Няма болей смакаты, чым паесці бульбы з мясам. Пра гэта нават у песнях пяецца. Але, каб паесці, трэба выкапаць. Каб выкапаць – вырасціць. Добрыя гаспадары выдатна ведаюць увесь цыкл, як і тое, што пасля ўборкі «першага хлеба», – зерневых культур, трэба брацца за другі, — бульбу.
У ААТ «Ліноўскае» да ўборкі «другога хлеба» прыступілі два тыдні таму, 7 верасня.
Культуру, без якой немагчыма ўявіць стол беларуса, тут пасадзілі на 50 гектарах. Плошча не самая вялікая ў раёне, але і не самая малая. Бульба ў гаспадарках Пружаншчыны сёлета займае 442 га, амаль палова з іх – у ААТ «Айчына», 130 га – у «Ружанах-Агра».
ААТ «Ліноўскае» займае трэцяе месца па плошчы (дарэчы, яна такая ж, як і летась) і пакуль што першае – па ходзе работ. Па стане на 17 верасня тут было ўбрана 32% да плана. Бульба выкапана на 16 га пры ўраджайнасці 174,4 ц/га.
Па словах брыгадзіра паляводчай брыгады Сяргея Сяргеевіча Кавалевіча, ураджай мог быць куды лепшым, калі б ні засушлівае надвор’е падчас цвіцення бульбы. А ход уборкі «другога хлеба» тармозіць само поле. Раней у гэтым месцы праходзіла чыгунка, таму камянёў у зямлі хапае. Ды і тэхніка ў гаспадарцы не самая новая.
Нягледзячы на пэўныя складанасці, штодзень у 8 раніцы работнікі «Ліноўскага» – на полі. Спачатку праходзіць тэхніка, якая збівае бульбоўнік. Затым надыходзіць чарга бульбаўборачнага камбайна ПКК-2-05 «Палессе РТ25». Якраз на ім і працуюць паляводы Мар’ян Лавец і Аляксандр Валюшка (на здымках уверсе), ачышчаюць бульбу ад камянёў і смецця. Абодва мужчыны ўжо на пенсіі, але працягваюць дапамагаць роднай гаспадарцы, якой аддалі больш за 20 гадоў кожны. Мар’ян Станіслававіч звычайна выконвае абавязкі вадзіцеля, Аляксандр Міхайлавіч – трактарыста і вартаўніка.
Ураджай адвозіцца на сартавальны пункт, які размяшчаецца побач. Каб ацаніць яго работу, накіроўваемся туды і мы. На транспарцёры працуе да 12 чалавек. Акрамя адбору смецця, яны дзеляць бульбу на дробную, сярэднюю і вялікую фракцыі. Пасля ўраджай затарваецца ў сеткі.
Кладаўшчыца Наталля Рыгораўна Маркава расказвае, што пакуль што заклалі больш за 20 т харчовай бульбы. Яна пойдзе на рэалізацыю насельніцтву, у тым ліку на кірмашах у Пружанах і Брэсце. Асобна ляжыць ужо больш за 100 т бульбы, якую адправяць на крухмальны завод. Уся яна – гатунку «маг». Акрамя яго, сёлета вырошчваюць «скарб». Ён карыстаецца найбольшай папулярнасцю ў спажыўцоў.
У планах гаспадаркі на наступны год – пашырыць гатункавы асартымент бульбы. У «Ліноўскім» спадзяюцца, што гэта дазволіць павысіць ураджайнасць.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік