Понедельник, 2 декабря 2024

Для скейтбордараў і кікскутараў! У Пружанах адкрылі новую скейт-пляцоўку (+многа фота)

392

Скейтбордары і кікскутары — хутчэй за ўсё, старэйшым падпісчыкам нашай газеты гэтыя словы здадуцца дзіўнымі і незразумелымі. Але толькі не пружанскай моладзі. Колькі разоў на вуліцах горада даводзілася бачыць падлеткаў са скейтамі ці самакатамі, сказаць складана. Дык вось ведайце: гэта яны! Якраз для такіх маладых людзей і ўсіх аматараў спорту ў Пружанах адкрылі новую скейт-пляцоўку.

Вучня СШ № 5 г. Пружаны Аляксея Папко якраз можна аднесці да прыхільнікаў кікскутарынгу. Тое, якія трукі гэты дзевяцікласнік вытвараў са сваім самакатам, карэспандэнт запрыкмеціў яшчэ да адкрыцця пляцоўкі. Аказалася, што захапленне Лёша пераняў ад сябра. Сёння ў яго нават ёсць TikTok на гэтую тэматыку, падпісаны на які тры тысячы чалавек.

— Пачынаў са скейта, але з ім сяброўства было нядоўгім. Сябар Артур, разам з якім займаліся футболам у нашай СДЮШАР, паказаў самакат і тое, што можна з ім рабіць. Стала цікава, захацеў паспрабаваць, а таму набыў самакат сабе. Пасля знайшоў сяброў, якія таксама робяць «самакатныя» трукі. Да гэтага збіраліся каля Лядовага палаца, скакалі на бардзюрах і, канечне, вельмі марылі пра скейт-пляцоўку, — расказаў Аляксей.

І мары здзяйсняюцца. Як падкрэсліў падчас адкрыцця пляцоўкі галоўны спецыяліст райвыканкама Аляксей Лапыка, спорт выхоўвае моцны характар, і сябраваць з ім вельмі важна. А прыкладаў спартыўных поспехаў нашых пружанцаў нямала. Менавіта таму ўвасабленне ў жыццё ініцыятывы, якую ў райвыканкаме выношвалі даўно, прынесла вялікую радасць дзецям і падлеткам.

Іх на скейт-пляцоўцы ў гэты дзень сабралася нямала — выхаванцы СДЮШАР г. Пружаны і такія, як Аляксей Папко, кікскутары-аматары. Разам з імі — трэнеры і гараджане.

У скверы за райвыканкамам, дзе адкрылася скейт-пляцоўка, створана сапраўдная зона для актыўнага адпачынку. Побач — варкаўт-пляцоўка, якую ўжо палюбілі як школьнікі, так і іх бацькі. Непадалёк — дзіцячая зона ад «Пружанскага малочнага камбіната», а з іншага боку — міні-футбольнае поле СДЮШАР. Тут жа — алея, закладзеная ў гонар Дня народнага адзінства. Словам, ёсць дзе ў гэтым раёне горада і спортам заняцца, і адпачыць. А яшчэ адкрыццё пляцоўкі стала адным з цудоўных падарункаў Пружанам у іх юбілейны год.

Пасля звароту Аляксея Лапыкі кікскутары прадэманстравалі свае здольнасці і падрыхтоўку. Хлопцы разам з самакатамі ўздымаліся ўвышыню, і гэта было вельмі яскрава!

Што ж, цяпер у іх ёсць месца для ўдасканальвання навыкаў і развучвання новых элементаў. Гэта значыць — яшчэ адна пляцоўка для зносін і пошуку сяброў. Хто ведае, можа, менавіта на ёй у будучым зробіць першыя трукі скейтбордар або кікскутар, ведаць якога і ганарыцца якім будуць не толькі ў Пружанах.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара

Фотаальбомы тут: https://vk.com/album-23306785_295408708 і https://ok.ru/budni/album/965915775624