Пятница, 14 февраля 2025

Директор ОАО «Ружаны-Агро»: «Главный ресурс — компетентные специалисты»

1 315

Актуальнае інтэрв’ю з дырэктарам ААТ «Ружаны-Агра» А.М. Бурдуком.

— Андрэй Міхайлавіч, ААТ «Ружаны-Агра» — адно з буйнейшых сельгаспрадпрыемстваў краіны, якое дынамічна развіваецца. За кошт чаго ўдаецца забяспечваць рост эканомікі?
— Пабудавалі ўласны камбікормавы цэх у Калазубах. Выхад яго на праектную магутнасць даў адчувальны эканамічны эфект для гаспадаркі. Дарэчы, гэта найбольш эфектыўны праект, які мы рэалізавалі.
Ідзём па шляху нарошчвання нашых вытворчых магутнасцей. Так з 2014 года дойны статак павялічыўся на 1500 галоў і цяпер налічвае 7100 кароў. Разам з гэтым, павя-лічылі вытворчасць малака і надой яго на карову. Цяпер штодзень мы адпраўляем на перапрацоўку каля 120 тон малака, якое адпавядае самым высокім дзяржстандартам, — гатункам «экстра».
Уласныя камбікармы істотна паўплывалі на прывагі свіней на адкорме і ў цэлым па комплексе.
У 2014 годзе ў пладовым садзе была ўведзена ў дзеянне сістэма кропельнага арашэння, што таксама дало свой плён.
— Сёлета Ружаншчына сустракае ўдзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019». З якімі здабыткамі падыйшло да свята сельгаспрадпрыемства?
— Сабралі 25,8 тысячы тон збожжа пры ўраджайнасці 43,1 ц/га. Алейнага насення рапсу маем 2,8 тысячы тон пры ўраджайнасці 25,5 ц/га.
Калі параўноўваць вытворчасць збожжа са спрыяльным 2014 годам, дзе мы атрымалі яго каля 30 тысяч тон, то неабходна мець на ўвазе, што і пасяўныя плошчы тады былі большыя.
Калі казаць у цэлым, то сёлета мы атрымалі неблагі ўраджай збожжавых і зернебабовых на адносна небагатых землях.
— Андрэй Міхайлавіч, але асновай эканомікі таварыства з’яўляецца жывёлагадоўчая галіна.
— Агульная доля прадукцыі жывёлагадоўлі ў рэалізаванай прадукцыі па выніках работы за 2018 год склала 88%. За першае паўгоддзе бягучага года ў заліковай вазе рэалізавана 22479 тон малака. Прычым 97,4% малочнай прадукцыі адпавядае гатунку «экстра».
Рэнтабельнасць вытворчасці малака складае больш за 50%, а сярэдняя цана яго рэалізацыі — больш за 700 рублёў за тону.
Адправілі на мясакамбінат у першым паўгоддзі 841 тону буйной рагатай жывёлы і 686 тон свіней.
— У гаспадарцы працуе шмат моладзі. Наколькі Вы давяраеце маладым?
— Наш галоўны рэсурс — спецыяліст, які бачыць перспектыву. Сапраўды, у нас працуе шмат моладзі, нават некаторыя галоўныя спецыялісты маюць узрост каля трыццаці гадоў.
Для моладзі мы стараемся стварыць адпаведныя ўмовы для працы і адпачынку. На першы план тут выходзіць жыллёвае пытанне. Сёлета пабудавалі 13 кватэр для сваіх работнікаў у 40-кватэрным жылым доме ў Ружанах. Акрамя гэтага, пабудавалі тры домікі прысядзібнага тыпу. Такім чынам, жыллё сёлета атрымала 16 маладых сем’яў.
— Андрэй Міхайлавіч, якой Вы бачыце перспектыву далейшага развіцця сельгаспрадпрыемства?
— На бліжэйшую перспектыву неабходна далей развіваць малочную жывёлагадоўлю і свінагадоўлю, як галіны валаўтвараючыя па выручцы. Неабходна займацца абнаўленнем машынна-трактарнага парка. Дарэчы, штогод на гэтыя мэты мы накіроўваем каля 2 мільёнаў рублёў. Ну, і безумоўна, будзем будаваць жыллё, каб больш моладзі прыходзіла да нас на працу.
Гутарыў Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.