Понедельник, 21 апреля 2025

Дорожный сезон 2017: все о ремонтных работах этого года

1 016

З аднаго боку, практычна ўсе аўтааматары з нецярпеннем чакаюць заканчэння зімы, сюрпрызы якой нярэдка ўскладняюць дарожны рух. Аднак вясной  з-пад снегу вызваляюцца не толькі дарогі, але і пашкоджанні на іх. Дзе і якія рамонтныя работы будуць праводзіцца ў бягучым сезоне? На гэта пытанне адказваюць кіраўнікі дарожных арганізацый нашага раёна.

А.В.Субота, дырэктар філіяла КУП «Брэстаблдарбуд» ДРБУ-140:

— У бягучым годзе мы павінны закончыць добраўпарадкаванне пад’ездаў да аграгарадкоў з пераводам іх з гравійных у асфальтаваныя. Практычна ўсюды такія работы выкананы, засталіся толькі ўчасткі — паміж вёскамі Бярэзніца і Варанілавічы па дарозе Ружаны-Варанілавічы-Астравок працягласцю каля двух кіламетраў, ад в.Залессе праз Труханавічы і да аўтатрасы Р-98 па дарозе Дабучын-Труханавічы і ўезды ў в.Роўбіцк. Агульны кошт такіх планаў — 2,5 мільёна рублёў.

На ўчастку ад Залесся работы пачаліся яшчэ ў лютым бягучага года, мяркуецца, што да жніўня яны будуць выкананы ў поўным аб’ёме. Хутка мы прыступім і да асфальтавання пад’ездаў да Роўбіцка з планамі па здачы аб’ектаў да верасня. І ў кастрычніку будзе добраўпарадкаваны двухкіламетровы ўчастак дарогі каля Бярэзніцы.

Усяго на гэты год нам выдзелена 630 тысяч рублёў на ўтрыманне мясцовых дарог. Амаль палову з іх мы ўжо выдаткавалі на барацьбу з зімовымі сюрпрызамі. Такім чынам, на падтрыманне ў належным стане астатніх дарог грошай не вельмі многа, хапіла б на ямачны рамонт і грэйдзіраванне найбольш крызісных участкаў. Хаця напрыканцы сакавіка чакаем карэнных змен у нашым плане. Справа ў тым, што па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зараз створана ўрадавая камісія, якая вывучае прапановы дарожных арганізацый краіны па рэстаўрацыі рэгіянальных дарог. Намі падрыхтаваны прапановы на наступныя два-тры гады і агульным коштам да 13 мільёнаў рублёў. Яны былі дапоўнены выканкамам і накіраваны на разгляд у вышэйстаячую інстанцыю. Пэўнае павышэнне фінансавання чакаем, з улікам якога правядзем карэкціроўку планаў.

У.І.Пунько, дырэктар філіяла РУП «Брэстаўтадар» ДЭУ-25:

— Наша дарожная арганізацыя абслугоўвае рэспубліканскія дарогі, якія праходзяць праз Пружанскі раён: Р85 Слонім-Высокае, Р44 Гродна-Ружаны-Івацэвічы, Р50 Масты-Зэльва-Ружаны, Р101 Пружаны-Бяроза, Р81 Пружаны- мяжа РП, Р98 мяжа РП «Пясчатка»-Каменец-Шарашэва-Свіслач, Р78 Ваўкавыск-Поразава-Пружаны і пад’езд ад М1 Е30 да г.Пружаны. На бягучы год, напэўна, у сувязі з пераглядам фінансавання добраўпарадкавання рэгіянальных дарог, нам крыху зменшылі нашы планы, згодна з якімі сёлета мяркуецца традыцыйнае аднаўленне дарожнай разметкі. Таксама заасфальтуем паўкіламетра вуліцы Савецкай у Ружанах на ўчастку ад аўтастанцыі да цэнтра пасёлка з адначасовым рамонтам моста. Па новай тэхналогіі адновім пакрыццё шасці кіламетраў на дарозе Р81, пяці кіламетраў ад Бакуноў-2 да Котры Р78 і двух кіламетраў каля г.п.Ружаны — ад танка да санаторыя «Ружанскі» вакол возера Паперня. Гэта дазволіць істотна павялічыць абарону дарог ад кліматычнага ўздзеяння і заўчаснага зносу. Патрабуе аднаўленчых работ і гарадское кальцо. На гэта мяркуецца выдаткаваць звыш 270 тысяч рублёў.

Алег Сідарэнка.

Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *