Понедельник, 12 мая 2025

Душа на руках у Бога

1 124

Духмяныя чабор і валяр’ян, гаючыя крываўнік і святаяннік, пухнатыя аксаміткі ўперамешку з калючымі залацістымі каласкамі… Сонечным днём 28 жніўня жыхары Пружан разам з усім праваслаўным светам адсвяткавалі адно з самых значных і чуллівых рэлігійных святаў — Успенне Прасвятой Багародзіцы. Цвінтар Свята-Аляксандра-Неўскага сабора ледзь умяшчаў ўсіх жадаючых асвяціць кветкавыя букеты.

Айцец Міхаіл Носка асвячае букеты_измен.размер

Адкуль у заходнебеларускім праваслаўі (у Расіі і Украіне нічога падобнага няма) ўзялася гэтая бясспрэчна прыгожая традыцыя і якое дачыненне яна мае да самога свята? Магчыма, як і некаторыя іншыя звычаі, прыйшла ад каталікоў: у каталіцтве існуе легенда, што ў дзень смерці Багародзіцы замест яе цела апосталы знайшлі букет белых ружаў, таму ў гэты дзень вернікі асвячаюць кветкі і першы плён ураджаю.

А магчыма, і я больш схільная да гэтай версіі, у звычаю яшчэ больш старажытныя язычніцкія карані. Этнографы ў ім знаходзяць шмат агульнага са старажытнабалцкім жалінэсам — святам земляробаў, вытокі якога сыходзяць да антычных часоў. Рымляне ў гэты дзень славілі багіню Дыяну, грэкі – Артэміду, якія лічыліся заступніцамі раслін і жывёл. Ёсць дадзеныя, што менавіта ў жніўні 500 г. да н. э. быў адкрыты храм багіні Дыяны ў Рыме, на Авянцінскім узгорку.

У старажытныя часы балтыйскія народы прысвячалі паганскай Багіні Маці рытуалы падзякі, жанчыны ў гэты дзень збіралі самыя прыгожыя палявыя кветкі, лячэбныя травы, дзякавалі Зямлю за ўраджай і прыгажосць. У вёсках пяклі хлеб са збожжа новага ўраджаю і варылі піва, рабілі квас.

Асвечанымі на жалінэс лекавымі травамі людзі лячыліся ад цяжкіх захворванняў. Сушаныя травы трымалі на гарышчы і пры грукаце грому абкурвалі імі дом, а таксама жывёл, якія выпускаліся ўпершыню ў поле, каб абараніць іх ад няшчасцяў, і каб яны былі здаровыя, напрыклад, каб каровы больш давалі малака. Абкурвалі і паміраючага, каб абараніць ад злых духаў, травы клалі і ў труну. Асвячоны хлебны колас расціралі і насыпалі ў збожжа, каб абараніць пасевы і вырасціць багаты ўраджай.

З прыходам хрысціянства некаторыя рысы жалінэса перайшлі на святкаванне Успення Багародзіцы. Да гэтага свята імкнуліся скончыць жніво. Апошні сноп пачалі ўпрыгожваць стужкамі і ставіць побач з абразамі, —каб на стале заўсёды было багацце. Засушаныя асвечаныя кветкі перанеслі з гарышчаў за святыя абразы і ўсё гэтак жа ў перыяды навальніцы імі абкурваюць хаты, а ў выпадках хвароб – п’юць настой з іх. Гучная гутарка пажылых прыхаджанак толькі пацвердзіла мае здагадкі: «Сёння асвячаюць толькі тыя расліны, якія маюць цудадзейную, гаючую сілу і аберагаюць ад прыродных стыхій». Вось, значыць, як: Успенне для некаторых – гэта толькі падстава для асвячэння кветак-абярэгаў?

Але сапраўдныя хрысціяне павінны разумець, што ўсе сённяшнія традыцыі, звязаныя з хрысціянскімі святамі, з’яўляюцца толькі своеасаблівым іх упрыгожваннем, але ніяк не асноўнай сутнасцю. А каб зразумець сутнасць Успення, трэба глядзець не на кветкі, а на плашчаніцу, якая выносіцца ў гэты дзень на сярэдзіну храма.

Ікона Успення Багародзіцы_измен.размер

Які дзіўны вобраз! У цэнтры – на смяротным ложы – Маці Божая, нежывое цела якой дрыгатліва пакрыта святымі крыламі херувімаў. Святыя апосталы, закліканыя з розных канцоў зямлі, пры выглядзе памерлай Багародзіцы і радуюцца, і плачуць. А над усімі ўзвышаецца  Божы Сын, Які ў Сваіх руках трымае дзіця ў пялюшках – душу Прачыстай Дзевы. Гэтыя рукі Бога і ёсць рай – самае бяспечнае месца ў сусвеце.

Багародзіца памерла так ціха і спакойна, нібы ненадоўга заснула пасля цяжкіх бядотаў жыцця, каб сустрэцца і ўжо больш ніколі не разлучацца з дарагім Сынам. Яна не пакінула Яго на Крыжы, а Ён, выконваючы абавязак сына, не пакінуў Яе ў гадзіну смерці.

Перамагаючы законы прыроды, Божая Маці вярнулася да свайго Дзіцяці, злучылася з Ім, а чалавецтва атрымала Заступніцу і Малітоўніцу. Вось чаму Царква сыход Багародзіцы называе не смерцю, а Успеннем – мірным сном, і не толькі не смуткуе, а, наадварот, спявае радасныя, урачыстыя песні! Свята Успення Божай Маці сцвярджае веру людзей ва ўсеагульнае ўваскрашэнне і ў перамогу над смерцю.

Тры цуды, якія адбываюцца на свята Успення Багародзіцы.

Грэцкі востраў Кефалонія ў Іанічным моры нездарма называюць востравам цудаў, а ўсё з-за таго, што на ім адбываюцца такія падзеі, якія цяжка назваць радавымі або звычайнымі.

Кожны год на востраве напярэдадні свята Успення Божай Маці адбываецца невялікі землятрус (3-4 балы), а пасля яго ў самы дзень свята ідзе дождж, які ў гэты час года тут вялікая рэдкасць.

Потым у адзін з храмаў вострава да цудатворнага абраза Багародзіцы «Панагія Федуса» (з грэцкага – «Змяіная») цудоўным чынам прыпаўзаюць ядавітыя змеі.

Цуд са змеямі_измен.размер

Шэрага колеру, тонкія, з аксаміцістай скурай – яны запаўзаюць у храм і як зачараваныя цягнуцца да гэтай іконы. Яны не баяцца людзей і не джаляць іх, людзі ж, у сваю чаргу, гэтак жа спакойна рэагуюць на прысутнасць незвычайных «прыхаджан». Змеі поўзаюць па абразах і без боязі перабіраюцца на рукі людзей. Іграюць  са «змейкамі» нават маленькія дзеці. Змяя можа нават запаўзці на Евангелле, якое чытаюць на Літургіі. Пасля заканчэння святочнай службы змеі спаўзаюць з іконы Багародзіцы і пакідаюць царкву.

Цуд з лілеямі_измен.размер

А ў іншым храме на Кефалоніі ў кіёце іконы Божай Маці «Панагія-Крына» на сухіх сцеблах лілей, якія былі ўложаны за пяць месяцаў да Успення (у дзень Благавешчання Прасвятой Багародзіцы) і заставаліся без вады, распускаюцца белыя кветкі. Гэтыя цудоўныя лілеі асвячаюцца і раздаюцца вернікам, якія прыйшлі ў гэты дзень у храм.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *