Некалькі год запар мотасезон на Пружаншчыне адкрываецца з трагедый на дарогах. Бягучы не стаў выключэннем: вечарам 6 красавіка жудасная аварыя здарылася каля в.Далкі. Жыхар г.Гродна прыехаў на матацыкле «Ямаха» пагасцяваць да сваіх родных, якія жывуць у згаданай вёсцы. Увечары ён вырашыў з’ездзіць за сваёй сяброўкай у Ружаны і падчас вяртання разам з ёй літаральна за 150 метраў ад дома бацькоў трапіў у аварыю. Матацыкліст вырашыў пайсці на абгон спадарожнай машыны, для чаго выбраў месца праезнай часткі, якое з-за небяспечнасці было пазначана суцэльнай паласой раздзялення руху. Пры гэтым пры здзяйсненні манеўра малады чалавек не заўважыў сустрэчны грузавік, у лоб якога з усяго разгону і ўляцеў матацыкл. Сутыкненне было такой сілы, што ад удару 10-тонны «МАЗ» развярнула ў бок. Загінуўшага на месцы аварыі 31-гадовага жыхара г.Гродна давялося збіраць па частках, яго 28-гадовая пасажырка ў цяжкім стане са шматлікімі складанымі пераломамі змешчана ў рэанімацыю.
Як паказвае аналіз падобных здарэнняў, практычна ва ўсіх выпадках іх прычынай становіцца ігнараванне Правілаў дарожнага руху. Засмучае той факт, што часцей за ўсё гінуць маладыя матацыклісты. Дык чаму ж на іх паводзіны не звяртаюць увагу бацькі? Напрыклад, літаральна на наступны дзень супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі па вуліцах в.Чапялі давялося ладзіць пагоню за матацыклам, за рулём якога знаходзіўся 15-гадовы мясцовы жыхар. Відавочна, што транспарт яму набылі бацькі, але пракантраляваць забавы сына не палічылі неабходным. Пакуль не здарыцца трагедыя…
Аляксандр Міхальчук, начальнік аддзялення ДАІ.