Вторник, 22 апреля 2025

Домашний питомец с лесной опушки, или Как в Ровбицке Элвин поселился

1 233

Хатнія гадаванцы з’яўляюцца ў нашым жыцці па-рознаму: адных падбіраюць на вуліцы, другіх дораць… А Ірына Бульчук знаходзіць жывёл… у лесе.
У жыхаркі Роўбіцка асаблівыя пачуцці да прадстаўнікоў фаўны. А хіба можа інакш ставіцца да братоў нашых меншых чалавек, які з маленства жыве на ўлонні прыроды? Ірына Аляксандраўна вырасла ў Галенах — вёсачцы, што ў самой пушчы, працуе ў Нацыянальным парку — загадчыца турыстычнага комплексу, у наваколлі якога нямала ручных звяроў. Аляня Ляля, напрыклад, жыло на тэрыторыі музея народнага побыту і старадаўніх тэхналогій, пакуль не падрасло: яго давялося перасяліць у вальеры Нацыянальнага парку. Доўгі час частым госцем комплексу быў дзічок Пумба, які прыходзіў да гасцявога доміка паласавацца яблыкамі. Нярэдка сваімі смешнымі звычкамі забаўляюць яноты.
А два гады таму дома ў Ірыны Бульчук пасялілася вавёрка. Пра маленькага, патрапанага, знясіленага звярка, што, відаць па ўсім, упаў з дрэва і згубіўся, жанчыне расказаў знаёмы, які працуе егерам у пушчы. Мама-вавёрка так і не прыйшла за сваім дзіцём. Таму Ірына Аляксандраўна вырашыла забраць звярка дамоў. Тым больш што вопыт догляду за вавёркамі яна ўжо мела: некалі ў жанчыны жыў звярок, сям’я якога выпадкова загінула, калі ў лесе пілавалі дрэвы. Новага хатняга гадаванца доўга выходжвалі, кармілі з піпеткі.
Сёння ваверчаня, якому далі мянушку Элвін, — любімец усёй сям’і. Для звярка гаспадары зрабілі ўтульны куточак: у куце пакоя прымацавалі частку граба, на які «пасадзілі» клетку — домік для грызуна.
— Гэта вельмі энергічная жывёла. Элвін часцей гуляе па хаце, чым сядзіць у клетцы. Раніцай разам з намі снедае. Вельмі любіць свежыя агуркі, грызе арэхі, лускае семкі і любіць сцягнуць са стала зефір, — расказвае гаспадыня пра свайго ручнога гадаванца. — Гэта вельмі смешны і разумны звярок: як толькі ў дом прыходзіць кот, Элвін пачынае гучна пішчаць, каб падражніць яго і прыцягнуць нашу ўвагу да сябе.
Элвіну падабаюцца зносіны з людзьмі: ён дазваляе сябе гладзіць, шмат часу праводзіць з гаспадыняй. Як і належыць грызуну, гуляючы па хаце, любіць пакаштаваць усё на зуб, асабліва шнуры падзарадных прылад. Увогуле Элвін — цікаўны звярок: даследаваў ужо кожны закуток дома. Аднойчы падчас сваёй «экспедыцыі» нават стаміўся і заснуў у канапе, моцна напалохаўшы гаспадароў сваім знікненнем.
— Цэлы дзень безвынікова шукала яго. Ужо і не ведала, што думаць. Так расхвалявалася, што нават плакала. Калі прыйшоў муж з работы, тройчы ўсю мэблю перасунулі, пакуль гарэза не прачнуўся і, запішчаўшы, не выдаў сваю схованку.
Расказваючы пра сваіх хатніх гадаванцаў, Ірына Аляксандраўна падагульняе:
— Усё-такі здорава, калі цябе дома чакаюць не толькі родныя, але і вось такія шчырыя, адданыя істоты.
Марына Вакульская. Фота з архіва Ірыны Бульчук.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *