— Ой, маразы стаяць якія! А раней яшчэ большыя былі! А як шчадравалі тады! Яшчэ мая бабуля расказвала, чаго толькі моладзь не вырабляла. Пакладуць шкліну на комін, раніцай гаспадыня распаліць у печы, а дым увесь у хату ідзе. Яна ў комін зазірне — не, адтуліна свеціцца…
З гумарам і непадробнымі мясцовымі інтанацыямі Ірына Параняк расказвае чарговую ці то гумарэску, ці то рэальную гісторыю. Ззяе вясёлымі агеньчыкамі ёлка пасярод танцавальнай залы, сіне-шэрыя надзіманыя шары нібы ківаюць у такт жанчынам, якія заўзята спяваюць шчадроўкі. У Роўбіцкім сельскім клубе-бібліятэцы ідзе рэпетыцыя абрада «Шчодры вечар». Традыцыйна напярэдадні старога Новага года (ён жа — дзень святога Васіля) творчы калектыў СКБ збіраецца, каб павіншаваць аднавяскоўцаў са святам.
Чарада калядных свят, якая пачалася з Нараджэння Хрыстова, працягваецца «багатай» куццёй, вясёлай і разгульнай Шчадрухай. Тут да месца і жарты, і забавы, але на першым плане — добрыя пажаданні, каб шчодра сёлета радзіла зямля, каб багатым быў стол, заможным — жыццё. І, зразумела, каб удосталь Бог надзяліў людзей здароўем і шчасцем, у хатах гаманілі дзіцячыя галасы, мір і спакой панавалі і ў свеце, і ў сэрцах…
— На мінулым тыдні мы заходзілі ў дамы нашых вяскоўцаў з калядкамі, зоркай, віншавалі з Ражством, а вечарам 13 студзеня парадуем усіх шчадроўкамі, якія спявалі некалі нашы продкі, — расказвае загадчыца Роўбіцкага СКБ Таццяна Папко. — Пачнём са старажылаў, тым больш што працягваецца акцыя «Ад усёй душы». Гэта якраз той выпадак, калі старажытныя і новыя традыцыі арганічна дапаўняюць адна адну. Мы ўжо выязджалі ў Сухопальскую бальніцу сястрынскага догляду, разам з калектывамі з Мураўскага СДК і Сухопальскага СКБ віншавалі яе пацыентаў. А зараз самыя шчырыя пажаданні адрасуем пажылым жыхарам Роўбіцка. Ды, зразумела, і маладых не абмінём! Каб жылі ў шчасці, не ведалі бяды і напасці, каб багатая куцця дала цэлы год заможнага жыцця!
Ірына Сядова
Фота Кацярыны Масік