паступова можна будзе перайсці да адзінай мадэлі і замест ЦТ праводзіць адзін комплексны экзамен. «Трэба прыйсці ў ВНУ і паказаць сябе, свае веды, а не толькі дакументы і паперкі, — лічыць кіраўнік ВНУ. — Гэта будзе датычыцца тых, хто не пройдзе па маштабаваных траекторыях для адораных, падрыхтаваных, матываваных. Мы ж будзем нарошчваць мэтавую падрыхтоўку, бачым інтарэс у заказчыкаў кадраў. Мэтавая падрыхтоўка — гэта ўжо ўнутраны экзамен».

Сваё меркаванне ў сувязі з прапанаваным выказаў рэктар БДУІР і старшыня савета рэктараў Вадзім Богуш. Ён падкрэсліў, што правілы прыёму, падтрыманыя ў мінулым годзе, дастойна паказалі сябе на практыцы, яны забяспечваюць неабходны баланс паміж рэгіёнамі, гарантуюць адкрытую, празрыстую і справядлівую сістэму адбору. «На наш погляд, гэта сістэма з’яўляецца аптымальнай. І тыя правілы, якія былі падтрыманы, не трэба было б чапаць на працягу 4-5 гадоў. У гэтым плане я падтрымаю пазіцыю Дзяржкантролю, што пераходзіць на масавы ўступны іспыт у ВНУ — даволі рызыкоўны крок. І прапаную развіваць дзеючую мадэль крыху ў іншым напрамку. Мы павінны ісці па шляху ўнутраных іспытаў па тых спецыяльнасцях, прафесіях, па якіх гэта неабходна. У нас гэты вопыт ёсць цяпер. Напрыклад, журналістыка, філалогія», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў, што не бачыць асаблівых супярэчнасцей у меркаваннях абодвух рэктараў. Проста першы зазірнуў наперад на перспектыву, а другі лічыць, што цяпер гэтага рабіць не трэба. Прэзідэнт адзначыў, што тым не менш пры неабходнасці сістэму прыёму ў будучым будуць удасканальваць і сам ён з’яўляецца прыхільнікам прынцыпу, прапанаванага брэсцкім рэктарам. «Але я не праштурхоўваю гэты варыянт, які мне падабаецца, у сувязі з тым, што вам усім (іншым рэктарам і адказным за адукацыю чыноўнікам. — Заўвага БЕЛТА) падабаецца іншае. Вы бліжэй да гэтага — калі ласка. І бачу, што проста дадатковы будзе крок, магчыма, да той мадэлі, пра якую вы сказалі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён выступае за тое, каб ВНУ ўсё ж такі неслі адказнасць за якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, і тут важна ўбачыць чалавека ўжо на этапе адбору. «А як набраць, калі чалавека не бачыш? Але вы лічыце, што два ЦЭ плюс ЦТ на сёння (трэба пакінуць. — Заўвага БЕЛТА), і гэтым шляхам у будучым годзе і, можа, яшчэ два-тры гады трэба ісці. Я тут таксама асаблівай супярэчнасці не бачу», — заявіў Прэзідэнт.

БЕЛТА