Понедельник, 13 января 2025

Добрая справа

303

Гэта гісторыя пра тое, што добрых спраў многа не бывае, а калі кожны на сваім месцы зробіць хаця б адну маленькую, але карысную некаму справу, то шчаслівых людзей стане больш…

Калі гаворка ідзе пра нас саміх ці пра нашых блізкіх, мы імкнемся маментальна вырашыць пытанне, тэлефануем сябрам, тэрмінова шукаем выхады з непрыемнай сітуацыі. Бо любая нявырашаная праблема і спаць не дае, і нервы казыча. І як у вядомым фільме «Ёлкі» па «тэорыі шасці поціскаў рукі», паводле якой кожны чалавек на зямлі ведае іншага праз шэсць знаёмых, тады ўсе пытанні вырашаюцца станоўча і ў самы кароткі час, галоўнае, зрабіць першы крок.

Такая гісторыя адбылася і з Марыяй Іванаўнай, якая пражывае па вул. Горына-Каляды. Толькі ў яе выпадку ўсё атрымалася зусім інакш, «тэорыя шасці поціскаў» не спрацавала, пакуль яна не дазванілася ў нашу рэдакцыю. На працягу некалькіх гадоў жанчына звярталася ў розныя інстанцыі. Дапамога быццам бы і прыходзіла, але ненадоўга. І да журналістаў жанчына звярнулася з адзінай просьбай — выслухаць і дапамагчы. На месца «здарэння» мы выехалі неадкладна. Пажылая жанчына адразу паказала на свой прысядзібны ўчастак.

Прыкладна гадоў 10 таму на мяжы яе двара і суседскага з дазволу жыхароў была выкапана яма для сцёку вады з цэнтральнага рынку, які знаходзіцца прама за плотам. Пры моцных ліўнях яма хутка запаўнялася вадой, якая разлівалася на агароды. Кіраўніцтвам Пружанскага райспажыўтаварыства, у ведамстве якога знаходзіцца рынак, было прынята рашэнне аб пашырэнні ямы, і неўзабаве яна ператварылася ў сапраўдную сажалку. Жыхары суседніх дамоў былі супраць, але іх пераканалі, што такое вырашэнне пытання будзе самым эфектыўным для абодвух бакоў, а за штучным вадаёмам будуць сачыць адказныя асобы.

На самой справе, мякка кажучы, усё аказалася не зусім так. Пасля дажджоў ці раставання снегу вада з рынка ўсё роўна залівала прыватны падворак, летнюю кухню, склеп і нават гаражы. У роспачы Марыя Іванаўна пісьмова звярнулася ў вышэйстаячыя інстанцыі. Пасля праверкі абласной камісіяй паставілі кампрэсар, які аўтаматычна адпампоўваў ваду пры запаўненні сажалкі, але і гэтае рашэнне пацярпела фіяска. Ішоў час, і сажалка ператварылася ў закінуты «аазіс» з разнастайнай расліннасцю. Як бачна на фотаздымках, тут былі і зараснікі чароту, і аер, а замест ліян па ўсім двары папоўз хмель, шчыльна абвіваючы садовыя дрэвы і кусты маліны. І з усёй гэтай «прыгажосцю» Марыя Іванаўна ў адзіночку сапраўды не спраўлялася.

Па каментарый сітуацыі мы звярнуліся да кіраўніцтва Пружанскага райспажыўтаварыства, але на некаторы час адказ, што называецца, завіс у паветры: два тыдні прайшло з нашай першай размовы па тэлефоне. А за гэты час Марыя Іванаўна яшчэ патэлефанавала на «прамую тэлефонную лінію» з кіраўнікамі мясцовай улады.

Што спрацавала больш, мы не ведаем, але літаральна на наступны дзень пасля яе тэлефанавання брыгада рабочых райспажыўтаварыства навяла бездакорны парадак на тэрыторыі, пачысціла сажалку, скінула хмель з яблынь, вызваліла ад палону маліннік, вывезла смецце. Аказваецца — усё магчыма!

Гісторыя Марыі Іванаўны вельмі павучальная. Спадзяемся, што на яе прыкладзе менш будзе памылак з боку тых, хто жыве і думае “мая хата з краю, і так сыдзе”, і дзякуй, што ў гэтым выпадку не сышло. Ланцужок добрых спраў замкнуўся шчаслівым фіналам. І нам вельмі прыемна, што на гэтым шляху наш удзел таксама меў вагу.

Ірына Велясевіч. Фота аўтара