На палях, дзе яшчэ нядаўна красаваліся каласы збажыны, цяпер радуюць вока саламяныя “гіганты” — казачныя цягнікі, усмешлівыя зайцы, вазы з конікамі. Цяпер, калі збажына прыбрана з палёў, працавітыя вясковыя працаўнікі могуць перавесці дыханне, адпачыць і падвесці вынікі. Што і было зроблена на абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2018”, які ў мінулую суботу гасцінна прымаў горад Высокае, што на Камянеччыне.
Варта аддаць належнае гаспадарам, якія да гэтага абласнога свята не толькі ўпрыгожылі свой горад, але і зрабілі ўсё магчымае, каб шматлікія госці перажылі надзвычай радасныя, яркія і незабыўныя ўражанні. І ветлівасць гаспадароў пружанская дэлегацыя на чале з кіраўніком раёна адчула адразу на мяжы Пружанскага і Камянецкага раёнаў: гасцінныя гаспадары сустракалі пружанцаў з караваем новага ўраджаю, які са словамі прывітання ўручылі старшыні райвыканкама М.М.Крэйдзічу. Варта адзначыць, што сардэчнасць прыёму на Камянеччыне адчувалася на працягу ўсяго свята: і на святочным кірмашы, і ў горадзе майстроў, дзе, дарэчы, сваю творчасць шырока прадставілі пружанскія ўмельцы, і падчас шэсця. Адкрываючы “Дажынкі-2018”, старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта А.В.Ліс ад душы павіншаваў усіх са святам ураджаю і адзначыў, што сёлета працягваецца пачатая ў мінулым годзе традыцыя – праводзіць абласныя “Дажынкі” ў малых гарадах. Гэта дае магчымасць надаць новае аблічча такім населеным пунктам, значна палепшыць якасць жыцця і быту іх жыхароў. Гэта і было зроблена ў Высокім, за што асабліва дзякаваў старшыня аблвыканкама самім жыхарам горада.
Аднак самыя шчырыя словы падзякі адрасаваў Анатоль Васільевіч людзям сельскагаспадарчай працы, хто ўнёс дастойны ўклад у абласны каравай.
—Хлеб ніколі не бывае лёгкім, — адзначыў ён. — А сёлета яшчэ і надвор’е дадало хваляванняў. У многіх гаспадарках у маі-чэрвені на палі не ўпала ні кроплі дажджу. Ад засухі толькі збожжавых культур загінула і было пашкоджана 58 тысяч гектараў ці 16% плошчаў. І хоць па ўраджайнасці збожжавых на ўзровень мінулых гадоў, калі з кожнага гектара намалочвалі ў сярэднім па 36 цэнтнераў, выйсці не ўдалося, вынікі гэтага года дастойныя. Пры ўраджайнасці 29 цэнтнераў з гектара (а гэта лепшы вынік сярод абласцей краіны!) намалочана 930 тысяч тон збожжа, а з кукурузай на сённяшні дзень — звыш 950 тысяч тон.
Самы высокі ўклад па агульным намалоце збожжа, як было аб’яўлена з высокай трыбуны, унеслі Баранавіцкі раён — 118 тысяч тон, Пінскі — 80 тысяч тон і Пружанскі раён, гаспадаркі якога нарыхтавалі 78 тысяч тон збожжа.
Па ўраджайнасці збожжавых у перадавіках таксама Баранавіцкі раён, дзе ў сярэднім з аднаго гектара намалочана 33,8 цэнтнера. Калі весці ацэнку па культурах, то больш за 42 цэнтнеры з гектара дала пшаніца ў Столінскім раёне. Сярод гаспадарак самая высокая ўраджайнасць збожжавых — 57 цэнтнераў — атрымана ў акцыянерным таварыстве “Асавецкі” Драгічынскага раёна.
— Жатва паказала нашы сілы і магчымасці, — падкрэсліў А.В.Ліс. — Дасягнутае павінна стаць асновай для выканання новых задач. Да канца года ў аграрыяў яшчэ шмат работы. Трэба забяспечыць жывёлу неабходнымі кармамі на зімне-стойлавы перыяд. Таму работа па нарыхтоўцы кармоў арганізавана так, каб адначасова ўбіраць кукурузу і папаўняць запасы сенажу. За кошт кукурузы мы павінны нарыхтаваць не толькі 4 млн. тон сіласу, але і часткова папоўніць недабор збожжа ў аб’ёме каля 200 тысяч тон. Старшыня аблвыканкама ўручыў узнагароды пераможцам спаборніцтва на ўборцы ўраджаю. Сярод раёнаў, якія перамаглі ў вытворчасці збожжа, у лідарах — Лунінецкі, Маларыцкі і Столінскі раёны.
Па аб’ектыўных прычынах – найбольш за іншых пацярпеў сёлета ад засухі Пружанскі раён, дзе ўдалося сабраць толькі 58% збожжа да ўраджаю мінулага года, таму менш узнагароджаных у параўнанні з мінулагоднімі абласнымі “Дажынкамі” было нашых землякоў. І тым не менш, дастойная ўзнагарода — плазменны тэлевізар — знайшла дырэктара ААТ “Велікасельскае Агра” Васіля Лявонцьевіча Севасцьянчыка за плённае супрацоўніцтва па пастаўках сельгаспрадукцыі. Як адзін з пераможцаў агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў” быў узнагароджаны дырэктар ААТ “Жураўлінае” Дзмітрый Міхайлавіч Якутчык. Нагруднага знака “За заслугі” Беларускага прафсаюза работнікаў АПК была ўдастоена намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алена Харытонаўна Лапыка. Заслужаную ўзнагароду на свяце за працу прымаў галоўны інжынер ААТ “Ружаны-Агра” Святаслаў Андрэевіч Роўгач. Па выніках працоўнага спаборніцтва механізатараў пагрузчыкаў універсальных быў адзначаны трактарыст-машыніст ААТ “Ружаны-Агра” Уладзімір Пятровіч Кульба.
Як лепшыя кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці за 2017 год былі ўзнагароджаны дырэктар ААТ “Агра-Калядзічы” Пётр Сямёнавіч Якімавец і дырэктар ААТ “Ружаны-Агра” Андрэй Міхайлавіч Бурдук. Адразу пасля ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў для ўдзельнікаў “Дажынак” быў дадзены цудоўны канцэрт. Працавалі гандлёвыя рады і дзіцячыя пляцоўкі, праходзілі спартыўныя мерапрыемствы.У рамках фестывалю-кірмашу былі арганізаваны падворкі раёнаў, Пружанскі з якіх (да гонару работнікаў райспажыўтаварыства) вылучаўся сваёй прывабнасцю і разнастайнасцю і карыстаўся вялікай папулярнасцю ўдзельнікаў і гасцей свята. Тое ж варта сказаць і пра нашых майстрых, якія здзіўлялі вырабамі з тканіны і саломы, самабытнай, непаўторнай вышыўкай. Словам, свята было арганізавана ўдала, што задушэўна адпачыць мог любы чалавек, які завітаў на “Дажынкі”. У наступным годзе прымаць і ўжо без сумнення настолькі здзіўляць працаўнікоў вёскі будуць Ружаны.
Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч, фота.
Больш фота тут: https://ok.ru/budni/album/53977206620296