Нездарма кажуць: усё, што ні робіцца, — да лепшага. У Шарашэўскім сельсавеце ў бягучым годзе памяняліся старасты ў некаторых населеных пунктах. Выконваючая абавязкі старшыні сельвыканкама Святлана Амяльянец сцвярджае, што гэтыя змены пайшлі толькі на карысць. Новыя старасты з запалам узяліся за справу, адразу сталі праяўляць ініцыятыву па навядзенні парадку на тэрыторыі сельсавета.
Новай старастай вёсак Пацынічы і Манцы выбрана Валянціна Шанта. Жанчына ініцыятыўная і працалюбівая. Валянціна Міхайлаўна працуе ў ДУ «Шарашоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў», але асноўнае месца работы не замінае займацца клопатамі жыхароў вызначаных вёсак. Яна стараецца дапамагчы кожнаму. Прымае ўдзел ва ўсіх пасяджэннях сельвыканкама. Адной са станоўчых рыс характару старасты Святлана Амяльянец называе самастойнасць. Валянціна Шанта арганізавала разам з насельнікамі Дзень вёскі, які прайшоў на адным дыханні, спадабаўся ўсім, у тым ліку і гасцям. Не забывае стараста і пра суботнікі, якія, як усім вядома, дапамагаюць падтрымліваць парадак у населеных пунктах. Падчас аднаго са сходаў жыхароў запрашалі да размовы дырэктара ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» Аляксандра Шлёміна, прасілі аб дапамозе ў ачыстцы тэрыторый з пустуючымі дамамі. Праз некаторы час было праведзена кашэнне травы і дзікарослай расліннасці. І гэта яшчэ не ўвесь пералік добрых спраў Валянціны Міхайлаўны, і выконваючая абавязкі старшыні сельвыканкама вельмі спадзяецца, што сіл і цікавых задум у старасты хопіць не на адзін год.
Чалавекам адказным і справядлівым лічаць жыхары вёсак Крыніца, Акольнік і Мыльніск Марыю Шука. Таму і абралі яе старастай. У свой час Марыя Уладзіміраўна працавала загадчыцай дзіцячага садка ў в. Крыніца, цяпер на пенсіі. Але для жанчыны на гэтым этапе жыццё не спынілася, а ў нейкім сэнсе пачаўся новы яго віток. Цяпер, праўда, клапоціцца не толькі пра маленькіх дзетак, а пра ўсіх жыхароў трох вёсак. Вельмі перажывае за даручаны ўчастак работы, лічыць, што любая справа патрабуе шчырасці і зацікаўленасці, тады не будзе сорамна ні перад сабой, ні перад людзьмі.
З-пад яе ўвагі не выходзіць ніводная дробязь, якая можа псаваць знешні выгляд населенага пункта. Таму разам з жыхарамі правяла добраўпарадкаванне могілак у Крыніцы, была пратручана дзікарослая расліннасць. Відаць, гады працы ў дзіцячым садку не прайшлі дарма — і да гэтага часу Марыя Уладзіміраўна не застаецца раўнадушнай да праблем у нядобранадзейных сем’ях, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеткі. Разам з дэпутатам Шарашэўскага сельскага савета па Крыніцкай выбарчай акрузе Хрысцінай Вярбіцкай арганізавала людзей на ўсталяванне і рамонт дзіцячай пляцоўкі, якая цяпер вабіць вока тых, хто праязджае праз вёску.
А Мікалай Крываблоцкі каля свайго дома па вул.Новай у Крыніцы ўсталяваў прыгожую альтанку для адпачынку, тут жа вам мангал і невялічкая сажалка для аматараў рыбнай лоўлі. Ідылія! А цішыня якая! Ахоўвае прыгожае месца вусаты і важны вартаўнік — кот, які адклікнуўся на мянушку Васька. Магчыма, ён яшчэ і білеты на рыбалку выдае?
Пажадаем мясцовым жыхарам новых ідэй, якія, спадзяемся, будуць адразу ўвасабляцца ў жыццё.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік