Воскресенье, 6 октября 2024

Детский сад в деревне Слонимцы отпраздновал свое 50-летие

1 117

Святкаванне 50-годдзя дзіцячага садка ў в.Сланімцы ператварылася ў сапраўднае свята душы для ўсіх, хто сабраўся на юбілей. Букеты з гладыёлусаў, паветраныя шарыкі, выразаныя з паперы белыя птушкі… Утульная зала была як след падрыхтавана да сустрэчы гасцей, і прысутныя з цяжкасцю стрымлівалі эмоцыі ад тэмпераментных танцаў і вясёлых нумароў, падрыхтаваных выхавацелямі і іх падапечнымі. Выхаванцаў у знатнага “юбіляра” няшмат, усяго толькі дзве групы, аднак пазітыўных эмоцый публіцы яны падарылі ўдосталь.
Але аб усім па парадку. Дзіцячы сад № 14 быў створаны роўна 50 гадоў таму ў ведамстве сельскагаспадарчага тэхнікума (толькі ў 1995 годзе сад быў пераведзены на баланс аддзела адукацыі райвыканкама). Спачатку невялічкая тэрыторыя была не добраўпарадкавана і там адсутнічалі зялёныя насаджэнні. Аднак першыя работнікі ўстановы сваімі сіламі ў кароткія тэрміны стварылі ўсе неабходныя ўмовы для выхавання і навучання 35 дзяцей. Менавіта на столькі месцаў быў разлічаны новы садок.
Зінаіда Іванаўна Рабчук, Людміла Аляксееўна Маслоўская, Марыя Аляксандраўна Калмакова, Зоя Іванаўна Малыха, Галіна Іванаўна Ігнашава і многія іншыя прафесіяналы на чале з першай загадчыцай Валянцінай Раманаўнай Рамановіч падымалі на ногі маладую ўстанову, закладвалі яе асновы і традыцыі.
Сотні дзяцей адчулі цяпло і ласку гэтых адданых сваёй высакароднай справе людзей, сотні дзіцячых ножак з радасцю крочылі па сцяжынках садка, каб правесці тут часцінку свайго шчаслівага дзяцінства.
І вельмі прыемна, што ветэраны садка, якія сёння знаходзяцца на заслужаным адпачынку, знайшлі хвілінку і прыйшлі на юбілей. Вельмі цёпла віталі іх маладыя выхавацелі, якія пад кіраў-ніцтвам цяперашняй загадчыцы Вольгі Міхайлаўны Грынюк старанна захоўваюць колішнія “садаўскія” традыцыі. Відавочна, што ўвесь калектыў — ад выхавацеля да тэхработніка — імкнецца зрабіць усё магчымае, каб дзецям у дзіцячым садзе было камфортна, цікава і ўтульна.
— Гледзячы на прыгожыя твары вашых таленавітых выхаванцаў, не памылюся, калі выкажу здагадку, што тут вельмі смачна кормяць дзяцей, — з цёплага жарту пачаў сваё выступленне старшыня раённага Савета дэпутатаў і кі-раўнік раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” М.П.Кудравец. — Відавочна, што тут дзяцей і годна выхоўваюць. Увогуле дзяцінства — гэта самая радасная і светлая пара жыцця, у якую часам хочацца вярнуцца…
Пасля лірычнай прадмовы з пажаданнем здароўя, росквіту і стабільнасці калектыву Мікалай Пятровіч уручыў установе ад райвыканкама і ад Фонду міру каштоўныя падарункі — газонакасілку і развіваючыя цацкі. Словы шчырай удзячнасці прагучалі таксама і ад начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама І.А.Казарэз і метадыста аддзела, куратара ў сферы дашкольнай адукацыі Т.М.Жабрун, якія для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы “юбіляра” перадалі ў дар садку ноўтбук. Не з пустымі рукамі прыйшла на свята і Л.В.Найбіч, прадстаўнік адкрытага акцыянернага таварыства “Пружанскае”, якое на працягу многіх гадоў шэфствуе над дзіцячым садком. Вельмі цёплым было выступленне шматдзетнай мамы Ганны Аляксандраўны Бледных, якая са спакойным сэрцам у верасні прывядзе ў гэты садок ужо сваё пятае дзіця…
Святочны вечар пышных букетаў, урачыстых віншаванняў і шчырых сяброўскіх абдымкаў скончыўся песняй “Мы жадаем шчасця вам” у выкананні ўсіх супрацоўнікаў садка і чаяваннем са святочным тортам. Усе свечкі на ім спрытна затушылі, а гэта значыць, што ўсе жаданні дарослых і дзяцей “маленькай краіны” абавязкова збудуцца.

Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *