Гучалі рытмы, ліліся гукі… І як ні стараўся восеньскі дожджык, жыхарам і гасцям горада ў нядзелю было не да суму. Бо нарэшце спраўдзілася даўняя мара: у гарадскім парку з’явіліся трыбуны амфітэатра. Урачыстым крокам пад музыку духавога аркестра сотні радасных людзей ішлі па вуліцы Савецкай, каб стаць сведкамі культурнай падзеі.
Падзея стала магчымай, дзякуючы ініцыятыве “Стварэнне амфітэатра ў гарадскім парку г. Пружаны як цэнтра культуры і адпачынку для жыхароў Пружанскага раёна і турыстаў” у рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН).
Ганаровае права адкрыць новы культурны аб’ект атрымалі намеснік старшыні райвыканкама М.П. Кудравец, рэгіянальны каардынатар праекта А.У. Буднік і старшыня раённай арганізацыі рэспуліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Т.К. Кашкан. Яны ўрачыста разрэзалі чырвоную стужку пад прыгожай дэкаратыўнай аркай і адкрылі амфітэатр. Ім жа было дадзена і слова.
– Гэты праект працягне распачатае добраўпарадкаванне гарадскога парку. І хай пакуль пабудаваны толькі трыбуны амфітэатра, а годнай сцэны для артыстаў яшчэ няма, далейшыя крокі да рэалізацыі Ініцыятывы ўжо зроблены. З адкрыццём летняга амфітэатра з’явіцца магчымасць даць турыстам і жыхарам горада добрыя ўмовы для арганізацыі культурнага адпачынку, – папярэджваючы многія пытанні, сказаў у сваім выступленні М.П. Кудравец.
Пасля шэрага афіцыйных Пасля шэрага афіцыйных прамоў публіку чакала займальная канцэртная праграма з удзелам лепшых творчых калектываў Пружанскага раёна. Прэм’ерны канцэрт адкрываў знакаміты народны эстрадны аркестр «Біг-бэнд» пад кіраўніцтвам Сяргея Більшэвіча з цудоўнай салісткай Вольгай Якімавай. Пазітыўны настрой і зарад бадзёрасці падарылі гледачам вакальны дуэт Палаца культуры Таццяна Паласьмак і Алег Строк, арт-група «Крыніцы», вакальнае трыа «Альтаір», а таксама народны ансамбль танца «Спадчына».
Адметна, што на працягу ўсяго канцэрта праводзілася акцыя «Паштоўка жаданняў»: усім, хто ўваходзіў у амфітэатр, выхаванцы Пружанскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі дарылі самаробныя паштоўкі з салодкім сюрпрызам, а разам з тым – часцінку душэўнай цеплыні. Побач разгарнулася маштабная выстава-продаж работ майстроў-рамеснікаў, працавалі гульнёвыя атракцыёны для дзяцей.
Меркавалася, што радасць гарадскога свята ў парку з пружанцамі падзеляць і шматлікія ўдзельнікі рэгіянальнага танцавальнага форуму «Магія танца». Аднак капрызнае надвор‘е настаяла на сваім, і феерычнае дзейства было перанесена ў Палац культуры. На яго вялікую сцэну падымаліся самыя яркія танцавальныя калектывы з Пружанскага, Ваўкавыскага, Камянецкага, Жабінкаўскага, Кобрынскага раёнаў і з іншых рэгіёнаў краіны.
Таксама прыехалі госці з Польшчы. Дзясяткі калектываў, сотні таленавітых маладых людзей прадэманстравалі гледачам яркія, незабыўныя нумары. Вогненныя рытмы напоўнілі публіку энергіяй маладосці і драйвам. Дзякуючы багатай танцавальнай палітры, на сцэне нараджаліся неверагодныя вобразы, у кожны нумар была ўкладзена душа і кіраўніка, і выканаўцы. Нядзіўна, што на працягу трох гадзін гледачы дзякавалі канкурсантам за атрыманы пазітыўны настрой нястомнымі апладысментамі. А перад прафесійным журы пад старшынствам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І. Панімаша стаяла вельмі складаная задача – даць ацэнку выступленням.
Пакуль журы дамаўлялася, аналізуючы выканальніцкае майстэрства, артыстызм і кампазіцыю нумароў, гледачы зачароўваліся музыкамі з Польшчы. Хор “Рэха пушчы” (Гайнаўка) і вакальны гурт “Куранты” (Бельск) на радасць публіцы выканалі вядомыя беларускія народныя і савецкія песні. «Падмаскоўныя вечары», «Кацюшу» і «Чарку на пасашок» мімаволі заспявалі ўсе гледачы. А потым многіх з іх прымусілі падняцца і пайсці ў скокі прама ў глядзельнай зале заліхвацкія мелодыі ад ансамбля народнага танца «Przepiorka».
Нарэшце надышоў час назваць лепшых з лепшых. І вельмі прыемна, што сярод прызёраў конкурсу аказаліся і нашы, пружанскія, артысты.У намінацыі “Народны танец. Стылізацыя народнага танца” ва ўзроставай катэгорыі да 16 гадоў 1 месца заняў танцавальны калектыў «Ладачкі» харэаграфічнага аддзялення ДШМ ім. Шырмы (кіраўнік Анастасія Клімонава); 2 месца – у трыа хлопчыкаў харэаграфічнага аддзялення Кляпацкага філіяла школы (кіраўнік Наталля Дзеранчук). 3 месца заняў ансамбль танца «Тапатушкі» Пружанскага ГДК (кіраўнік Валянціна Іскаліева).Вызначыліся раённыя танцоры і ў старэйшай узроставай катэгорыі (за 16 гадоў). 1 месца заслужана атрымаў узорны ансамбль танца «Завіруха» Ліноўскай ДШМ (кіраўнік Дзяніс Васілюк), на 2 месцы апынуўся народны ансамбль танца «Спадчына» Пружанскага ГДК, 3 месца – у саліста народнага тэатра танца «Ойра» Алега Строка.У намінацыях «Бальны танец» і «Сучасная харэаграфія» вызначылася толькі малодшая ўзроставая група. Сярод “бальнікаў” дыплом 1 ступені атрымаў танцавальны калектыў «Пацешкі» харэаграфічнага аддзялення ДШМ ім. Шырмы (кіраўнік Юлія Казак). У другой намінацыі дыпломамі 2 ступені былі адзначаны танцавальны калектыў «Сюрпрыз» Мураўскага СДК і выпускніца харэаграфічнага аддзялення Кляпацкага філіяла Пружанскай ДШМ Юлія Ганчар. Дыпломы 3 ступені атрымалі танцавальны калектыў «Пачуццё лёгкасці» Кляпацкага СДК і салістка танцавальнага калектыву «Амелі» Аляксандра Шляжко з Пружан.Крыху слабей пружанцы выступілі толькі ў намінацыі «Эстрадны танец». Саступіўшы першыя месцы сапернікам з іншых рэгіёнаў, дыпломы 3 ступені ў сваіх узроставых катэгорыях заваявалі ўзорны ансамбль эстраднага танца «Рубікон» Пружанскага ГДК і танцавальны калектыў Навазасімавіцкага СДК (кіраўнік Аксана Салавей)…
Так, нядзеля падарыла пружанцам мноства выдатных імгненняў. Упэўнена, успамінаць пра іх яны будуць без шкадавання. Застаецца толькі верыць і спадзявацца, што ў далейшым таленты будуць раскрывацца не толькі на вялікай сцэне Палаца культуры, але і на падмостках узведзенага ў парку амфітэатра…
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.