Вторник, 22 апреля 2025

Добры парадак павінен быць усюды

303

Месячнік па добраўпарадкаванні праходзіць у Пружанскім раёне. Працягнуцца работы па 11 красавіка.

Рашэнне аб правядзенні месячніка прынята райвыканкамам
10 сакавіка. Быў зацверджаны састаў рабочай групы для выяўлення праблемных тэрыторый, якія патрабуюць першачарговага навядзення парадку. Згодна з гэтым, распрацаваны план мерапрыемстваў па прывядзенню адміністрацыйных тэрыторый у належны санітарны стан, вызначаны тэрміны выканання работ.

На мінулым тыдні працоўны дэсант прадстаўнікоў станцыі хімізацыі, лясгаса, райспажыўтаварыства, аддзела па адукацыі, устаноў дашкольнай і школьнай адукацыі, упраўлення па працы і сацыяльнай абароне, рэдакцыі газеты «Раённыя будні», інспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя, архітэктуры, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, Белдзяржстраху, паштовай сувязі,
упраўлення капітальнага будаўніцтва, устаноў культуры, агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, малочнага камбіната, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, РАНС, фінансавага аддзела, падатковай інспекцыі, райаддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, аддзела статыстыкі, райвыканкама, аўтапарка № 11, ДРБУ-140, ДЭУ-25, райваенкамата, пракуратуры, аддзела Дэпартамента аховы, завода радыёдэталяў ачышчалі ад апалага лісця і смецця гарадскі парк. Тэрыторыя немаленькая.

У гэтыя дні таксама ішло добраўпарадкаванне памятных мясцін Пружан. Гэтым займаліся супрацоўнікі электрасетак, Белтэлекама, газазабеспячэння, агратэхнічнага каледжа, ільнозавода, камбіната бытавога абслугоўвання.

Нямала будзе яшчэ работы па добраўпарадкаванні вуліц і дваровых тэрыторый камунальнай службе і дарожным работнікам. А гэта пабелка дрэў, аднаўленне лавак, ямачны рамонт дарог, тратуараў і многае іншае.

На жаль, не ўсе гараджане цэняць працу іншых. Аб гэтым сведчаць паламаныя лаўкі, урны. Выявіць бы такіх дзікуноў і прымусіць працаваць на карысць роднага горада, а яшчэ і прымяніць самыя жорсткія штрафныя санкцыі. Глядзіш, кожны год не трэба будзе ўкладваць сродкі на рамонт і замену.

Работы многа. Будзе яшчэ суботнік, на якім мы поўнасцю прывя-дзем наш раён у парадак. Будзе чыста і прыемна як самім, так і не сорамна перад гасцямі. Хутка юбілей Вялікай Перамогі, а там і фестываль «Сонцастаянне». Прыедзе шмат гасцей, якія павінны даць самую высокую адзнаку Пружанам і пружанцам таксама.


Віктар Ільюшчанка
Фота Кацярыны Масік