Яны ўмеюць вырошчваць жывёлу, вырабляюць смачнае малако і мяса, а яшчэ забяспечваюць харчовую бяспеку раёна і краіны ў цэлым. Пацвярджэнне добрай работы пружанскіх жывёлаводаў у лічбах – раён з’яўляецца лідарам Беларусі па вытворчасці малака – і ва ўзнагародах. Чарговыя работнікі сельгасгаліны Пружаншчыны атрымалі ў Кобрыне. На гэтым тыдні ў суседнім райцэнтры падвялі вынікі штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў ў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў 2021 годзе.
Ушанаванне лепшых работнікаў рэгіёна старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка назваў другімі «Дажынкамі». Яно і зразумела: перад мерапрыемствам, нібыта на свяце працаўнікоў вёскі, усе жадаючыя маглі азнаёміцца з прадукцыяй лепшых прадпрыемстваў вобласці, пакаштаваць яе. Вялікай папулярнасцю карысталіся сыры «Пружанскага малочнага камбіната». Усяго ж на сцэну кобрынскага Палаца культуры ў сераду паднялося амаль 140 чалавек. Гэта кіраўнікі раёнаў, сельгаспрадпрыемстваў і звычайныя працаўнікі, якія сумленна і адказна ставяцца да сваіх абавязкаў.
Акрамя губернатара, узнагароды аграрыям уручалі выканаўчы дырэктар абласнога аграпрамысловага саюза Сяргей Ашмянцаў, старшыня Беларускага прафкама работнікаў АПК Васіль Хвацік, міністр сельскай гаспадаркі Ігар Брыло. Кіраўнік галіны адзначыў важную ролю Брэстчыны: на долю вобласці прыпадае 26,5% ад агульнага аб’ёму экспарту сельгаспрадукцыі.
Такіх паказчыкаў немагчыма было б дасягнуць без зладжанай працы ў тым ліку пружанскіх аграрыяў. Раён заняў трэцяе месца ў вобласці па вытворчасці мяса буйной рагатай жывёлы (за выключэннем комплексаў, дзе вырабляюць ялавічыну) ў 2021 годзе. Дыплом і грашовае ўзнагароджанне ўручаны старшыні райвыканкама Юрыю Бісуну.
Граматай аблвыканкама ўзнагароджаны адзін з самых вопытных аграрыяў раёна — дырэктар ААТ «Мурава» Пётр Білецкі (на здымку). Узнагароду ад абласнога аграпрамысловага саюза атрымаў дырэктар ААТ «Агра-Калядзічы» Аляксандр Пішч. З дыпломамі вярнуліся з мерапрыемства і работнікі шэрага гаспадарак Пружаншчыны.
Найбольшую колькасць узнагарод, апраўдаўшы статус аграрнага лідара, прывезлі працаўнікі ААТ «Ружаны-Агра». Таварыства заняло трэцяе месца ў вобласці па вытворчасці мяса БРЖ.
Добра працавалі летась малочна-таварныя комплексы сельгасарганізацый. Першым сярод комплексаў з колькасцю малочных кароў не менш за 400 галоў і прадукцыйнасцю статка да 7 тыс. кг малака стаў МТК «Юндзілы». А МТК «Варанілавічы» прызнаны лепшым у катэгорыі комплексаў з прадукцыйнасцю ад 7 да 8 тыс. кг малака.
Вызначыліся ў абласным спаборніцтве і работнікі гаспадаркі. Трэцяе месца сярод галоўных заатэхнікаў заняў Сяргей Голышаў. Сярод брыгадзіраў малочна-таварных ферм з колькасцю буйной рагатай жывёлы больш за 1200 галоў абсалютнай пераможцай прызнана Вольга Паляшук. Лепшымі сярод аператараў машыннага даення ў даільнай зале арганізацый, дзе прадукцыйнасць статка — да 7 тыс. кг, названа звяно Аксаны Казанцавай, Святланы Лайцер і Наталлі Гаўрыленка. Няма роўных ў вобласці аператару жывёлагадоўчых ферм і комплексаў па адкорме свіней Вячаславу Пацяруху, які таксама працуе ў ААТ «Ружаны-Агра».
Папоўнілі скарбонку ўзнагарод работнікі яшчэ аднаго вядомага ў раёне таварыства — «Велікасельскага Агра». Гаспадарка стала бронзавым прызёрам абласнога спаборніцтва-2021 сярод арганізацый з прадукцыйнасцю статка вышэй за 7 тыс. кг малака. А вось першае месца сярод аператараў машыннага даення ў даільнай зале прысуджана звяну Галіны Сямашка, Ірыны Суботы і Валянціны Шчарбук. Жанчыны сталі лепшымі сярод аператараў арганізацый, дзе прадукцыйнасць дойнага статка — ад 8 тыс. кг малака і вышэй.
Адзначылі падчас узнагароджання таксама працаўнікоў «Пружанскага райаграсэрвісу», у якіх два першыя месцы ў індывідуальным спаборніцтве. Лепшым заатэхнікам-селекцыянерам названа Марына Бондар, лепшым аператарам па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы — Ніна Касюк.
Прывезла дыплом з мерапрыемства ў Кобрыне таксама брыгадзір МТФ ААТ «Мурава» Аксана Чуева, якая стала трэцяй сярод брыгадзіраў комплексаў з колькасцю буйной рагатай жывёлы да 1200 галоў. Першае месца сярод аператараў ферм і комплексаў па вырошчванні цялят да трохмесячнага ўзросту – у звяна Наталлі Бескаравайнай і Алёны Губарык з ААТ «Агра-Калядзічы».
У дапаўненне да грамат і дыпломаў усе ўзнагароджаныя атрымалі бурныя апладысменты. І, канечне, з добрым настроем адправіліся працаваць на родныя комплексы для таго, каб на нашым стале былі смачныя і натуральныя прадукты.
Уладзіслаў Шпарла. Фота газеты «Кобрынскі веснік», sb.by i БелТА