На мінулым тыдні ў малой зале Палаца культуры адбылася дыялогавая пляцоўка ў рамках Адзінага дня інфармавання дэпутацкага корпуса з актывам БРСМ і маладзёжным парламентам.
У такой краіне, як Беларусь, не можа быць інакш: тут усё робіцца для людзей як сталага ўзросту, так і моладзі. Усе маюць роўныя правы, карыстаюцца неад’емным правам на годнае жыццё, якое суправаджаецца дастаткам, спакоем, мірным небам над галавой. Тыя ж хлопцы і дзяўчаты атрымліваюць трывалую адукацыю, магчымасць працаўладкавацца па прафесіі, з задавальненнем праводзіць вольны час, стварыць шчаслівую сям’ю, выгадаваць сваіх дзетак годнымі грамадзянамі сваёй краіны. А што яшчэ патрэбна, каб адчуваць сябе чалавекам? Канечне, не толькі карыстацца правамі, але заўсёды помніць пра абавязкі. Калі нешта атрымліваеш, то трэба помніць, што надыдзе час і штосьці аддаваць.
Гэта і было абрана тэмай для гутаркі: чым жыве родная Беларусь, што патрэбна зрабіць, каб наша непаўторная краіна стала яшчэ больш квітнеючай? А пытанні тычацца, у першую чаргу, моладзі, бо ёй на гэтай зямлі жыць і працаваць.
Зусім дарэчы ў такім выпадку дапамога старэйшых, хто мае за плячыма пэўны вопыт, можа падказаць, выказаць слушную думку. На мерапрыемстве ў ролі дарадцаў выступалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч, старшы інспектар аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Алена Зубко і старшыня маладзёжнага парламента Дзяніс Цямчык.
За шчырую, адкрытую размову выказаўся Мікалай Пятровіч, які першы і ўзяў слова на пляцоўцы. Адразу адзначыў, што яму вельмі хацелася б, каб прысутныя маладыя людзі заўсёды помнілі аб сваёй місіі — годна несці званне грамадзяніна незалежнай Беларусі. Год 2024 лагічна падыходзіць да заканчэння. Чым адметны ён для Пружаншчыны і краіны ў цэлым? Старшыня раённага Савета дэпутатаў нагадаў аб 80-годдзі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — святая справа помніць аб жахах Вялікай Айчыннай вайны ўсіх беларусаў, 85 гадоў Брэстчыне, 30-годдзе прыняцця Канстытуцыі рэспублікі і столькі ж гадоў з дня зацвярджэння інстытута прэзідэнцтва. Апошняя падзея вельмі паўплывала на далейшае развіццё краіны, наш Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка змог не толькі захаваць набытае яшчэ ў гады СССР, але і прымножыць багацце Беларусі, здолеў пазбегнуць войнаў, стварыць найлепшыя ўмовы для жыцця свайго народа.
А ўзамен мы павінны таксама думаць пра будучыню і сваёй, і, канечне, краіны, трэба ісці разам толькі наперад, да новых вяршынь, марыць і здзяйсняць задуманае — таксама наказ для маладых людзей. Не забываць і гісторыю, бо на ёй будуецца далейшае развіццё Беларусі.
Як адзначыў яшчэ Мікалай Пятровіч, багацце нашай дзяржавы — гэта не тыя ж алмазы, а людзі, дзеля якіх робіцца ўсё магчымае. У нас ёсць усё для паўнацэннага жыцця. Адсюль і завідкі Захаду: як гэта так, жывуць, смяюцца, радуюцца кожнаму дню? Трэба ўвесці санкцыі! Не атрымалася нічога, жыццё працягваецца. Але кожны з нас павінен быць гатовы стаць на абарону сваёй зямлі, заступіцца за спакой і мір сваіх суайчыннікаў. Як сказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, нам чужога не трэба, але і сваё не аддадзім.
І Пружанскі раён не стаіць убаку ад надзённага жыцця краіны. У нас кіпіць работа, будуецца жыллё, добраўпарадкоўваюцца тэрыторыі, прадпрыемствы і арганізацыі папаўняюцца маладымі спецыялістамі. Дарэчы, у 2026 годзе плануецца запусціць новы кансервавы завод на 1000 працоўных месцаў. Не трэба будзе хлопцам і дзяўчатам шукаць шчасце на чужым, далёкім полі. Наказ ад Мікалая Кудраўца: старайцеся, маладыя людзі, жыць па сумленні, і ўсё ў вас атрымаецца.
Аляксандр Іванавіч пазнаёміў прысутных са справаздачай урада перад Нацыянальным сходам. Для чаго? Каб стала зразумела, што ніякія перашкоды з боку заходніх палітыкаў не спыняць развіццё Беларусі. Эканоміка на ўздыме, развіваецца імпартазамяшчэнне. Знаходзім новыя рынкі збыту, гэта Кітай, Афрыка, разглядаюцца інтэграцыйныя праекты з Расіяй. Жывём, як кажуць, назло ворагам і на радасць матулі.
Ствараецца інфраструктура ў рэгіёнах, рамантуюцца дарогі, сярэдняя заработная плата па рэспубліцы — 2200 рублёў, што дазваляе жыць, не бядуючы, планаваць сваё жыццё, бачыць перспектыву на будучыню.
Дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч расказаў маладым лю-дзям аб перспектывах у сельскай гаспадарцы. Аказваецца, можна жыць і на вёсцы, атрымліваць годныя грошы, ствараць сем’і ў выдзеленых дамах сядзібнага тыпу. Патрэбна толькі жаданне працаваць і быць карысным сваёй Радзіме.
Дваццаць шостага студзеня кожны беларус павінен будзе зрабіць выбар, з кім ісці ў светлую будучыню, умацоўваць Беларусь. Размова пра выбранне Прэзідэнта нашай краіны. Па словах Дзяніса Цямчыка, святы абавязак кожнага грамадзяніна прыйсці ў вызначаны дзень на выбарчы ўчастак і сказаць сваё слова за спакойнае і шчаслівае жыццё на роднай зямлі. Галасаванне — гэта таксама праяўленне патрыятызму, бо нам неабыякава, хто будзе абараняць нашы інтарэсы на міжнароднай арэне, клапаціцца пра жыццё свайго народа. Таму, маладыя людзі, зрабіце правільны выбар, каб і надалей жыць у спакойнай і прыгожай краіне.
Удзельнікамі дыялогавай пляцоўкі таксама сталі члены дзіцяча-падлеткавага парламента, які ўзначальвае 11-класніца з СШ № 4 г. Пружаны Мілана Сідарук, і дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Пухнарэвіч, якая курыруе дзейнасць дадзенай арганізацыі. Для вучняў таксама карысна ведаць, чым жыве родная краіна, што яе хвалюе. Бо пройдзе мала часу і ім самім патрэбна будзе ўносіць лепту ў развіццё Беларусі, свайго мілага куточка.
І тут старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец задаў падлеткам пытанне: як лічыце вы, чаго на дадзены момант не хапае, напрыклад, Пружанам? За ўсіх навучэнцаў адказала Мілана Сідарук: кінатэатра пад адкрытым небам, танцавальнай пляцоўкі і зоны для пікніка. Што ж, у маладых сваё бачанне ўладкаванасці жыцця. Ёсць магчымасць дадзеныя прапановы рэалізаваць. Трэба толькі ўдзельнічаць у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Таксама Алена Міхайлаўна вынесла сваю прапанову: з жывога кутка, які існуе ў цэнтры творчасці, зрабіць экалагічны модуль, разжыцца тымі ж рыбкамі, каб можна было праводзіць урокі па біялогіі ці проста дзеці прыходзілі палюбавацца на жывых істот, вучыліся іх даглядаць. Справа добрая, застаецца яе ўвасобіць у жыццё.
Калі ты гаворыш, што з’яўляешся грамадзянінам сваёй краіны, то гэта павінны быць не пустыя словы, а падмацаваныя справай. Вучыся на выдатна, працуй толькі на рэзультат, жыві па сумленні. Толькі так можна чалавекам быць, мець права беларусам звацца. Помніць гэта трэба моладзі, для якой усё і створана ў краіне буслоў і азёр — Беларусі.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік