Галоўнае мерапрыемства ў рамках вясенняга прызыву адбылося ў малой зале гарадскога Палаца культуры і распачаў яго ваенны камісар раёна падпалкоўнік Шаўчэнка. Кірыл Усеваладавіч зачытаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб прызыве грамадзян на тэрміновую вайсковую службу і ўручыў першыя павесткі прызыўнікам.

Да маладых людзей, якія хутка апрануць ваенную форму і стануць у строй, са словамі падтрымкі і пажадання выдатнай службы звярнуўся старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане В.М.Гарахавіцкі. Афіцэр засяродзіў увагу будучых салдат на тым, што ім, у адрозненне ад пакалення “шураві”, пашчасціла служыць у мірнай і квітнеючай краіне.

— Званне абаронцаў Рэспублікі Беларусь – гэта гонар і адказнасць! Час службы ў войску можа стаць адной з самых яркіх падзей у жыцці. Лёгкай вам службы! Не ганьбіце памяць нашых бацькоў і дзядоў, ратнымі подзвігамі якіх усе мы павінны ганарыцца, — сказаў Валерый Мікалаевіч.

Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Абарона дзяцей Чарнобыля” старшы прапаршчык К.Р.Барэеў таксама пажадаў юнакам быць прыстойнымі вайскоўцамі, каб па праву звацца абаронцамі Айчыны.

— Служба ў войску – не страчаны, як некаторыя кажуць, час, а час сталення. Вучыцеся падпарадкоўвацца старэйшым па званні, жыць у калектыве, — пажадаў Каміль Рызабікаевіч.

Добрых камандзіраў і надзейных саслужыўцаў пажадаў будучым салдатам і клірык Свята-Аляксандра-Неўскага храма іерэй Дыянісій Папоў, які, між іншым, у свой час таксама праходзіў тэрміновую службу.

— Падчас яе, дарэчы, і выбраў свой далейшы шлях, — шчыра прызнаўся святар. — Доўгімі начнымі дзяжурствамі на агляднай вышцы глядзеў у зорнае неба і адчуваў, дзе і Каму я павінен служыць. Таму адразу пасля арміі і паступіў у семінарыю… Служыце і вяртайцеся да сваіх бацькоў і дзяўчат, якія будуць вас чакаць…
А служыць пружанскія хлопцы будуць у розных часцях і падраздзяленнях Узброеных Сіл РБ, якія дыслацыруюцца ў Слоніме, Гродне, Брэсце, Бярозе, Калодзішчах, Гомелі, Барысаве і іншых гарадах.

Будучым дэсантнікам-штурмавікам і спецназаўцам, артылерыстам і танкістам, пагранічнікам і кінолагам з Пружанскага раёна свае музычныя нумары прысвяцілі ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці гарадскога Палаца культуры Валянціна Іванцова, Ульяна Кунда і Наталля Грышкевіч.

Завяршылася ўрачыстаць экскурсіяй, наладжанай для прызыўнікоў у пакоі баявой славы, аб ваенных падзеях у Афганістане. Пасля яе мы паразмаўлялі з двума прызыўнікамі-сябрамі, якія падзяліліся сваімі думкамі і хваляваннямі.

Іван Міхайлюковіч будзе служыць у 841-й групе артылерыі г.Гродна, калі… Калі да 1 ліпеня не атрымае адтэрміноўку як супрацоўнік атамнай станцыі, дзе юнак зараз працуе. А Дзмітрый Вахновіч “памаршыруе” ў кіналагічны цэнтр у Калодзішчах.
Але дзе б нашы хлопцы ні служылі, можна быць упэўненымі, што пружанцам за іх не будзе сорамна.
На здымках: павесткі ўручае В.М.Гарахавіцкі; Іван Міхайлюковіч і Дзмітрый Вахновіч.