Четверг, 17 апреля 2025

ДЭУ-25 — 25 гадоў! Інтэрв’ю з начальнікам дарожнага прадпрыемства Уладзімірам Пунько

724

Здаецца, узрост параўнальна невялікі, але ў дачыненні да ДЭУ-25 сапраўдны «ўзрост» арганізацыі трэба лічыць не гадамі, а справамі. А іх аб’ём даволі ўнушальны.

Дарожнае ўпраўленне абслугоўвае амаль 500 кіламетраў аўтатрас Р-7, Р-44, Р-50, Р-78, Р-81, Р-83, Р-85, Р-98, Р-101, Р-102, якія звязваюць шэраг раёнаў Брэстчыны і часткова закранаюць Гродзенскую вобласць. А ў дадатак да гэтага, як паведамляе начальнік ДЭУ-25 Уладзімір Пунько, на балансе каля сотні мастоў, дзвюх сотняў аўтобусных павільёнаў з пляцоўкамі для прыпынку грамадскага транспарту і амаль 6,5 тысяч дарожных знакаў. І ўсе гэтыя аб’екты ўтрымліваюцца ў належным стане.

— З пачатку бягучага года выдзеленыя на абслугоўванне дарог і прыдарожнай інфраструктуры ліміты асвоены намі ў поўным аб’ёме. А гэта амаль 8 мільёнаў рублёў, з якіх крыху больш за палову пайшло менавіта на аднаўленне цвёрдага пакрыцця трас. У выніку сёлета мы выканалі работ на амаль 130% у параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі. Бягучы рамонт у 2023 годзе выкананы на 3,5 мільёна рублёў, або на 180 з лішнім працэнтаў.

Брыгада асфальтаўкладкі ў складзе машыніста катка Паўла Насыткі, майстра Вячаслава Несцяровіча, дарожнага рабочага Аляксандра Церахава, вадзіцеля Ільі Паўлюсюка, машыністаў Івана Пасько і Аляксандра Барташэвіча (злева направа) штодня аднаўляюць больш за паўтара кіламетра дарогі.

Трэба сказаць, што працягласць абслугоўваемых дарог з сучасным асфальтавым пакрыццём штогод павялічваецца. Сёлета ўведзена ў эксплуатацыю 24 кіламетры з уладкаваннем ахоўнага слою па тэхналогіі Слары Сіл, а таксама каля 14 кіламетраў — з асфальтабетонным пакрыццём.

Новае «адзенне» для дарог рыхтуе калектыў прамбазы ДЭУ-25: вытворца работ Іван Бык, вадзіцель пагрузчыка Васілій Камарас, машыністы змешвальніка Дзмітрый Кот, Дзяніс Падсадны, электрагазазваршчык Віктар Немцаў, апаратчык прыгатавання бітумнай эмульсіі Васілій Глушко (злева направа).

— Уладзімір Іванавіч, наколькі калектыў ДЭУ-25 гатовы да такога аб’ёма работ і ці здолее ён узяцца за павышаныя заданні?

— Працуе ў нас 120 чалавек, кожнага з якіх я магу заслужана назваць прафесіяналам. А як інакш, бо ў нас даволі часта ненармаваны працоўны дзень, з няўстойлівымі пачаткамі змен і амаль што невядомымі іх фіналамі. Таму падобны рэжым могуць вытрымаць сапраўдныя «волаты», тым больш, што працуем на дарозе незалежна ад сезона. А яшчэ дапамагае сур’ёзнае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Філіял аснашчаны магутнай і высокапрадукцыйнай тэхнікай, колькасць якой штогод павялічваецца. Так былі набыты асфальтаўкладачны комплекс Volvo P6820C, комплекс каткоў Hamm, сядзельны цягач, а таксама дарожная фрэза Wirtgen F200W. Для нанясення дарожнай разметкі выкарыстоўваем машыну «Шмель 11а». Такое аснашчэнне дазваляе не толькі спраўляцца са сваімі планамі, але і дапамагаць калегам на ўсёй сетцы аўтадарог РУП «Брэстаўтадар».

Зараз брыгада асфальтаўкладчыкаў ДЭУ-25 працуе ў Камянецкім раёне на дарозе Р102 Высокае-Камянец-Кобрын. Гэта траса даволі запатрабаваная. Таму перад пружанскімі дарожнікамі стаіць задача як мага хутчэй адкрыць рух па ёй. І яны, як сцвярджаюць начальнік участка Дзмітрый Серій і машыніст дарожнай фрэзы Іван Серый (на здымку), абавязкова справяцца.

Прызнаюся, што ў калектыве ДЭУ-25 немагчыма пералічыць лепшых працаўнікоў, бо давядзецца называць усіх. Варта сказаць, што асаблівай пашаны заслугоўваюць тыя спецыялісты, хто адпрацаваў у філіяле працяглы час. У прыватнасці, 21 чалавек мае па 10 гадоў стажу, а 24 работнікі — больш за 20 гадоў.

Памятаем і тых, хто пачынаў ствараць ДЭУ-25, працаваў у ім, а зараз на заслужаным адпачынку. Кожнаму нашаму ветэрану шчыра дзякуем за слаўную працу. Жадаю ўсім дарожнікам, а таксама тым, хто карыстаецца вынікамі нашай працы, сонечнай дарогі, спакойнай язды і добрага настрою на працягу ўсёй трасы.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота аўтара