Раённы Дом рамёстваў, што размясціўся на вуліцы Касцякова ў Пружанах, не так вядомы жыхарам нашага раёна, як, напрыклад, Палац культуры. Можа, з-за таго, што знаходзіцца амаль на ўскрайку горада, а магчыма, што вядзе сваю гісторыю толькі з 2010 года.
Тым не менш, тут ёсць што паказаць і чым здзівіць гасцей. Ужо на ўваходзе сустракае прыгожая кампазіцыя “Беларускі падворак”. Чаго тут толькі няма! І тканыя ручнікі, і плот з лазы, і нават воз, на якім, як і мае быць, месціцца мех (мабыць, поўны жыта). А калі зазірнуць далей, то ўбачым калыску, якія раней былі амаль у кожнай беларускай хаце. Пройдзем далей – і сустрэнем сапраўднага дамавіка, які, як кажуць тут, ахоўвае не толькі гэтую ўстанову, але і тых, хто калі-небудзь завітваў сюды. А завітаць сапраўды варта.
Як расказала дырэктар Дома рамёстваў Раіса Мікалаеўна Тарасюк, з 24 студзеня тут пачала работу выстава работ народнай творчасці “Песня на ўсё жыццё”, прымеркаваная да 125-годдзя з дня нараджэння чарадзея беларускай народнай песні, фалькларыста Рыгора Раманавіча Шырмы.
У цэнтры выставы – партрэт нашага славутага земляка, намаляваны на шкле Верай Віктараўнай Волчык. Гасцям таксама прадстаўлены лепшыя работы – карціны, роспіс па дрэве і шкле, вырабы з дрэва, абрадавыя лялькі-абярэгі майстроў Дома рамёстваў Марыі Іванаўны Белаглаўка, Яніны Іванаўны Заянчкоўскай, Веры Віктараўны Волчык і Алены Пятроўны Бяляўскай. Прывабліваюць позірк таксама кампазіцыі з халоднага фарфору і домік з папье-машэ – вынік карпатлівай працы Сняжаны Мікалаеўны Протас з а/г Лінова.
Мяркуецца, што падобныя выставы стануць у Доме рамёстваў пастаяннымі. А яшчэ тут чакаюць дзяцей, якія хацелі б навучыцца вышываць крыжыкам, маляваць на шкле, рабіць уласнымі рукамі беларускую народную ляльку і шмат чаго яшчэ. Калі ж у вас ужо ёсць такія работы, то ў Доме рамёстваў гатовы нават наладзіць цэлую выставу. Зацікавіла? Тады зазірніце на Касцякова, 60. Тут будуць вам рады!
Уладзіслаў Шпарла.