Ні для кога ўжо не дзіва, што на пружанскім лёдзе летам трэніруюцца юныя хакеісты і фігурысты з іншых краін. Толькі сёлета трэніровачныя зборы прайшлі будучыя зоркі з Расіі, Эстоніі і Грэцыі. І калі ў асноўным гэтых маладых спартсменаў яшчэ чакае прызнанне, то артыстка тэатра на лёдзе “АЛЕКО” Кацярына Старшова добра вядома ўсім падлеткам і іх бацькам. Так-так, Пугаўка з серыяла “Бацькавы дочкі” ўжо другі раз прыязджае ў наш горад і менавіта ў гэтыя дні разам з калегамі адточвае майстэрства ў Лядовым палацы.
У сапраўды шчыльным графіку Кацярына і мастацкі кіраўнік тэатра Вольга Кандрашова знайшлі час, каб сустрэцца з журналістамі “раёнкі” і адказаць на некалькі пытанняў.
— Вольга Ільінічна, як даўно Вы аблюбавалі пружанскі лёд?
— Ужо 6 ці 7 гадоў мы праводзім летнія трэніровачныя зборы ў Беларусі, у вашым горадзе мы трэці раз. Нам падабаецца тут, хаця ёсць пэўныя дробныя заўвагі, нават хутчэй пажаданні, якія мы выказалі адміністрацыі. Жывём у вёсцы Мокрае і проста адпачываем ад мітусні нашага мегаполіса, дзе асабліва шумна было падчас чэмпіянату свету па футболе. А ў вас я спакойная за дзяцей, ім ёсць дзе пагуляць, падыхаць чыстым паветрам, набрацца сіл. Ужо ў жніўні нас чакае першае выступленне.
Наогул мы ў захапленні ад колькасці спартыўных аб’ектаў у Беларусі. Гэта выдатна, што ў малых гарадах такая багатая спартыўная інфраструктура.
— Ці паспелі Вы і дзеці пазнаёміцца з нашым горадам?
— Мы ведаем, дзе магазін са смачнымі яблыкамі і дзе магазін з малаком (смяецца). На самай справе, праграма трэніровак вельмі насычаная, амаль па 4 гадзіны штодня дзеці ці на лёдзе, ці на спартыўнай пляцоўцы толькі ў Пружанах. Зразумела, што яны стамляюцца. Але мы знайшлі час наведаць Брэсцкую крэпасць і Белавежскую пушчу. Не падумайце, што дзецям даводзіцца сумаваць: мы забаўляем іх уласнымі сіламі ў Мокрым.
— У Вашым тэатры на лёдзе займаецца каля 120 юных артыстаў, а ці ёсць яшчэ такія знакамітыя, як Пугаўка?
— Гэта для вас яна Пугаўка, а для нас — артыстка і спартсменка Каця Старшова, якая займаецца фігурным катаннем з трох гадоў. Выдзеліць некага асобна не магу: мы ўсе — калектыў. Прычым даволі знакаміты. Акрамя выступленняў, мы ўдзельнічаем у спаборніцтвах па спартыўным балеце і маем значныя поспехі. Толькі ў Маскве ў гэтым годзе мы ўзялі 15 першых месцаў і два Гран-пры. А яшчэ ездзілі на спаборніцтвы ў Францыю, Іспанію, ЗША. Больш за тое, амаль усе нашы дзеці добра вучацца і дабіваюцца поспехаў і ў іншых сферах. А ўсё з-за таго, што яны з дзяцінства ў спорце, а значыць, умеюць ставіць мэты і планаваць свой час.
Пакуль мы гутарылі з Вольгай Кандрашовай, трэніроўку на пляцоўцы скончыла Кацярына. Як і абяцалі ў сацыяльных сетках, ёй мы перадалі пытанні, адрасаваныя ўдзельніцамі ўзорнага падлеткавага клуба «Юніёр-эрудыт-клуб».
— Каця, якое ў цябе ўражанне ад Пружан?
— У вашым горадзе я другі раз, упершыню пабывала тут пазалетась. Што тычыцца трэніровак, то ўсё ў вас падабаецца. А вось паглядзець горад няма часу. За тры тыдні ў нас было толькі два выхадныя..
— Дзе ты вучышся і кім плануеш стаць?
— Летась я скончыла 9 класаў і паступіла ў экстэрнат, які паспяхова (з чырвоным атэстатам) скончыла сёлета. Я ўжо здала АДЭ (адзіны дзяржаўны экзамен) па матэматыцы і рускай мове, а яшчэ год планую прысвяціць хіміі і біялогіі, каб стаць студэнткай медыцынскай ВНУ. На дадзены момант у мяне такія планы.
— А як у цябе атрымліваецца ўсё паспяваць пры такім насычаным графіку выступленняў і трэніровак?
— На самай справе, мне часта задаюць гэтае пытанне. Мне здаецца, калі ў цябе ёсць мэта, ты на ўсё знойдзеш час і магчымасці, толькі не трэба ленавацца. Што да вучобы, то дакладныя навукі даюцца мне досыць лёгка, а вось над гуманітарнымі прадметамі даводзіцца “пасядзець”. Але нічога страшнага ў гэтым не бачу.
— Упэўнены, што ў цябе ёсць час на прагляд фільмаў і на чытанне кніг. А назаві, калі ласка, свой любімы фільм і кнігу.
—Любімы фільм – “Уладар кольцаў”, а кнігі дзве — гэта “Спектр” Сяргея Лук’яненкі і “Крыніца” (“Источник”) Айн Рэнд.
На здымках: Кацярына Старшова падчас трэніроўкі ў Лядовым палацы ў Пружанах; трэнер па спартыўных парах Павел Кіташаў дае парады.
Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).