Новы арт-аб’ект у выглядзе велічэзнага дуба, у кроне якога размешчаны брэнд гэтай аздараўленчай арганізацыі «Ружа Хутар», адразу прыцягвае ўвагу.
Ідэя стварэння «Дрэва жыцця» належыць дырэктару санаторыя Уладзіміру Карпечкіну. Як паведаміў сам Уладзімір Іванавіч, скульптура сімвалізуе тое, што нават сама прырода навакольных мясцін дапамагае наведвальнікам установы аздараўлівацца і падаўжаць сваё жыццё. Так запісана і на звароце ад «волата», шыльда з якім прымацавана на ствале дуба: «Усе свае веды і вопыт я аддаў табе, чалавек». І ўжо ад нас саміх залежыць, як мы скарыстаемся настолькі каштоўным багаццем.
А чаму гэты аб’ект называецца скульптурай? Дык ён поўнасцю зроблены… з бетону рукамі гродзенскага мастака Сяргея Жыльскага, які вядомы падобнымі інсталяцыямі нават за межамі Беларусі. Хаця на Брэстчыне яго работ яшчэ не было і «Дрэва жыцця» у санаторыі «Ружанскі» — першая ластаўка.
Па словах дырэктара аздараўленчай установы, гэта не адзіная інсталяцыя, запланаваная на тэрыторыі «Ружанскага».
— Мы зараз «раскручваем» такую ідэю, што побач з радзімай беларускага Дзеда Мароза Белавежскай пушчай павінна быць і радзіма беларускай Снягуркі, — паведамляе Уладзімір Іванавіч. — Дык чаму ж ёю не можа стаць Ружанская пушча, гаючы водар якой даступны тым, хто вырашыў аздаравіцца ў нас? Таму зараз прапрацоўваем пытанне ўстаноўкі скульптуры гэтай казачнай гераіні.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік