Прыкладам у адносінах да сваіх абавязкаў з’яўляюцца жыхары в. Н. Засімавічы Аляксандр Рудзіч, які вось ужо чатыры гады з’яўляецца дэпутатам Навазасімавіцкага сельскага Савета, са студзеня 2020 года – і старастам гэтай вёскі, а таксама Ірына Шпінёва, дэпутат гэтага ж мясцовага Савета.

Хтосьці можа заўважыць, што, займаючы дадзеныя пасады, цяжка перанапружыцца. Магчыма, але толькі ў тым выпадку, калі свае абавязкі выконваць фармальна. Чаго не скажаш пра Аляксандра Барысавіча.
Ён — чалавек справы. Сказаў – зрабіў. Стараецца падтрымліваць у належным стане дваровыя тэрыторыі, адрамантаваў дзіцячую пляцоўку. Падчас вясенне-летняга сезона абкошвае месцы агульнага карыстання. Да яго, як да старасты і дэпутата, звяртаюцца людзі, якім ён па меры магчымасці стараецца дапамагчы як словам, так і справай. Рамантуе лавачкі, вырашае пытанні з выдаленнем аварыйных дрэў, займаецца абрэзкай кустоўя. Не пакідае па-за ўвагай пытанні вулічнага асвятлення, не адмаўляе нават тады, калі просяць уставіць дзвярны замок.
Усё праўдзіва сказана, але і на гэтым Аляксандр Рудзіч не спыняецца. Яго наогул хвалюе ўсё, што звязана з роднай вёскай, з яе бытам. Таму рэгулярна праводзіць прафілактычныя гутаркі з нядобранадзейнымі грамадзянамі, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета. Калі патрэбна згуртаваць людзей на нейкую добрую справу, сельвыканкам у поўнай меры зноў жа можа разлічваць на Аляксандра Барысавіча. Пры яго ўдзеле вырашалася пытанне аб пашырэнні стаянак каля дамоў, зборы грашовых сродкаў на ўсталяванне плоту на могілках у в.Парасляны.
Будзем спадзявацца, што сіл на добрыя справы Аляксандру Рудзічу хопіць яшчэ на доўгія гады.
Сама работа (а працуе яна ў ваенным камісарыяце Пружанскага раёна) дапамагае жанчыне займацца патрыятычным выхаваннем падрастаючага пакалення, што вельмі актуальна ў цяперашні час. Яна даносіць інфармацыю пра тое, што зараз адбываецца ў краіне і за яе межамі. Такое супрацоўніцтва цесна наладжана з ДУА “Параслянская СШ”.

Раз у квартал у сельвыканкаме праводзіцца пасяджэнне сельскага Савета дэпутатаў, падчас якога робіцца справаздача аб праведзенай рабоце, плануецца, чым будуць займацца далей, што трэба выканаць у першую чаргу. Кожны месяц праходзіць пасяджэнне пункта аховы грамадскага правапарадку. На яго запрашаюцца нядобранадзейныя грамадзяне, з якімі праводзіцца прафілактычная работа. Непасрэдны ўдзел у пасяджэннях прымае і Ірына Дзмітрыеўна.
Даводзіцца разглядаць і асабістыя пытанні грамадзян, у прыватнасці, аб рамонце пад’ездаў у шматкватэрных дамах. Тут на дапамогу прыйшло КУВП “Камунальнік”. Ды і наогул часам дастаткова выслухаць чалавека, каб апошняму стала лягчэй на душы. А гэта таксама трэба ўмець рабіць.
Аляксандр Барысавіч Рудзіч пра рэферэндум 27 лютага 2022 г.:
— Для мяне важным з’яўляецца той факт, што Канстытуцыяй гарантуецца захаванне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне. Мы павінны помніць пра тыя падзеі і ні ў якім разе не дапусціць, каб гісторыя таго часу перапісвалася, бо ў дадзеным выпадку гэта непавага ў дачыненні да тых, хто даў нам магчымасць шчасліва жыць і працаваць. Прыемна, калі дзяржава клапоціцца пра шматдзетныя сем’і (сын мае трох дзетак), даюцца сацыяльныя гарантыі ў тым плане, што яны не застануцца сам-насам са сваімі праблемамі.
Ірына Шпінёва:
— Чалавек адчувае сябе паўнавартасным грамадзянінам сваёй краіны, калі захоўваюцца яго правы і свабоды, асновы прававой дзяржавы і сацыяльна справядлівага грамадства, што і гарантуе Асноўны Закон. Мы – мірная і гасцінная краіна. Таму ўсё гэта мы павінны зберагчы і зрабіць так, каб кожны адчуваў сябе на нашай зямлі шчаслівым чалавекам.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік