Четверг, 5 декабря 2024

Доктар, якога любяць маленькія пацыенты і паважаюць нават самыя вопытныя калегі

2 186

Раённы педыятр Ірына Іванаўна Каўганка падкупляе сваёй шчырасцю, адкрытасцю і кампетэнтнасцю. Напэўна, таму яе так любяць маленькія пацыенты і паважаюць нават самыя вопытныя калегі.


— У адрозненне ад большасці сваіх калег, я не магу сказаць, што медыцына была маёй дзіцячай марай: проста так атрымалася, — прызнаецца раённы педыятр. — Паколькі мама была настаўніцай, я дакладна ведала адно: цэлымі днямі прападаць у школе, як яна, не хачу.


У мяне былі здольнасці да матэматыкі, фізікі і хіміі, і бліжэй да заканчэння школы я задумвалася над атрыманнем прафесіі інжынера. Але ў той час гэтая прафесія атаясамлівалася выключна з мужчынскай справай. Любіла маляваць і хацела пайсці ў Віцебскі інстытут лёгкай прамысловасці. Але Віцебск дастаткова далёка, для нашай сям‘і гэта было б нязручна.


У выніку мяне літаральна падштурхнулі ісці ў медыцынскі. Прыкладна гэтак жа, спантанна, адбыўся і выбар спецыялізацыі. Памятаю, зайшла ў інстытуцкі дворык і сустрэла аднакласніцу брата, якая ўжо закончыла першы курс у медыцынскім. Яна расказала, што цікавей такога накірунку, як педыятрыя, няма. І я вырашыла стаць педыятрам, хаця рэальнага ўяўлення, што гэта такое, не мела…
З таго часу прайшло больш за сорак гадоў. Ці шкадуе дзіцячы доктар пра зроблены шмат гадоў таму выбар?


Наадварот, захапляецца, наколькі далёка пайшла зараз медыцына. Запэўнівае, што за перыяд яе работы ў галіне многае кардынальна памянялася ў лепшы бок. Галоўнае — дзіцячая смяротнасць знізілася амаль што да нулявой адзнакі. Падкрэслівае, што гэтаму пасадзейнічалі і змяненні ў свядомасці людзей: сёння бацькі не чакаюць дома, пакуль самаадчуванне дзіцяці пагоршыцца, а звяртаюцца па назначэнне лячэння на пачатковай стадыі захворвання.


— Дыплом урача, калі не падабаецца абраная справа, — быццам чамадан без ручкі: і несці складана, і кінуць шкада, — усміхаецца Ірына Іванаўна.

Як чалавек з пэўным вопытам і неабыякавы да таго, што адбываецца ў галіне, Ірына Каўганка мае свой пункт гледжання на многія пытанні, якія знаходзяцца ў яе полі зроку.


— Сёння мы робім прышчэпкі ад тых хвароб, пра якія ўжо забыліся і жыхары Беларусі, і ўрачы. А ўсё дзякуючы нябачнай карпатлівай рабоце медыкаў, якая расцягнулася не на адзін год. Таму, як бы гэта банальна ні гучала, галоўнае — правільна весці прафілактыку, каб да неабходнасці лячэння справа і не дайшла.


Аднак не можа не засмучаць раённага педыятра той факт, што нараджальнасць на Пружаншчыне значна знізілася: у 1986 годзе, калі І.І.Каўганка прыйшла працаваць у радзільны дом, у раёне нарадзілася 1067 немаўлят, а за мінулы 2020-ы зарэгістравана ўсяго толькі 381 дзіця.
Марына Вакульская. Фота Кацярыны Масік.