Традыцыйныя спаборніцтвы па дартсе прайшлі 21 сакавіка ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ «Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва».
Паспрабавалі сябе ў гэтым відзе спорту больш за два дзясяткі ўдзельнікаў, барацьба за прызавыя месцы атрымалася ўпартай і захапляльнай. Але найбольш трапнымі былі Зінаіда Аляксандраўна Шатава (трэцяе месца), Лізавета Сяргееўна Вашкевіч (другое месца), а пераможцай спаборніцтваў стала Наталля Іванаўна Бабрук (на здымку — злева направа).
Пераможцы атрымалі дыпломы, але можна сказаць, што насамрэч усе ўдзельнікі аказаліся ў выйгрышы: перамагло імкненне да здаровага ладу жыцця.
Запрашаем усіх жадаючых у наша аддзяленне пазаймацца на трэнажорах, далучыцца да заняткаў у гуртках скандынаўскай хадзьбы і танцавальнай аэробікі. Зрабіце крок да актыўнага даўгалецця!
Алена Астапчык, кіраўнік фізкультурных гурткоў