Четверг, 15 января 2026

«…До ледовых широт поднялись…»

390

Вельмі хочацца пазнаёміць чытачоў «раёнкі» з цікавым чалавекам, нашым земляком, які ў поўнай меры адчуў усе нягоды пасляваеннага часу, але гэта яшчэ больш надало сіл і загартавала яго дух.

Канстанцін Рубец —ганаровы палярнік, гвардыі падпалкоўнік, нарадзіўся 1 лютага 1941 года ў в. Паддубна Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і Рубец Марыі Фамінічны і Сцяпана Фёдаравіча. Цяпер пражывае ў горадзе Віцебску.

Канстанцін Сцяпанавіч усё жыццё цікавіўся гісторыяй свайго роднага краю, меў зносіны з землякамі, а прачытаўшы чарговую замалёўку пра нашу музейную акцыю «Падары музею экспанат», вырашыў перадаць нам прадметы, якія захоўваў усё жыццё ў сямейным архіве.
Але, напэўна, самым каштоўным стала яго аўтабіяграфія, жывое сведчанне эпохі.

«Мне было 4,5 месяца, калі пачалася вайна. — успамінае Кастусь Сцяпанавіч. — У сям’і было 11 дзяцей, выжыла толькі шасцёра. Пасля вайны была страшная разруха, палова хат у вёсцы згарэла, жылі ў зямлянках. Хадзілі распранутыя і разутыя. У першым класе вучыліся лічыць па палачках з бярозавага веніка, злучалі іх па 10 штук, — так вывучалі матэматыку. Не было нават на чым пісаць, замест сшыткаў выкарыстоўвалі газеты. Буквар быў адзін на траіх, а партфелем служыла сумка ад працівагаза. Есці не было чаго, мама перад школай давала адну аладку з крухмалу.

Непадалёк у мястэчку Гарадзечна была пачатковая школа. Першымі настаўнікамі былі два выдатных педагога: Уладзімір Фёдаравіч Зазуля і Валянціна Андрэеўна Зазуля».

Канстанцін Сцяпанавіч шмат гадоў вёў перапіску са сваім настаўнікам. У 2013 годзе школа ў Гарадзечна адзначыла 90-гадовы юбілей Уладзіміра Фёдаравіча, у якім ён таксама прыняў удзел сярод выпускнікоў розных гадоў.

Канстанцін Рубец —унікальны чалавек. На працягу трох гадоў служыў камандзірам часці в/ч 42034 у Арктыцы на востраве Сярэдні. Гэта невялікая вузкая палоска шырынёй ад 500 метраў да 1,3 кіламетра і даўжынёй 24 км, уваходзіць у склад архіпелага Паўночная Зямля ў Карскім моры Паўночнага Ледавітага акіяна.

«Арктыка — незвычайнае месца, тут неба не блакітнае, а сіняе, а паўночнае ззянне нікога не пакідае абыякавым. Узім-ку тэмпература -60 градусаў, а калі -15, то з’яўляюцца ледзяшы. Снег утрамбаваны так, што ідзеш не правальваючыся. З 1 сакавіка па 15 верасня — палярны дзень, а з 1 верасня па пачатак сакавіка — палярная ноч. Арктыка фармуе надвор’е на ўсю Еўропу».

На востраве размяшчаўся адзіны на Паўночнай Зямлі аэрадром. Задача вайсковай часці, у якой служыў Канстанцін Рубец — запраўка самалётаў палівам падчас працяглых пералётаў.
«Служба нялёгкая ў паўночных шыротах: недахоп кіслароду, магнітныя буры па 4- 5 гадзіны ў дзень, якія не дазваляюць па марзянцы звязацца з мацерыком — Ціксі, сталіцай Арктыкі».
Жыхары вострава жылі ў цубах. ЦУБ — цыліндрычны ўніфікаваны блок, упершыню быў спраектаваны і выраблены ў 1975 годзе. Круглая форма перашкаджала ўтварэнню снежных гурбаў і разбурэнню ад моцнага ветру. Усярэдзіне ён цалкам уладкаваны для пражывання, ацяпляўся круглыя суткі дызельнай электрастанцыяй.

«На востраве разам з людзьмі жылі сабакі з густой поўсцю, разумнымі вачамі і вельмі паслухмяныя. Калі б не яны, людзі не зладзіліся б з белымі мядзведзямі. Бо знішчаць белага мядзведзя нельга: жывёла занесена ў Чырвоную Кнігу. Сабакі адпужвалі мядзведзяў брэхам.
Забеспячэнне харчаваннем у часці было добрым: мяса фінскае, яблыкі кітайскія, згушчонка беларуская з Глыбокага. Прадукты і забеспячэнне ўсім неабходным для жыцця ва ўмовах вечнай мерзлаты ішло з Мурманска і дастаўляліся ледаколам «Расія», велізарным караблём вышынёй з пяціпавярховы дом, які расколваў лёд таўшчынёй да 3 метраў. Пісьмы атрымлівалі адзін раз у тры месяца».

Пасля адыходу ў адстаўку Канстанцін Сцяпанавіч больш за 30 гадоў жыў у мястэчку Варанцова Пскоўскай вобласці. Працаваў некалькі гадоў у мясцовай сярэдняй школе, дзе ўдзельнічаў у будаўніцтве ціра для падрыхтоўкі старшакласнікаў да ваеннай справы. Разам з аднавяскоўцамі пабудаваў храм Святога Вялікапакутніка і Лекара Панцеляймона.


Ангеліна Маруфенка, дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык»

НА ЗДЫМКАХ: Рубец Канстанцін Сцяпанавіч з жонкай Ліліяй Аляксандраўнай; Канстан-цін Сцяпанавіч з любімым першым настаўнікам Зазулей Уладзімірам Фёдаравічам;
сям‘я Канстанціна Сцяпанавіча, 1950 г., в. Паддубна (Канстанцін справа крайні за бабуляй).