Пятница, 14 февраля 2025

Добраўпарадкаванне, мадэрнізацыя электраліній, знос старых дамоў і мара пра ўласны фестываль. Старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мардань расказала пра тое, што зроблена ў 2021-м, і падзялілася планамі на 2022-гі

755

Са старшынёй Ліноўскага сельвыканкама Таццянай Мардань мы пагутарылі аб жыцці сельсавета, пра тое, якім быў год мінулы і што плануюць тут зрабіць сёлета.

— Таццяна Мікалаеўна, раскажыце, калі ласка, чым 2021 год быў адметны для сельсавета?
— Пачнём, бадай, з самага прыемнага: у нас нарадзілася 21 дзіця. Будзем спадзявацца, што гэты год будзе не менш “ураджайным”, а то і перасягне паказчык мінулага. Варта адзначыць тое, што было заключана сем шлюбаў. Гэта таксама дае надзею на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі.

— А як справы з навядзеннем парадку на зямлі і добраўпарадкаваннем?
— У гэтым плане зроблена нямала. Летась знеслі 15 пустуючых дамоў, дапамогу ў работах аказвалі ААТ “Айчына” , “Ліноўскае”, “Аранчыцкая птушкафабрыка”. Але ўсё роўна хацелася б сказаць некалькі слоў аб праблеме невыкарыстоўваемага жылля. Ёсць яшчэ шмат дамоў, знешні выгляд якіх, мякка кажучы, не зусім эстэтычны, але гаспадары або нашчадкі не спяшаюцца наводзіць парадак на сваіх тэрыторыях. Хочацца папрасіць іх больш адказна ставіцца да гэтай справы. А калі няма магчымасці ці жадання падтрымліваць у належным выглядзе невыкарыстоўваемы дом, то можна напісаць заяву ў сельвыканкам і адмовіцца ад уласнасці, так сказаць, аддаць дзяржаве.

За мінулы перыяд два такія дамы былі намі прададзены, за выручаныя сродкі стала магчымым пабудаваць дзіцячую пляцоўку каля Дома культуры. Што тычыцца добраўпарадкавання, то была заасфальтавана вуліца Юбілейная ў в. Аранчыцы. Праводзяцца работы і на могілках: у Загор’і, напрыклад, знесены дрэвы і расчышчана каля 10 сотак дадаткова. На будучае плануецца ўсталяваць плот па перыметры гэтай тэрыторыі. Хочацца спадзявацца, што дапамогу акажуць родныя тых, хто пахаваны на ўзгаданых могілках.

— Ведаю, што на тэрыторыі сельсавета вядзецца мадэрнізацыя электраліній.
— Так, філіялам РУП “Брэстэнерга” “Пружанскія электрасеткі” былі мадэрнізаваны электралініі ў в. Палонна-Забалацце і Бакуны, што дало магчымасць жыхарам гэтых населеных пунктаў падключыць электраацяпленне. Ужо выказалі жаданне зрабіць гэта шасцёра жыхароў Бакуноў. Плануецца мадэрнізацыя электраліній у вёсках Куплін і Ткачы.

— Сельвыканкам заўсёды актыўна прымае ўдзел у разнастайных мерапрыемствах, конкурсах. Якімі поспехамі мінулага года можаце пахваліцца?
— Мы ўдзельнічалі ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў “Разам за здароўе”, які быў аб’яўлены Брэсцкай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў. Увайшлі ў тройку прызёраў. На падставе гэтага з’явілася ідэя – пабудаваць варкаўтную пляцоўку, што дасць магчымасць моладзі з карысцю для здароўя праводзіць свой вольны час.

Таксама занялі першае месца па выніках работы сярод аглядных камісій.

Але ўсё гэта — ініцыятывы, так сказаць, звонку. Хочацца ж нечага свайго, на мясцовай глебе. Не першы год выношваем мару праводзіць на тэрыторыі сельсавета свой фестываль, магчыма, з нейкімі фальклорнымі традыцыямі, які прыцягваў бы ўвагу не толькі жыхароў раёна, але і вобласці, а можа, нават рэспублікі. Тым больш, што на нашай тэрыторыі чыгуначная станцыя Аранчыцы, недалёка — аўтадарога М1.

— Таццяна Мікалаеўна, а як з планамі на будучыню?
— Будзем працягваць работу па зносе пустуючых дамоў, на гэты год уключана ў спіс 16 такіх. Увага будзе надавацца папярэджанню бытавой злачыннасці. Працягнем работу па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні, ліквідацыі стыхійных звалак. Зразумела, вырашаць па магчымасці і тыя пытанні, якія ўзнікнуць у жыхароў сельсавета на працягу года. Бо гэта таксама немалая частка нашай работы. А наогул мы заўсёды рады бачыць у сценах сельвыканкама жыхароў са слушнымі прапановамі і заўвагамі.

Вадзім Раўнейка. Фота Сяргея Талашкевіча і Кацярыны Масік