Суббота, 18 января 2025

Дэпутаты палаты прадстаўнікоў і старшыня раённага аб’яднання ГА «Белая Русь» наведалі Шарашоўскі дом-інтэрнат і перадалі падарункі для пацыентаў (+ відэа)

1 142

Пытанні сацыяльнай палітыкі і аховы здароўя ў нашай краіне заўсёды ў прыярытэце. Датычыцца гэта і каранавіруса. Зараз, ужо ў чацвёртую яго хвалю, дапамогі па-ранейшаму чакаюць тыя, хто знаходзіцца ў асаблівай групе рызыкі – пажылыя людзі і інваліды.

Выдатна разумеюць гэта дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Брэстчыны. Калі падчас першай хвалі яны дапамагалі Кобрынскаму дому-інтэрнату, то ў панядзелак наведалі псіханеўралагічны дом-інтэрнат у Янаўшчызне.

Сюжэт тэлеканала » Беларусь 4. Брэст».

Гэтая асаблівая, але такая неабходная ўстанова з’явілася на карце раёна ў далёкім 1959 годзе. Дырэктар Мікалай Дрозд працуе тут 27 гадоў, сем з якіх — на пасадзе кіраўніка. Расказвае, што ў шасці карпусах зараз пражывае 286 чалавек. Самаму малодшаму – 18, найстарэйшаму – 94 гады. Хтосьці знаходзіцца тут часова, а для некаторых інтэрнат стаў сапраўдным домам. Менавіта таму для людзей стараюцца стварыць максімальна камфортныя ўмовы. Працуюць кабінеты ЛФК і фізіятэрапіі, ёсць уласная падсобная гаспадарка. Госці звярнулі ўвагу і на чысціню тэрыторыі. Гэта таксама вынік шчырай працы людзей. У пакоі працатэрапіі дэпутаты азнаёміліся з вырабамі, якія робяць пацыенты.

Асаблівую ўвагу ў доме-інтэрнаце надаюць прафілактыцы COVID-19. Апошнія два гады работнікі працуюць то ў каранціне, то вахтавым метадам. Зразумела, размяжоўваюцца патокі пацыентаў, людзей просяць захоўваць сацыяльную дыстанцыю, а яшчэ раяць вакцынавацца. Да гэтых парад прыслухоўваюцца. Першую прышчэпку зрабіла 99% насельнікаў інтэрната, зараз ідзе рэвакцынацыя тых, хто прышчапіўся раней. Таму і падарункі, з якімі завіталі дэпутаты, былі вельмі дарэчы. Яўген Зайцаў (Брэсцкая-Пагранічная акруга №4), Жанна Стаціўка (Белавежская акруга №8), Людміла Жалнерчык (Баранавіцкая сельская акруга №7), Анатоль Дашко (Брэсцкая-Усходняя акруга №3) і Аляксандр Ляўчук (Пружанская акруга №9) уручылі дому-інтэрнату тэрмачамадан для транспарціроўкі вакцыны, а таксама бактэрыцыдны падлогавы апраменьвальнік.

Не засталася ўбаку і раённая арганізацыя ГА «Белая Русь». Яе кіраўнік Таццяна Кашкан перадала інтэрнату сродкі індывідуальнай абароны.

Важным пунктам візіту стала гутарка дэпутатаў з работнікамі дома-інтэрната. Яўген Зайцаў адзначыў, што пытанні сацыяльнага забеспячэння насельніцтва вывучаюцца дэпутатамі па даручэнні старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі. А вось аказанне дапамогі такім установам, як Шарашоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат, – даручэнне Кіраўніка дзяржавы. Жанна Стаціўка расказала пра дзейнасць Палаты прадстаўнікоў. У ёй створана 14 камісій, у кожнай – свой накірунак. Але асноўная дзейнасць дэпутацкага корпуса – стварэнне заканадаўчай базы. Напрыклад, зараз рыхтуюцца карэкціроўкі ў Закон па сацыяльным абслугоўванні і Працоўны кодэкс. Амаль падрыхтаваны да другога чытання, па словах Жанны Уладзіміраўны, Закон аб правах інвалідаў і сацыяльнай інтэграцыі. У планах на 2022 год — работа над Законам аб ветэранах, унясенне паправак у які выкліча і неабходнасць карэкціроўкі Закона аб сацыяльных гарантыях. Будуць працаваць народныя абраннікі таксама над Законамі аб занятасці і знешняй міграцыі.

Магчымасцю агучыць дэпутатам набалелае пытанне скарыстаўся ўрач-тэрапеўт дома-інтэрната Анатоль Сенькавец. Як адзначыў спецыяліст, зараз ва ўстанове два ўрачы, і абодва – пенсіянеры. Неаднаразова яны разам з дырэктарам выязджалі ў медыцынскія ВНУ, каб даць магчымасць размеркавацца ў Янаўшчызну маладым спецыялістам. Але… у першую чаргу, урачы накіроўваюцца ў медустановы, ды і аддаленасць дома-інтэрната ад райцэнтра, адсутнасць падвозу і ўласнага жылля адыгрываюць сваю ролю. Таму Анатоль Дзянісавіч прапанаваў замацаваць заканадаўча, каб частка маладых урачоў ішла на адпрацоўку ў дамы-інтэрнаты.

Напрыканцы сустрэчы Людміла Жалнерчык, на тэрыторыі выбарчай акругі якой размешчана тры дамы-інтэрнаты, шчыра падзякавала ўсім, хто працуе ў Янаўшчызне. А яшчэ пажадала моцнага здароўя, вытрымкі і мужнасці ў рабоце на карысць людзям.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Вялікі фотарэпартаж з дома-інтэрната тут: https://ok.ru/budni/album/931188150664