Акрамя медыцынскіх, арганізацыйных клопатаў, дырэктар ААТ «Санаторый «Ружанскі» Генадзь Адамавіч Сысой усклаў на свае плечы яшчэ і дэпутацкія. Толькі на Ружаншчыне выбаршчыкі два скліканні запар аказвалі яму давер прадстаўляць іх інтарэсы на раённым узроўні. Дагэтуль багаты дэпутацкі вопыт набыў яшчэ ў Лунінцы, дзе жыў і працаваў каля двух дзясяткаў гадоў.
— Як бы там ні было, на першым месцы для мяне стаяць пытанні санаторыя, — гаворыць Генадзь Адамавіч і разам з тым зазначае: — А справы дэпутацкія знаходзяцца ў прамой сувязі з імі.
Сёння санаторый «Ружанскі» знаходзіцца ў спісе 113 атэставаных санаторна-курортных і аздараўленчых устаноў краіны і ў ліку 11 з тых, што маюць вышэйшую катэгорыю (да слова, адзіны на Брэстчыне). Для ружанцаў санаторый — гэта перш за ўсё працоўныя месцы: у калектыве налічваецца каля 230 чалавек, пераважная большасць якіх — мясцовыя жыхары.
— Дэпутацтва дазваляе пазбегнуць ізаляцыі (а гэта часта здараецца сярод маіх калег — кіраўнікоў санаторных устаноў), быць у курсе праблем, якія непакояць людзей.
Для жыхароў гарадскога пасёлка Ружаны, напрыклад, аднымі з самых вострых застаюцца пытанні па медыцыне: за апошнія некалькі гадоў у мясцовай бальніцы па прычыне аптымізацыі скарацілася колькасць не толькі ложкаў, але і ставак спецыялістаў. У тым ліку і па гэтай прычыне ў санаторыі наладжаны медыцынскі прыём як адпачываючых, так і жыхароў пасёлка і раёна. Генадзь Адамавіч тлумачыць:
— Пасялкоўцы маюць магчымасць атрымаць у санаторыі дыягнастычную дапамогу, гінекалагічныя, стаматалагічныя, касметалагічныя паслугі, скарыстацца комплексам аздараўленчых паслуг. Нават баўленне вольнага часу наладжана: цяпер наша кафэ даступна ўсім.
Рэгулярна дэпутат даводзіць да кіраўніцтва і інфармацыю пра стан дарог. Дарэчы, гэта ў тым ліку і яго заслуга, што сёння дарога ад возера Паперня да вёскі Заполле мае асфальтавае пакрыццё.
Бясспрэчна, рэальная дапамога ў многім залежыць ад той пасады, якую займае дэпутат. Але Генадзь Адамавіч перакананы, што народны абраннік павінен быць у першую чаргу актыўным, мець сваю пазіцыю, выказваць сваё меркаванне. Менавіта для таго, каб дэпутат даносіў да ўлады тое, чым жывуць людзі, яму і аказалі давер выбаршчыкі.
Марына Вакульская. Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.