Среда, 19 февраля 2025

Дом культуры у Калядзічах сёлета прызнаны лепшым сярод СДК раёна!

928

Па выніках работы за мінулы год ганаровы пераходны вымпел і дыплом з занясеннем на раённую Дошку гонару атрымала адна з культурных устаноў Хараўскога сельсавета. Калядзіцкі СДК быў прызнаны лепшым сярод сельскіх Дамоў культуры раёна.

Сёння ён з’яўляецца адной з самых значных устаноў аграгарадка, у зону абслугоўвання якога ўваходзяць таксама вёскі Вашчынічы, Ражковічы, Дабучын. Тут збіраецца моладзь, дарослыя і дзеці, каб бавіць вольны час з цікавасцю і карысцю.

Калектыў Калядзіцкага СДК разам з дырэктарам ААТ «Агра-Калядзічы» Аляксандрам Пішчом падчас ушанавання работнікаў гаспадаркі, жнівень 2021 г.

Пры Доме культуры працуе восем аматарскіх фарміраванняў. Толькі летась культработнікамі было праведзена больш за дзвесце мерапрыемстваў, якія наведала без малога сем тысяч чалавек.

Найбольшай папулярнасцю сярод дзяцей карыстаюцца гульнявыя праграмы, прысвечаныя здароваму ладу жыцця, пазнавальныя тэматычныя віктарыны і лекцыі. Таксама дзеці актыўна наведваюць розныя гурткі, якія працуюць пры СДК.

Шмат мерапрыемстваў, у тым ліку і выхаваўчага характару, праводзіцца для моладзі. Вядзецца ўзмоцненая работа з цяжкімі падлеткамі і дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Характэрна, што многія з іх сталі актыўнымі ўдзельнікамі аматарскіх клубных фармаванняў і дапамагаюць у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў.

Не застаюцца па-за ўвагай пажылыя людзі, інваліды, ветэраны і шматдзетныя сем’і. Актыўна супрацоўнічаюць культработнікі з мясцовай гаспадаркай і, вядома ж, са школай.

Кіраўніцтва Хараўскога сельсавета і работнікі Калядзіцкага СДК віншуюць ветэранаў, май 2022 г.

Шмат увагі работнікі Калядзіцкага СДК надаюць адраджэнню традыцыйнай беларускай культуры. Тут праводзяць такія абрады, як «Калядкі» і «Шчадруха», арганізоўваюць праграму «Мядовы Спас». Упершыню быў праведзены абрад «Ваджэння стралы».

На працягу года праходзяць выставы народных майстроў, праводзяцца майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Словам, робіцца ўсё магчымае, каб захаваць багатую мясцовую культурную спадчыну.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік і аўтара