Четверг, 10 октября 2024

Девятиклассник из Шерешево получил диплом ІІІ степени на областной предметной олимпиаде

859

Ведаеце, што вылучае гэтага сціплага хлопца з ліку іншых школьнікаў раёна? Асаблівыя адносіны да глобуса. Для вучня 9-га класса Шарашоўскай сярэдняй школы Марціна Федаровіча гэты блакітна-зялёна-жоўты шар – не проста школьная прылада.— Гэта паменшаная копія Зямлі! І ўсё, што на ёй адбывалася, больш-менш “зашыфравана” менавіта тут! Зірніце: паўсюль падказкі. Напрыклад, я гляджу на Ціхі акіян — і адразу ўзгадваюцца ўсе падрабязнасці першага кругасветнага падарожжа пад кіраўніцтвам Фернана Магелана. Сібірскія прасторы адносяць маю свядомасць да часоў Ермака. Вялікая белая пляма апошняга геаграфічнага “трафея” — Паўднёвага полюса — раскрывае таямніцы сутычкі паміж брытанскай экспедыцыяй капітана Роберта Скота і нарвежцамі на чале з Руальдам Амундсанам, – кажа пераможца раённага і “бронзавы” прызёр абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі.


Па ўласным прызнанні Марціна — якому, да слова, усяго пяці балаў не хапіла, каб трапіць у фінал, — заўсёды цягнула да прыгодаў. З ранняга дзяцінства яго цікавіла, як уладкаваны зямны шар, як “працуюць” вулканы, чаму рэкі бягуць да мораў і акіянаў і хто з людзей першым іх адкрыў.
— Спачатку адказы на свае пытанні я знаходзіў у дзіцячых энцыклапедыях, потым шмат цікавага даведаўся ў пачатковай школе на ўроках “Чалавек і свет”. Паступова, год за годам, толькі ўмацоўваў думку, што геаграфія – справа ўсяго майго жыцця. І дапамагла ў гэтым мая настаўніца Юлія Іванаўна Валюшка. Яна ўмее па-сапраўднаму зацікавіць вучня сваім прадметам. Слухаць яе – адно задавальненне… Вялікая падзяка ёй за якасную падрыхтоўку да алімпіяды. Лічу, што мае вынікі — гэта, перш за ўсё, яе заслуга, а не мая.
— Ну, не скажы, Марцін! – не згаджаецца з выхаванцам настаўніца. –Такіх дапытлівых і старанных вучняў, як ты, яшчэ пашукаць трэба! Адзінкі здолелі прайсці ўсе тры туры (практычны, тэарэтычны і мультымедыйны тэст) алімпіяды на такім высокім узроўні, як ты. Таму, упэўнена, усе твае планы на будучыню абавязкова спраўдзяцца.
А ў далёкіх планах Марціна Федаровіча — праца над вырашэннем экалагічных праблем зямлі і… узыход на Кіліманджара.
— На глобусе гэта маленькая кропка, — паказвае Марцін, — а ў рэчаіснасці — найвышэйшы вулкан Афрыкі, які быў пазначаны на геагра-фічнай карце Пталямея. Гэты “самацвет”, упісаны ў ландшафт унікальнай афрыканскай прыроды, яшчэ не да канца вывучаны навукоўцамі.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.