Пятница, 14 февраля 2025

Душа прыгараднай вёскі! Дзень нараджэння адзначылі Малыя Якавічы

503

У сэрцы кожнага чалавека жыве вялікае пачуццё любові да роднай вёскі, да бацькоўскай хаты, сваіх продкаў. Жыццё і лёс складваюцца так, што прыходзіць час развітвацца з дарагімі сэрцу мясцінамі, жыць у іншых. Бывае, што аддаў бы ўсё на свеце, каб вярнуцца ў родны край, убачыцца з тымі, хто табе дарагі…

Дзень вёскі — гэта заўсёды добрая і светлая імпрэза для вялікай сям’і аднавяскоўцаў. У такі блаславёны час, 19 жніўня ў дзень Яблычнага Спаса, Малыя Якавічы адсвяткавалі свой дзень нараджэння. Хоць раздзелена вясковая вуліца з райцэнтрам, лічы, толькі паркам ды стадыёнам, гэта ўжо не горад. Гэта мілая сэрцу вёска са сваім, размераным ладам жыцця. А яшчэ — месца, якім ганарышся, без якога жыцця не ўяўляеш.

Падобнага мерапрыемства даўно тут не было, таму за некалькі гадзін да пачатку свята ўзрушаныя мясцовыя жыхары ўжо рыхтаваліся да яго і з вялікай ахвотай дэманстравалі свае работы на выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

А ўрачыстае адкрыццё пачалося з традыцыйных віншаванняў і ўручэння хлеба-солі. Павіншавалі жыхароў вёскі са святам старшыня Пружанскага сельскага выканаўчага камітэта Алена Краўчук і стараста вёскі Мікалай Ляўчук. Ушаноўвалі самых старых жыхароў, павіншавалі юбіляраў, дарылі падарункі, песні і ўсмешкі.

Падобныя мерапрыемствы гуртуюць людзей, аб’ядноўваюць, дазваляюць праявіць сваю любоў да малой радзімы. Гэта так выдатна! Свае музычныя віншаванні жыхарам вёскі дарылі вакальная група «Шчырым сэрцам» і салісты аўтаклуба, а таксама ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Белавусаўшчынскага СДК. Ну, а галоўнай узнагародай ад гледачоў, вядома ж, былі адкрытыя душы, танцы і апладысменты.

Людміла Кавалёва, загадчыца аўтаклуба